Міністэрства інфармацыі будзе абмяжоўваць доступ да сайтаў, якія на працягу году атрымалі два і больш пісьмовыя папярэджаньні за распаўсюд інфармацыі, якая парушае нормы заканадаўства.
Дэпутаты палаты прадстаўнікоў у двух чытаньнях прынялі папраўкі ў «Закон аб СМІ». Іх прадставіла міністар інфармацыі Лілія Ананіч. Абноўлены закон, па словах міністра, пачне дзейнічаць ужо зь 1 студзеня 2015 году.
Асаблівай увагі патрабуюць зьмены, якія будуць датычыцца інтэрнэт-СМІ. Папраўкі не прадугледжваюць рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ, але Міністэрства інфармацыі будзе мець паўнамоцтвы сачыць за тым, каб зьмест матэрыялаў адпавядаў дзейнаму заканадаўству.
Абавязак не дапускаць распаўсюду інфармацыі, зьмест якой супярэчыць закону, будзе ўскладзены на ўладальніка інфармацыйнага рэсурсу.
Абвяржэньне інфармацыі, распаўсюджанай у Інтэрнэце, мусіць адбывацца на тым самым інфармацыйным рэсурсе не пазьней, чым у дзень, які надыходзіць за днём патрабаваньня аб абвяржэньні. Інфармацыя, якая абвяргаецца, мусіць быць выдаленая з рэсурсу.
Таксама папраўкі прадугледжваюць абмежаваньні долі замежнага капіталу ў фондзе СМІ — з 30 працэнтаў да 20.
Будзе ўведзены дзяржаўны рэестар распаўсюднікаў СМІ.
Па словах Ліліі Ананіч, «зьмены ў сфэры Інтэрнэту стануць дзейсным інструмэнтам рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі», — цытуе міністра БелТА