Актывіст з Гомеля Юрый Рубцоў, якога абвінавацілі ў абразе судзьдзі, будзе адбываць пакараньне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёну.
Цяпер ён праходзіць працэдуру афармленьня ў камэндатуры, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Рубцоў быў прызнаны вінаватым у злачынстве, прадугледжаным артыкулам 391 Крымінальнага кодэкса — абраза судзьдзі або народнага засядацеля. 6 кастрычніка 2014 года ў судзе Цэнтральнага раёну Менска судзьдзя Натальля Вайцэховіч агучыла прысуд — два з паловай гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу. Адзін год з гэтага тэрміну быў скасаваны па амністыі, таму для адбыцьця пакараньня засталося паўтары гады.
21 лістапада Менскі гарадзкі суд, разгледзеўшы скаргу Юрыя Рубцова, пакінуў прысуд актывісту без зьменаў, а скаргу без задавальненьня.
28 красавіка 2014 года ў судзе Савецкага раёна Мінска разглядалася адміністратыўная справа Юрыя Рубцова, які быў затрыманы на дазволенай уладамі акцыі «Чарнобыльскі шлях». Пад час працэсу Рубцоў, якога ў суд даставілі напаўаголеным і без акуляраў, падаваў заўвагі да пратакола судовага паседжаньня, якое вёў судзьдзя суду Савецкага раёна Менска Кірыл Палулех, аднак суд не прыняў іх да ўвагі. Больш за тое, Кірыл Палулех палічыў словы Рубцова за абразу і падаў заяву ў суд.