Майго дзядулю ўсе звалі Дзед Мароз, проста прозьвішча ў яго было такое. Таму пытаньня «Дзед Мароз — сапраўдны?» для мяне не існавала. Ён быў самы сапраўдны, самы добры і самы вясёлы. Нават нарадзіўся, як і належыць Дзеду Марозу, пад Новы Год, у сьнежнi.
Жаданьне і ўменьне жартаваць — адна зь ягоных неспасьціжных таямніцаў.
Рэпрэсіі, страта бацькі, брата, Сыбір, падлетак на вайне, цяжкія раненьні... Такім было ягонае жыцьцё.
Усьмешкі, жарты-прымаўкі, любімы трафэйны гармонік... Такім запомніўся.
Аднойчы яго не стала. Ён сышоў у студзені, пасьля Новага Году. Як і належыць самаму сапраўднаму Дзеду Марозу.
(Лі. К.)
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас maksymiukj@rferl. org. Аўтарства чытацкіх допісаў пазначым, ганарараў плаціць ня будзем.