Портнікаў: Расея падышла да мяжы выжываньня і ня зможа карміць Лукашэнку

Віталь Портнікаў

«Раней Расея заўжды магла „заліць беларускі пажар“ расейскімі грашыма і рэсурсамі, — кажа ўкраінскі палітоляг Віталь Портнікаў, — Але неўзабаве надыдзе дзень, калі Расея ня зможа ўжо адказваць на шантаж Лукашэнкі, а пачне змагацца зь ім як зь непажаданым партнэрам».

Экспэрт мяркуе, што кіраўнік Беларусі працягвае звыклую практыку шантажаваць Расею ў абмен на прэфэрэнцыі.

Украінскі палітоляг Віталь Портнікаў наўпрост называе «антырасейскія выпады» беларускага кіраўніка «шантажом» і просіць ня блытаць іх з самастойнасьцю і сьмеласьцю. Напярэдадні свайго візыту ў Маскву Аляксандр Лукашэнка назваў палітыку абмежаваньня паставак беларускіх прадуктаў у Расею «дурной і бязглуздай» і запатрабаваў разьлікаў з Расеяй у валюце.

У «ельцынскі» пэрыяд, нагадвае Портнікаў, Лукашэнка ўжываў палітычны ціск і браў на сябе ролю альтэрнатыўнага палітычнага куміра, нават дазваляючы сабе сустракацца з кіраўнікамі расейскіх рэгіёнаў. Пры Пуціне Аляксандар Лукашэнка перайшоў да ціску эканамічнага.

Віталь Портнікаў: «Расея не дае магчымасьці Беларусі пастаўляць эўрапейскія тавары ў беларускіх упакоўках на расейскі рынак, а Лукашэнка ўводзіць абмежаваньні на расейскі транзыт з Калінінградзкай вобласьці празь Беларусь.

Ідучы сваім звыклым шляхам, Лукашэнка не ўлічвае, што ў Расеі проста ня хопіць грошай, каб абслугоўваць амбіцыі Аляксандра Лукашэнкі

Расея забараняе транзыт зь Беларусі ў Казахстан, а Лукашэнка выступае з заявай пра магчымасьць трансьляцыі Першага нацыянальнага канала ў Беларусі. Расея кажа пра небясьпеку такіх паводзінаў, а Лукашэнка сустракаецца з Парашэнкам і дамаўляецца пра беларуска-ўкраінскае тэлевізійнае вяшчаньне», — прыводзіць прыклад Портнікаў.

Аднак, заўважае палітоляг, ніводнае з гэтых рашэньняў не зьяўляецца канчатковым, і кожнае зь іх можа застацца на ўзроўні дэклярацый.

Ідучы сваім звыклым шляхам, Лукашэнка не ўлічвае, што ў Расеі проста ня хопіць грошай, каб абслугоўваць амбіцыі Аляксандра Лукашэнкі, і ў гэтым галоўнае стратэгічнае адрозьненьне цяперашняй сытуацыі, лічыць Портнікаў.

«Раней Расея заўжды магла заліць беларускі пажар расейскімі грашыма, рэсурсамі, сродкамі. Але праз тыдзень, ці празь месяц, ці праз два, але абавязкова наступіць дзень, калі ў Расеі ня будзе сродкаў, каб задавальняць беларускія патрэбы.

Расея можа ўжо не адказваць на шантаж Лукашэнкі, а пачаць змагацца зь ім як з непажаданым партнэрам

Расейская Фэдэрацыя падышла да мяжы свайго эканамічнага і палітычнага выжываньня. Усе дзеяньні, якія робіць Расея для пераадоленьня фінансавага крызісу, насамрэч прывядуць да абвастрэньня эканамічнага крызісу, да канчатковага краху расейскай эканомікі, да сур’ёзных выпрабаваньняў. А магчыма, і да зьнікненьня палітычнага рэжыму і перафарматаваньня расейскай дзяржавы ўсьцяж да яе зьнікненьня з палітычнай мапы сьвету ў цяперашніх палітычных межах.

Можа быць такое, што Лукашэнка будзе шантажаваць Расею, а яна нічым ня зможа адказаць. Будзе проста закрываць межы, праводзіць дывэрсійныя акцыі ў Беларусі, каб зрынуць Лукашэнку і паставіць больш ляяльнага кіраўніка.

Расея можа ўжо не адказваць на шантаж Лукашэнкі, а пачаць змагацца зь ім як з непажаданым партнэрам».