30-гадовы Павал Ціханавец і 26-гадовы Арцём Волкаў узялі за прыклад сайт «Расейскі дзэн», назьбіралі цытат з Пракаповіча і Мясьніковіча — і запусьцілі «Беларускі дзэн: стабільны і бессэноўны».
«Расейскі дзэн», на якім пад заспакаяльную музыку і карцінкі мяняюцца лічбы курса рубля і коштаў на нафту, ужо назвалі «ідэальным мэдыя ў крызіс 2014 году».
Крызіса ў Беларусі яшчэ няма, а «Беларускі дзэн» ужо працуе.
Пад музыку «Старога Ольсы» ўсе без выключэньня, а асабліва беларускія ўладальнікі рублёвых дэпазытаў і бюджэтнікі, могуць назіраць за тым, як на фоне пастаральных кураў і пшанічных палёў курс беларускага рубля да даляра ЗША па выніках валютных таргоў мяняецца раз на дзень і пакуль патроху. Таму можна глядзець на стабільную лічбу.
Нешматслоўныя аўтары распавялі Радыё Свабода, навошта гэта ўсё:
Аляксандра: Аўтар «Расейскага дзэна» Міхаіл Лісьняк распавядаў, што зрабіў сайт, калі яму абрыдла перажываць за курс расейскага рубля. Вы зь якім пачуцьцём зрабілі «Беларускі дзэн»?
Павал: Ідэя, зразумела, узьнікла пасьля прагляду сайта «Расейскі дзэн». Кантраст у валютным рэгуляваньні дзьвюх краінаў дазволіў зрабіць ня проста рэпліку, а цалкам сабе зьмястоўную пародыю з нацыянальным калярытам. За гэта ў тым ліку дзякуй і Міхаілу Лісьняку.
Аляксандра: Вас ужо хто-ніхто называе плягіятарам? Як адрэагуеце на такія закіды?
Арцём: Асабліва мы не заўважалі, бо відаць, адкуль ногі растуць. Калі мы такое бачым, то не засмучаемся — праўда вочы ня коле.
Павал: Я вельмі спакойна да гэтага стаўлюся. А ў вас ёсьць кантакты гэтых людзей?
Аляксандра: Ёсьць. А скажыце, чаму беларусам для прасьвятленьня трэба глядзець на кураў і пшаніцу і слухаць пры гэтым «Старога Ольсу»?
Арцём: Гэта нашае ўсё. Гэтае тое, што робіць шчасьлівым простага беларуса. Гэта тое, што нас супакойвае, паказвае нашу самабытнасьць і культуру. Гэта наш Дзэн.
Аляксандра: Расейскі дзэн усё ж больш-менш адпавядае рэчаіснасьці, а як тэхнічна працуе беларускі дзэн? Ці можна яму давяраць? Што такое +10?
Беларускаму дзэну можна давяраць настолькі, наколькі вы давяраеце Беларускай валютна-фондавай біржы, — дадзеныя бяруцца менавіта адтуль. (+10 — рост даляра да рубля — РС)
Арцём: Беларускаму дзэну можна давяраць настолькі, наколькі вы давяраеце Беларускай валютна-фондавай біржы, — дадзеныя бяруцца менавіта адтуль. (+10 — рост даляра да рубля — РС)
Аляксандра: Хто з прадстаўленых на вашым сайце аўтараў цытатаў вам найбольш падабаецца?
Арцём: Мне глыбока сымпатычныя ўсе гэтыя людзі, а асабліва наш прэзыдэнт. Ягоныя цытаты ёмістыя, строга па справе і часам не пазбаўленыя жартаў.
Павал: Прабачце, я не зразумеў пытаньня.
Аляксандра: Ці вы будзеце разьвіваць рэсурс (напрыклад, дадаваць рэкляму), ці ён застанецца для супакаеньня душы?
Павал: Пытаньні па супакаеньні душ я пакідаю беларускаму ўраду. Сайт будзе цікавейшым, не пераключайцеся.
Аляксандра: Вы рыхтуецеся да беларускай дэвальвацыі? Які курс, па-вашаму, будзе пасьля Новага году?
Я спадзяюся на беларускі дзэн, і што мне не давядзецца мяняць код, таму што сайт ня цалкам адаптаваны для трохзначных лічбаў зьмены курса даляра.
Арцём: Я спадзяюся на беларускі дзэн, і што мне не давядзецца мяняць код, таму што сайт ня цалкам адаптаваны для трохзначных лічбаў зьмены курса даляра.
Павал: Заплюшчваю вочы і думаю пра пшаніцу і кураў.
Аляксандра: Цяпер ліхаманкава пытаюцца ў экспэртаў, як выжыць у крызіс, вы што параіце?
Арцём: Я не экспэрт, таму адкажу цытатай нашага лідэра: «Мы атрымалі добры ўрок на будучыню. Гасподзь ударыў нас па галаве і сказаў: не шаліце, трэба жыць па сродках!».
Павал: Я таксама традыцыйна раю пытацца ў экспэртаў. Але калі вы настойваеце: купляйце рыс, толькі не ў мяшку, а ва ўпакоўцы. Інакш сапсуецца.