Эдуард Лобаў: Палова калёніі супраць Лукашэнкі. Першае відэа на волі

Your browser doesn’t support HTML5

Эдуард Лобаў. Першае відэа на волі

Вызвалены сёньня пасьля чатырохгадовага зьняволеньня палітвязень Эдуард Лобаў даў інтэрвію журналісту Радыё Свабода.

18 сьнежня а 8-ай раніцы з калёніі «Воўчыя норы», што пад Івацэвічамі, выйшаў на волю маладафронтавец Эдуард Лобаў, які быў асуджаны на 4 гады зьняволеньня за бойку зь мінакамі на вуліцы Янкі Брыля за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў.

«Безумоўна, гэта была правакацыя. Нас са Зьмітром спынілі на вуліцы невядомыя хлопцы, спачатку нібыта запыталі, як прайсьці некуды, потым папрасілі запаліць і раптам пачалі біцца. Гэта было зроблена наўмысна. Празь дзень я таксама зьбіраўся на Плошчу, як і Зьміцер Дашкевіч, таму яны гэтак дзейнічалі», — распавёў Эдуард Лобаў.

Эдуарду 26 гадоў, зь якіх 4 — «ад званка да званка» — ён адбыў у калёніі. «Ці шкадую? Няма чаго шкадаваць пра тое, чаго не зьмяніць. Але ў той сытуацыі я рабіў бы тое самае. Ад сваіх палітычных поглядаў за гэты час я не адмовіўся. Буду і далей займацца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю, як змагу», — сказаў Эдуард Лобаў.

Умовы ў калёніі, дзе адбываў тэрмін, ён назваў звычайнымі, але зрабіў агаворку, што яму няма асабліва з чым параўноўваць. Паводле Эдуарда Лобава, ён не адчуваў асаблівага прэсінгу на сябе як на палітвязьня, але ўсё ж адбыў у карцэры некалькі разоў — агулам 20 дзён. «Там холадна, умовы ізаляцыі, а ежа звычайная», — згадаў пра карцэр былы палітвязень. Якое было да яго стаўленьне? — «Да мяне вельмі добра ставіліся іншыя вязьні, ведалі, што я палітычны, і маральна падтрымлівалі», — сказаў Лобаў. У калёніі ён вывучыўся на зваршчыка, але ані дня не працаваў па спэцыяльнасьці і ўвогуле не працаваў. «Там жа нічога за працу ня плацяць», — сказаў маладафронтавец.

Былы палітвязень распавёў, што ў 2011 годзе яго тройчы спрабавалі ўгаварыць напісаць прашэньне аб памілаваньні, але ён кожны раз адмаўляўся, бо не лічыў сябе вінаватым.. Пасьля гэтага спробы спыніліся. Цягам адседкі супрацоўнікі размаўлялі зь ім на палітычныя тэмы, але «хутка ўбачылі, што перавыхаваць немагчыма, і паступова адчапіліся».

Паводле Эдуарда Лобава, у калёніі № 22 ( яе называюць «Воўчыя норы») — каля тысячы вязьняў. Больш за год таму колькасьць вязьняў павялічылася, бо некаторыя калёніі ў краіне ліквідавалі, і да іх перавялі новых вязьняў. «Цяпер ідзе амністыя, некаторыя вызваляюцца датэрмінова, але мне гэта не сьвяціла паводле майго артыкулу, і я адразу не разьлічваў на датэрміновае вызваленьне», — сказаў Лобаў. З калёніі ён дасылаў шмат скаргаў, спрабаваў аспрэчыць прысуд, але нічога не ўдалося. Ці будзе гэта рабіць цяпер, на волі? «Не, ня буду. Я зрабіў адназначныя высновы пра наш суд і міліцыю. Гэта марная страта сілаў і часу», — сказаў Эдуард Лобаў пра скаргі.

Якія палітычныя настроі ў калёніі?

Паводле былога вязьня, у калёніі прыхільнікаў Лукашэнкі і ягоных праціўнікаў прыкладна 50 на 50. «Палітыка часта становіцца тэмай для дыскусіяў на зоне», — пацьвердзіў Эдуард. Паводле Эдуарда Лобава, у вязьніцы ён атрымаў сотні лістоў са словамі салідарнасьці ад самых розных людзей. «Гэта пэўна дапамагала мне», — сказаў Лобаў і падзякаваў усім, хто яму накіроўваў лісты падтрымкі.

Пра свае пляны на будучыню былы палітвязень сказаў, што пэўных плянаў пакуль ня мае: «Трэба агледзецца і вызначыцца, што буду рабіць, дзе працаваць. Буду жыць, як жыў, зь Беларусі зьяжджаць не зьбіраюся. Да таго ж на мяне наклалі прэвэнтыўны нагляд цягам году, гэта трэба ўлічваць», — заўважыў на разьвітаньне Эдуард Лобаў.

Маці былога палітвязьня Марына Лобава:

«Я, безумоўна, вельмі шчасьліва, што дачакалася сына. І жадаю ўсім сваякам палітвязьняў хутчэй дачакацца сваіх сыноў, мужоў. У нас не атрымалася, каб гэта здарылася датэрмінова, але хачу, каб у іншых гэта атрымалася — каб усе палітвязні выйшлі раней».

Як паведаміў Эдуард Лобаў адразу пасьля выхаду з турмы, яшчэ ў 2011 годзе яму тройчы прапаноўвалі пісаць прашэньне аб памілаваньні, але ён адмовіўся. Ад таго часу больш ня ўзгадвалі пра гэта.

У сувязі з прызначэньнем прэвэнтыўнага нагляду былы палітвязень пакуль ня ведае, чым будзе займацца, раней плянаваў зьехаць за мяжу вучыцца, але падкрэсьліў, што ў турме ягоныя погляды не зьмяніліся і ён будзе працягваць грамадзка-палітычную дзейнасьць.

Актывістка Вольга Мікалайчык, якая таксама прыехала сустракаць Эдуарда Лобава да калёніі, была апранутая ў майку з надпісам "Свабоду Эдуарду Лобаву"

Марына Лобава



Актывіст «Маладога фронту» Эдуард Лобаў быў арыштаваны 18 сьнежня 2010 году за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў разам зь лідэрам «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам і асуджаны на 4 гады зьняволеньня за хуліганства — нібыта яны ўчынілі бойку зь мінакамі. Пацярпелага па справе публіка ў судзе так і не пабачыла — паказаньні ён даваў з суседняга пакоя.

Эдуард Лобаў мяркуе, што яго, як і Зьмітра Дашкевіча, праз правакацыю спэцслужбы ізалявалі напярэдадні мітынгу пратэсту 19 сьнежня 2010 году. Лобаў адмаўляўся пісаць прашэньне аб памілаваньні.

Эдуард Лобаў нарадзіўся ў Вільні 1 сьнежня 1988 году. Яшчэ ў школе вырашыў зьвязаць сваё жыцьцё з войскам. Чытаў спэцыяльную літаратуру, займаўся спортам. На службу трапіў у Віцебскі дэсант. Па вяртаньні з войска ўключыўся ў працу "Маладога Фронту", неўзабаве стаў кіраўніком менскай гарадзкой арганізацыі.