Штучнае стрымліваньне курсу беларускага рубля, чым займаюцца нашы чыноўнікі, шкодзіць беларускай эканоміцы, лічыць намесьнік старшыні арганізацыі Юры Губарэвіч.
Дэвальвацыя ўсё роўна непазьбежная. У адваротным выпадку будуць змарнаваныя вялікія крэдытныя рэсурсы на падтрыманьне штучнага курсу беларускага рубля
«Дэвальвацыя ўсё роўна непазьбежная. У адваротным выпадку будуць змарнаваныя вялікія крэдытныя рэсурсы на падтрыманьне штучнага курсу беларускага рубля. Курс павінен быць вольным, фармавацца на падставе рынкавай сытуацыі, якая дазволіць стабілізаваць сытуацыю і атрымаць рэальны курс рубля. Магчыма, што такая мера пацягне за сабой дэвальвацыю, якая ў гэтай сытуацыі будзе найменшым злом. Пасьля гэтага магчыма, спатрэбіцца дэнамінацыя. Але ў далейшым гэта прывядзе да аздараўленьня беларускай эканомікі. Вядома, аднаго вольнага курса рубля недастаткова для гэтага. Таксама павінна адбыцца дывэрсыфікацыя рынкаў збыту, адмова ад супрацы выключна з Эўразійскім саюзам, і ў пэрспэктыве — выхад зь яго і арыентацыя на рынкі краінаў Эўразьвязу», — кажа Юры Губарэвіч.
18 сьнежня «Рух за Свабоду», які ўзначальвае былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч, распаўсюдзіў заяву, у якой заклікае прыняць неадкладныя захады па ратаваньні беларускай эканомікі.
Рух лічыць, што неабходныя гнуткі, рэгуляваны рынкам курс беларускага рубля і пачатак сыстэмных рэформаў з арыентацыяй на мадэрнізацыю прадпрыемстваў пры дапамозе замежных інвэстыцыяў і на дывэрсыфікацыю экспарту. Пасьля стабілізацыі беларускага рубля варта правесьці грашовую рэформу«, — сьцьвярджаецца ў заяве, якую кіраўніцтва руху «За Свабоду» падрыхтавала пасьля кансультацыяў з эканамістамі.