Рашэньне Расеі два гады таму забараніць амэрыканцам усынаўляць расейскіх дзяцей перашкодзіла больш за 250 сіротам узьяднацца са сваімі патэнцыйнымі сем’ямі ў Злучаных Штатах. Карэспандэнтам Радыё Свабода ўдалося адшукаць некаторых з гэтых дзяцей.
Віталь
Віталь быў пакінуты пры нараджэньні.
З сындромам Даўна і небясьпечнай для жыцьця хваробай сэрца пэрспэктывы хлопца ў дзіцячым доме выглядалі бязрадасна.
Удача прыйшла нечакана ў кастрычніку 2012 году, калі амэрыканская пара наведала яго ў ягоным дзіцячым доме ў Маскве. Джэні і Арон Моеры заявілі, што яны хацелі б стаць бацькамі Віталя і паабяцалі вярнуцца па яго ў найбліжэйшым часе.
«Ён аднойчы ледзь не памёр, яшчэ да пачатку працэсу ўсынаўленьня, таму мы былі вельмі рады, што знайшлі бацькоў для яго», — кажа Алена Сінкевіч, якая працавала ў агенцтве па ўсынаўленьні ў ЗША і зьвяла Моераў зь Віталём.
Мінула два гады, і Віталь, якому цяпер 6 гадоў, па-ранейшаму жыве ў дзіцячым доме.
Ён — адзін з 259 расейскіх дзяцей-сіротаў, усынаўленьне якіх амэрыканскімі сем’ямі было спынена законам, падпісаным прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным 28 сьнежня 2012 году.
Віталь застаўся ў дзіцячым доме зь некалькімі сямейнымі фатаграфіямі Моераў і парушаным абяцаньнем.
Моеры падалі скаргу ў Эўрапейскі суд па правах чалавека, але іхныя шанцы атрымаць калі-небудзь права апекі над Віталём, якога яны лічаць сваім сынам, вельмі нязначныя.
«Абсалютна жахлівы закон»
Забарона ўсынаўленьня выклікала міжнароднае абурэньне; абаронцы правоў чалавека абвінавацілі расейскія ўлады ў тым, што яны прынесьлі дзяцей у ахвяру сваім палітычным мэтам.
Сінкевіч кажа, што ў дзяцей такіх, як Віталь, «амаль няма шанцаў» у Расеі, дзе большасьць дзіцячых дамоў вельмі дрэнна абсталявана, а пэрсанал часта непадрыхтаваны да догляду за дзецьмі з асаблівымі патрэбамі.
Віталь змог атрымаць кардыёстымулятар толькі пасьля таго, як дырэктарка ягонага першага дзіцячага дому сабрала грошы ад прыватных донараў.
Барыс Альтшулер, вядомы расейскі абаронца правоў дзіцяці, кажа, што Масква зрабіла «жудасную памылку», уводзячы гэтак званы «закон Дзімы Якаўлева» — названы так на памяць аб расейскім хлопчыку, які памёр у 2008 годзе пасьля таго, як ягоны амэрыканскі прыёмны бацька ненаўмысна пакінуў яго ў перагрэтым аўтамабілі.
«Гэта абсалютна жахлівы закон, — кажа Альтшулер, які ўзначальвае няўрадавую арганізацыю па правах дзяцей. — Нашы дэпутаты і палітыкі не маглі зрабіць нічога горшага для дзяцей».
Забарона была ўведзеная як «адплата» за закон ЗША, што наклаў санкцыі на расейскіх чыноўнікаў, якія падазраваліся ў дачыненьні да сьмерці ў турме расейскага юрыста Сяргея Магніцкага.
У цяперашні час у Расеі больш за 600 тысяч дзяцей-сіротаў; кожнае чацьвёртае зьяўляецца дзіцём з асаблівымі патрэбамі або пакутуе ад нейкай хваробы.
Тэма табу
Да 2013 году Злучаныя Штаты былі былі першай краінай па статыстыцы ўсынаўленьня расейскіх дзяцей — за апошнія два дзесяцігодзьдзі сем’і ў ЗША ўзялі больш за 60 тысяч расейскіх дзяцей-сіротаў, сярод іх было шмат з асаблівымі патрэбамі.
Праваабаронцы таксама занепакоеныя сакрэтнасьцю, якой ахутаная доля дзяцей-сіротаў, усынаўленьне якіх амэрыканцамі было перапынена законам.
Альтшулер кажа, што ён ня мае амаль ніякай інфармацыі аб гэтых дзецях і падазрае, што ўлады наклалі «табу» на гэтую тэму.
Сінкевіч не была ў стане высьветліць, дзе цяпер знаходзіцца Віталь.
«Мы баімся ўвесь час за ягонае жыцьцё, кожны дзень, таму што было ўжо некалькі выпадкаў, калі яго кардыёстымулятар спыніўся», — кажа яна.
Дырэктарка былога дзіцячага дому Віталя, якая дапамагла купіць кардыёстымулятар для хлопца, пацьвердзіла, што Віталь жывы і здаровы, але сказала, што ня можа раскрыць яго месцазнаходжаньне.
Сінкевіч працавала з шасьцю выпадкамі ўсынаўленьня амэрыканскімі сем’ямі, калі Расея ўвяла іх забарону. Ніводнае з тых шасьці дзяцей-сіротаў не патрапіла ў ЗША.
Паводле інфармацыі, якую яна змагла атрымаць зь дзіцячых дамоў, чацьвёра з гэтых дзяцей удалося разьмясьціць у расейскіх сем’ях — гэты посьпех яна зьвязвае з інтэнсіўным асьвятленьнем пытаньня ў СМІ пасьля ўвядзеньня забароны.
Шосты сірата, малы з сындромам Даўна, якога завуць Дзьмітрыем, застаецца ў дзіцячым доме.
«Пахаваная ў сяле Федзякова»
Як мінімум адно дзіця, таксама з сындромам Даўна, як паведамляецца, памерла пасьля адмовы выслаць яго да сям’і ў Злучаных Штатах.
Гэтае дзіця, Дар’я, ніколі не сустрэлася са сваімі магчымымі бацькамі ў ЗША. Забарона зьявілася яшчэ да таго, як яны змаглі наведаць яе ў дзіцячым доме каля Ніжняга Ноўгараду.
Расейскія чыноўнікі катэгарычна абверглі паведамленьні, што Дар’я памерла летась ад сардэчнай хваробы.
Але добраахвотнікі і патэнцыйныя амэрыканскія бацькі Дар’і кажуць, што ў іх ёсьць інфармацыя аб сьмерці дзяўчынкі.
«Дактары зрабілі ўсё, што ў іх моцы, яна прайшла некалькі сур’ёзных апэрацый на сэрцы, — кажа Вераніка Генкіна, журналістка ў Ніжнім Ноўгарадзе, якую аб гэтым выпадку праінфармавалі прадстаўнікі мясцовых уладаў на ўмовах ананімнасьці. — Паводле добраахвотнікаў, яе сьмерць застала ўсіх зьнянацку. Даша пахаваная ў сяле Федзякова».
Дырэктар дзіцячага дому Дар’і адмовіўся камэнтаваць гэты выпадак.
Дзіцячы дом № 13 у Санкт-Пецярбургу зьяўляецца адной з рэдкіх установаў гэтага тыпу, якія дзеляцца падрабязнай інфармацыяй пра дзяцей, якіх не ўдалося ўсынавіць амэрыканскім сем’ям.
Чацьвёра з 33 дзяцей, усынаўленьне якіх амэрыканцамі разладзілася два гады таму, паходзяць якраз з гэтага дзіцячага дому.
Трое з гэтых дзяцей удалося памясьціць у новых сем’ях у Расеі.
Удачлівыя
Яна, дзяўчынка з сындромам Даўна, была ўзятая расейскай парай, якая нядаўна ўсынавіла яшчэ адну сірату з такой самай хваробай.
Сьвятлане, якой было ўсяго некалькі месяцаў, калі «закон Дзімы Якаўлева» ўступіў у сілу, удалося знайсьці новы дом у Расеі пасьля апэрацыі па перасадцы печані.
«Дзякуючы таму, што гісторыя Сьветы была агучаная ў СМІ, знайшлася расейская сям’я, — кажа Марыя Саладунава, псыхоляг ў дзіцячым доме. — Яны прынялі яе пасьля апэрацыі і цяпер выхоўваюць разам са сваёй уласнай, біялягічнай дачкой».
Цімафей, яшчэ адзін малы з сындромам Даўна, таксама знайшоў дом.
Як і Віталь, ён ужо пасьпеў сустрэцца са сваімі магчымымі бацькамі ў ЗША, калі была прынятая забарона ўсынаўленьня амэрыканцамі.
«У яго былі фатаграфіі гэтай сям’і, ён любіў паказваць іх наведнікам, ён быў шчасьлівы, калі паказваў сваю новую сям’ю, — успамінае Саладунава. — На жаль, новы закон пазбавіў тую амэрыканскую сям’ю любой магчымасьці прыняць гэтае дзіця ў свой дом».
Відэаматэрыял зь Цімафеем, які сумна разглядае фатаграфіі яго амэрыканскай сям’і, шырока трансьляваўся ў Расеі, і сірата неўзабаве атрымаў мянушку «хлопчык з альбомам».
Саладунава кажа, што гэта дапамагло Цімафею выцягнуць свой «шчасьлівы білет». Яго біялягічныя бацькі ўрэшце вырашылі ўзяць яго назад — яны застаюцца ў цесным кантакце зь сям’ёй у ЗША, якая плянавала ўсынавіць яго.
«Гэта ўнікальны выпадак, калі дзіця было у стане знайсьці не адну сям’ю, а дзьве», — кажа Саладунава.
Дзеці-матылькі
Маленькаму Мікалаю не пашанцавала.
Трохгадовы хлопчык пакутуе ад булёзнага эпідэрмозу, цяжкай хваробы скуры, якая патрабуе інтэнсіўнага штодзённага дагляду. Маладыя пацыенты вядомыя пад мянушкай «дзяцей-матылькоў», з увагі на далікатнасьць сваёй скуры.
«Мы разглядалі сям’ю, якая вырашыла прыняць Мікалая незадоўга да зьяўленьня гэтага закону, як ягоны адзіны шанец. У гэтай сям’і былі сябры, якія ўсынавілі дзіця з булёзным эпідэрмозам з маскоўскага дзіцячага дому, так што гэта было цалкам сьвядомае рашэньне зь іх боку. На жаль, усё правалілася».
Мікалай застаецца ў Дзіцячым доме № 13.
Расейскі дзіцячы амбудсмэн Павел Астахаў насамрэч заклікаў Крэмль пашырыць забарону ўсынаўленьня на іншыя краіны.
Вядомы сваёй цьвёрдай падтрымкай Пуціна, Астахаў назваў міжнароднае ўсынаўленьне расейскіх дзяцей-сіротаў «паўлегальнай схемай экспарту дзяцей».
«Ёсьць такая расейская народная прымаўка: чым далей ад цара, тым цалейшая галава, — кажа абаронца дзіцячых правоў Альтшулер. — Гэтыя малыя, гэтыя дзеці-інваліды апынуліся занадта блізка да цара, да вялікай палітыкі і да руплівасьці нашых дэпутатаў. Яны апынуліся настолькі блізка, што цяпер мы пра іх нічога не даведаемся».
Гісторыя Івана: з Амэрыкі зь любоўю
А вось гісторыя хлопчыка, якога пасьпелі ўсынавіць амэрыканскія бацькі.
Your browser doesn’t support HTML5