«Я ня бачу іншых кандыдатаў, якія могуць скласьці яму канкурэнцыю, — сказаў Аляксандар Сурыкаў. — Я часам сустракаюся і зь лідэрамі апазыцыі, але бачу, што ў іх няма праграмы, няма адзінства. Безумоўна, Расея падтрымлівала, падтрымлівае і будзе заўжды падтрымліваць беларускі народ. А я, як грамадзянін РФ, падтрымаў бы Аляксандра Лукашэнку. Калі ён гэтым разам зноў пойдзе на выбары».
Журналісты запыталі ў расейскага амбасадара, чаму ён сумняецца, што Лукашэнка зноў выставіць сваю кандыдатуру ў 2015 годзе. На гэта Сурыкаў адказаў так: «Я яшчэ ня чуў, каб Лукашэнка заявіў, што ён абавязкова пойдзе на наступныя выбары. Гэта вельмі нялёгкая праца. Я сам ня быў прэзыдэнтам, але пасьля майго губэрнатарства (Сурыкаў у свой час быў губэрнатарам Алтайскага краю — Р. С.) разумею, якая гэта цяжкая ноша. Некаторым людзям трэба казаць дзякуй за тое, што яны бяруцца за гэткую ношу».
Выбары ў Беларусі павінны адбыцца напрыканцы 2015 году. Найбольш верагодная дата іх правядзеньня — 15 лістапада.