«Усе прызнаюць, што рубель сёньня недаацэнены. Яго курс аддаляецца ад фундамэнтальных паказчыкаў і не адлюстроўвае стан спраў у эканоміцы» — сказаў расейскі прэм’ер-міністар на нарадзе з эканамічным блёкам ўраду і кіраўнікамі кампаній-экспарцёраў.
Ён адзначыў, што ёсьць праблемы, зьвязаныя з «усім добра вядомымі» фактарамі — гэта зацяжное падзеньне коштаў на нафту і шэраг іншых сыравінных тавараў і нэгатыўны ўплыў санкцый.
«Вядома, рубель на гэта ня можа не рэагаваць, аднак лічбы, якія мы бачым у абменных пунктах на працягу апошніх некалькіх дзён, не адпавядаюць партфэлю,» — сказаў Мядзьведзеў.
Пры гэтым ён падкрэсьліў, што Расея ня будзе ўводзіць жорсткае рэгуляваньне валютнага рынку, а будучыя дзеяньні ўраду будуць заснаваныя на рынкавых мэханізмах.
Між тым у палітычных і аналітычных колах Расеі ходзяць упартыя чуткі аб магчымай адстаўцы прэм’ера ці ўсяго ўраду.
У панядзелак зьявілася інфармацыя, што пасада кіраўніка ўраду была прапанаваная былому міністру фінансаў Аляксею Кудрыну. Пазьней прэсавы сакратар Кудрына абверг гэтыя паведамленьні.
У якасьці магчымых пераемнікаў Мядзьведзева называюць кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Сяргея Іванова, міністра абароны Сяргея Шайгу, віцэ-прэм’ера Дзьмітрыя Рагозіна.
Меркаваньне пра магчымасьць зьмены расейскага ўраду выказаў былы амбасадар ЗША ў РФ Майкл Макфол. «Я думаю, што Пуцін можа зьмяніць урад. Я думаю, гэта можа быць сюрпрызам зь яго боку ў найбліжэйшыя дні або тыдні,» — сказаў Макфол.