Звольненыя з ўнівэрсытэта аўтары «Гродназнаўства» Андрэй Чарнякевіч і Вячаслаў Швед распавядаюць, як складваецца іхнае жыцьцё пасьля звальненьня.
Мінула ўжо амаль два гады, як гарадзенскія гісторыкі, выкладчыкі унівэрсітэта імя Янкі Купалы — Андрэй Чарнякевіч і Вячаслаў Швед, аўтары кнігі «Гродназнаўства», звольненыя з працы.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, адзін зь іх «сыстэматычна парушаў працоўную дысцыпліну». А другога нібыта Рада ўнівэрсытэту «большасьцю галасоў не зацьвердзіла на пасаду прафэсара». Але ёсьць і іншая вэрсыя звальненьня аўтараў «Гродназнаўства» — ўлады палічылі кнігу крамольнай, а былы старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра публічна заявіў, што раскрыў ва ўнівэрсытэце групу з 16 неблаганадзейных выкладчыкаў.
Вячаслава Шведа «не зацьвердзілі на пасаду прафэсара» пасьля больш 30 гадоў працы ва ўнівэрсытэце імя Янкі Купалы. Андрэй Чарнякевіч тады толькі распачаў выкладчыцкую дзейнасьць у якасьці дацэнта: чытаў лекцыі, актыўна публікаваў навуковыя і папулярныя артыкулы па гісторыі Горадні.
Пасьля выхаду ўжо трэцяга, дапоўненага выданьня «Гродназнаўства» мінула ці не паўгода, адбылося некалькі прэзэнтацый, кнігу свабодна можна было набыць у гарадзенскіх кнігарнях, усе віншавалі, набывалі, чыталі — і раптам адбыўся сапраўдны выбух. Некаторых аўтараў пазбавілі працы, кніга зьнікла з продажу, нават пісалі, што яе выдалілі са школьных бібліятэк і навучальных устаноў.
Андрэй Чарнякевіч цяпер без вялікай ахвоты ўзгадвае тыя моманты. Было ня проста, бо хваляваліся блізкія і родныя. Сябры дапамагалі, і ніякага амаральнага праступку за сабой ён не адчуваў, хаця страціў любімую працу, зь якою было шмат зьвязана.
Цяпер ужо другі год ён навучаецца на паліталёгіі ў дактарантуры Познаньскага ўнівэрсытэта імя Адама Міцкевіча. Працягнуць займацца толькі гісторыяй на той момант, як кажа сам Чарнякевіч, у яго не атрымалася.
«Але і ў паліталягічных тэмах, у гэтых дысцыплінах заўсёды ёсьць месца гістарычнаму досьведу. Я спрабую зараз разбудаваць свае папярэднія дасьледаваньні адносна вытокаў беларуска-польскіх палітычных узаемадачыненьняў і працягнуць працу трохі ў іншай галіне. Так што вось гэта, на мой погляд, працяг папярэдняй працы».
Дарэчы, за гэты час Чарнякевіч апублікаваў дзесяткі артыкулаў, выйшлі дзьве ягоныя кнігі: «Красная книга Гродно» і «Пад крылом Каложы», апублікавана дасьледаваньне «Шпацыр па беларускай Гародні». Зараз ён рыхтуе да выданьня біяграфічны слоўнік эліты міжваеннай Горадні.
Цікаўлюся ў Андрэя Чарнякевіча — як ён цяпер ацэньвае «Гродназнаўства» і ці бачыць канкрэтнае прымяненьне кнігі?
Суразмоўца ўсьміхаецца і адказвае, што цяпер ставіцца да кнігі з большай павагай, чым тады, як над ёй вялася праца.
«Сёньня гэта ўжо факт гісторыі, ёсьць шмат новых кніг: лепшых, дапаўняючых, іншых. Таму я да яе стаўлюся, як да нечага, што я паважаю, яна практычна — падручнік. А наколькі яна запатрабаваная? Я не хачу казаць тут усе сакрэты і сакрэцікі, але, думаю, што запатрабаваная».
Андрэй Чарнякевіч цяпер жыве ў Польшчы і ў Горадні бывае ня так часта, як хацелася.
Цікаўлюся — якім бачыцца наш горад, калі падоўгу ў ім не бываеш?
Паводле Чарнякевіча, вонкавыя зьмены вельмі заўважныя ў лепшы бок. Пры тым самым Шапіры шмат чаго ў інфраструктуры горада зьмянілася да лепшага. Але гісторык кажа, што ёсьць і іншы бок медаля, які таксама нельга не заўважыць: той унутраны заняпад, тое, што тычыцца сумленьня, адносінаў паміж людзьмі, прынцыпаў, падставаў — на чым трымаецца грамадзтва.
«Ну добра, калі ўсё добра, але калі мы бачым, што эканоміка і палітыка ляціць у швах і атрымоўваецца, што людзей нічога не трымае побач, што няма ні ідэй, ні агульных каштоўнасьцяў, то добрыя дарогі — гэта будзе толькі маршрут для танкаў. Таму ставішся да гэтага з пэўным сумам, бо як шмат мы атрымалі і як хутка можам гэта згубіць, калі ня зробім намаганьня ў галоўным — неяк усё ж паспрабуем зьмяняць сябе, а ня толькі навакольле».
Дамаўляючыся на сустрэчу з Вячаславам Шведам, увесь час застаю яго ў архіве, занятым пошукамі новых дакумэнтаў. У яго за плячыма 14 напісаных кніжак, пераважна зьвязаных з гісторыяй Горадні, больш 300 навуковых публікацый, і гэтая праца ні на дзень не спыняецца.
Дарэчы, менавіта яму належыць ідэя напісаньня «Гродназнаўства» і ягоныя тэксты складаюць большую палову кнігі. Цікаўлюся ў спадара Шведа — над якой тэмай так упарта зараз працуе ў архіве?
«Пішу зараз кніжку пра паўстаньне 1863 года, удзельнічаў у многіх канфэрэнцыях зьвязаных з гэтай тэмай. Выступаў на кангрэсе беларускіх дасьледчыкаў у Каўнасе. Як навуковец працягваю сваю дзейнасьць. Пішу таксама кніжку, дакладней частку кнігі, па гісторыі беларускага гандлю — усё ж адмыслоўцы яшчэ і ў нас патрэбныя. А я ведаю, што я ў гэтым адмысловец і ніхто лепей за мяне гэта не напіша».
Швед няшмат распавядае пра сябе: канешне, былі праблемы, але з дапамогай сям’і, сяброў і проста добрых людзей іх перажыў. Яго хвалюе болей тое, што мэта, якую ставілі перад сабой аўтары «Гродназнаўства», так і не была выкананая.
«Мэта „Гродназнаўства“ заключалася ў тым, каб кніжкі разышліся па школах, каб яе вывучалі факультатыўна ці іншымі курсамі, ці экскурсійна-практычнымі маршрутамі. Гэта, на жаль, не было выканана, і за гэта мы, аўтары, вельмі хвалюемся. Менавіта дзеля гэтага мы яе пісалі і хацелі, каб дзеткі ведалі гісторыю свайго горада. Мы дзеля гэтага працавалі».
За паўтары гады пасьля звальненьня аўтараў «Гродназнаўства», паводле Вячаслава Шведа, адміністрацыя гарадзенскага унівэрсытэта не працягнула кантракт з гісторыкам Інай Соркінай.
Яшчэ раней непатрэбнымі сталі ўнівэрсытэту Алесь Краўцэвіч, Алесь Смалянчук — тыя, хто цяпер сваімі працамі найбольш вядомы ў беларускай гістарычнай навуцы. Ня змог далей працаваць у ГрДУ беларускамоўны юрыст Ігар Кузьмініч, а цяпер яшчэ некалькі выкладчыкаў гісторыі чакаюць, што ім не падоўжаць кантракты.
Вячаслаў Швед з жалем кажа пра гэта, паколькі Гарадзенская школа гісторыкаў створаная вялікімі высілкамі многіх таленавітых людзей, якую ў Беларусі можна было параўнаць толькі са сталічнай, становіцца незапатрабаванай у дзяржавы. Швед кажа, што нельга недаацэньваць працу тых, хто зараз выкладае на гістарычным факультэце. Але адсутнасьць тых, каго прымусілі сыйсьці, адчуваецца.
«Толькі вось гэтага ядра не засталося, якое акамулюе на пэрспэктыву, якое рыхтавала асьпірантаў, будучых кандыдатаў навук, будучых гісторыкаў, якія б займаліся новай праблематыкай — такой, якой займаюцца навукоўцы ў эўрапэйскіх краінах, каб мы трымалі належны ўзровень разьвіцьця гістарычнай навукі. Такіх застаецца мала, звальняюцца тыя, хто працуе на пэрспэктыву, на будучае беларускай навукі, распрацоўваюць пытаньні нацыянальнай гісторыі».
Кнігу-падручнік «Гродназнаўства» напісалі вядомыя гарадзенскія гісторыкі і краязнаўцы. У яе 38 параграфах апавядаецца пра тысячагадовую гісторыю гораду. Кніга выдадзена на добрай мелаванай паперы са шматлікімі каляровымі ілюстрацыямі, некаторыя зь якіх публікуюцца ўпершыню. Аўтары — Алесь Госьцеў, Аляксандар Дабрыян, Віталь Карнялюк, Сьвятлана Марозава, Андрэй Чарнякевіч, Вячаслаў Швед. Усе яны належаць да Гарадзенскай гістарычнай школы.