Мая Абромчык: Як я магу шкадаваць?
У 2010 была студэнткай гістфаку. Падчас Плошчы супрацоўнік АМАП зламаў ёй нагу; зь СІЗА яна трапіла ў шпіталь. Цяпер навучаецца ў Польшчы.
«У мяне ўсё добра: скончыла гістфак, працавала пасьля. Цяпер вучуся ў дактарантуры па паліталёгіі ў Польшчы. Справа мая ня скончылася, яна прыпыненая, а мая скарга цяпер разглядаецца ў Эўрапейскім судзе па правах чалавека і, думаю, будзе разглядацца яшчэ пару гадоў.
Пералом зросься, але ён быў вельмі складаны, і, канечне, на 100% аднавіцца ўжо немагчыма. Але я стараюся.
Як я магу шкадаваць? Гэта нельга пражыць наноў. Але калі б гэтага не было, напэўна, лёс мог скласьціся па-іншаму: я б не зразумела некаторых рэчаў, не зьмяніла б стаўленьне да некаторых людзей і ўвогуле не перагледзела б сваю жыцьцёвую пазыцыю.
Я зрабілася больш самастойнай і навучылася спраўляцца зь цяжкасьцямі, цяпер я іду да сваіх мэтаў, і падаецца, што мне ўжо нічога ня будзе перашкаджаць. А раней я была ня вельмі ўпэўненая ў сваіх сілах і, можа, ня вельмі дарослая.
Калі нават у такіх складаных сытуацыях, як было, маё жыцьцё ня заканчваецца, і зь іх неяк выходзіш, то праблемы на працы ці вучобе ўжо не падаюцца такімі складанымі».
Павал Вінаградаў: Галоўная падзея за чатыры гады — вясельле ў калёніі № 22
Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Павал Вінаградаў быў асуджаны на 4 гады зьняволеньня за ўдзел у масавых беспарадках 19 сьнежня.
«Найперш згадаю, што неўзабаве пасьля вызваленьня з калёніі мы з хлопцамі стварылі „Зьмену“, правялі шэраг крэатыўных акцыяў. За гэты час у маім жыцьці было прыкладна 16 адміністрацыйных арыштаў, адбыў 2,5 гады нагляду. Пасьля арышту былі Валадарка і калёнія. Дзякуй Богу, гэта ўсё заняло ня больш за 8 месяцаў, але калі палічыць агулам з Акрэсьціна — за 4 гады ў вязьніцах адбыў амаль паўтара гады. Але не скажу, каб вельмі моцна з-за гэтага перажываў. Вось цяпер пераехаў да бацькі ў Беразіно, каб не адправілі на прымусовае лячэньне ў ЛТП. Тут неяк наладжваю свой побыт; перамена абстаноўкі — гэта ў любым выпадку цікава і карысна. А недзе праз паўгоду пасьля тых выбараў я ажаніўся. Вясельле адбылося ў калёніі № 22. Гэта было такое андэграўндавае вясельле ў стылі мінімум; мне вельмі спадабалася і маёй жонцы таксама. Відаць, гэта адна з галоўных падзеяў, ды, хутчэй за ўсё, і самая галоўная».
Мікіта Ліхавід: «Грамадзтва шакавала мяне ў добрым сэнсе»
У 2010 годзе студэнт трэцяга курсу юрыдычнага факультэту Інстытуту кіраваньня ў Менску Мікіта Ліхавід быў абвінавачаны ва ўдзеле ў «масавых непарадках» і асуджаны на 3,5 гады турмы.
«Першы час па выхадзе было крыху цяжка перабудавацца на вольны лад жыцьця. А ў іншым усё засталося па-ранейшаму: з кім кантактаваў, з тым і працягваў кантактаваць, а з кім не — то і не. Першы час пазнавалі на вуліцы, з участковым пазнаёміўся. А таксама пазнаёміўся зь вельмі многімі цікавымі і годнымі людзьмі, знаёмства зь якімі адбылося значна раней, чым гэта адбылося б без турмы. Тое, што быў і бачыў у турме, дае мне цяпер палёгку ў справе абароны правоў зьняволеных, бо ўсё, што адбываецца зь вязьнямі, я прайшоў сам і зьведаў непасрэдна. Вельмі ўразілі многія турэмныя „бандыты“: зьдзіўляла нават, што гэтыя людзі былі ў турме, незразумела было, за што яны там знаходзяцца.
Многія рэчы пачаў ацэньваць па-іншаму: да прыкладу, што людзі кажуць і што робяць насамрэч — наколькі суадносяцца словы зь дзеяньнямі. Калі агулам падвесьці вынік, то нашае грамадзтва — шакавала мяне. У лепшым сэнсе гэтага слова».
Ірына Халіп: Сын сёлета пайшоў у школу
Журналістка «Новой газеты» (Расея) Ірына Халіп была асуджаная на 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай у 2 гады.
«Мяркую, у маім жыцьці за гэты час зьмянілася ўсё. 19 сьнежня 2010 году стала такой мяжой паміж тым, што было да і пасьля. І пасьля — гэта зусім іншае жыцьцё. Арышт ў „амэрыканцы“, хатні арышт, які мала чым адрозьніваецца ад знаходжаньня ў турме, суд, потым адбыцьцё пакараньня пад пільным наглядам міліцыі. Пачалося зусім іншае жыцьцё, зьмянілася стаўленьне да жыцьця, можа, нават зьмянілася стаўленьне да нейкіх жыцьцёвых каштоўнасьцяў. Цяпер інакш расстаўляеш прыярытэты: што галоўнае, а што другаснае. А з падзеяў адзначу, што мой сын сёлета пайшоў у школу — гэта таксама вельмі важная для мяне падзея. А галоўны вынік? Ведаеце, ледзь ня кожны дзень згадваеш тыя падзеі, і цяпер магу сказаць адно: што цяпер не шкадую ні аб чым. Ні аб адной хвіліне з дня 19 сьнежня, ні аб тым, што было пазьней, ні аб тым, праз што давялося прайсьці. Гэта, пэўна, тое, што павінна было са мной здарыцца. І з усімі намі».
Дзьмітры Дрозд: Пачаў пісаць кнігу пра Пішчалаўскі замак, дзе сядзеў 5 месяцаў
Гісторык Дзьмітры Дрозд за Плошчу быў асуджаны на 3 гады.
«Насамрэч 4 гады — гэта нямала, гэта вялікі кавалак жыцьця, за які можна пасьпець вельмі шмат. А вось Статкевіч сядзіць дагэтуль. Як я выйшаў з калёніі, дык з таго часу пасьпеў выдаць другую сваю кнігу пра дваранаў Менскай губэрніі ў 1900-1917 гадах. Яшчэ падзея — ў гэтым годзе ў кастрычніку я ажаніўся. Былі нейкія вандроўкі, шмат чаго цікавага і радаснага адбылося. А цяпер працую ў архівах — знайшоў новую вельмі цікавую тэму, цяпер над ёй працую і пляную ў будучым годзе выдаць кнігу па гісторыі менскага турэмнага замку — Пішчалаўскага замку. Першая частка будзе прысьвечаная ўцёкам з замку. Іх, аказваецца, было шмат — жыцьцё там заўсёды віравала. Спадзяюся, буду далей з гэтай тэмай працаваць. Калі я сам сядзеў на Валадарцы паўгоду, дык вакно маёй камэры якраз выходзіла на муры старога замку. Часу было шмат, і я шмат яго разглядаў, вывучаў вонкава, як ён пабудаваны. Вежы, краты, мэталічныя сьцяжкі. А калі выводзілі на прагулкі, дык вялі паўз камэру, дзе, як казалі вязьні, расстрэльваюць. Вось цяпер я гэтую гісторыю замку вывучаю і пляную напісаць пра гэта кнігу».