REGNUM: Улады Беларусі ўзяліся за папулярызацыю «вышыванак»

Расейскае інфармацыйнае агенцтва REGNUM апублікавала артыкул пра палітыку «беларусізацыі», якую нібыта праводзяць улады Беларусі.

У артыкуле сьцьвярджаецца, што на працягу многіх гадоў улады Беларусі праводзяць палітыку беларусізацыі, якая прадугледжвае зьнішчэньне рускамоўнай тапанімікі, рэвізію афіцыйнай гістарыяграфіі, а таксама актыўную палітычную міфатворчасьць. Паводле агенцтва, Аляксандар Лукашэнка ўпэўнены ў наяўнасьці «беларускай цывілізацыі»

А артыкуле адзначаецца, што ў цэнтры Менску ўсталявана навагодняя елка, упрыгожаная выявамі славянскіх арнамэнтаў, а таксама славутасьцяў Беларусі і Менску:

«Навагодняя елка на Кастрычніцкай плошчы ўпершыню гэтак багата ўпрыгожаная малюнкамі народных арнамэнтаў — як правіла, іх вышывалі на вопратцы, таму вядомыя як «вышыванкі». Іх можна бачыць на шчытах у нізе «галоўнай» менскай ёлкі, а таксама на палотнішчах, якімі яна абвязаная. Акрамя «вышыванак» бачныя таксама гірлянды лямпаў і малюнкі менскага каталіцкага касьцёла, зубра зь Белавескай пушчы і інш».


У тэксьце згадваецца і «Дзень вышыванкі»:

«Падобныя мерапрыемствы ў такім месцы і на фоне ўкраінскіх падзей немагчыма правесьці бяз санкцыі чыноўніцкай «ідэалягічнай вэртыкалі». Асаблівасьцю «Дня вышыванкі» стала багацьце ня толькі розных прадметаў, багата ўпрыгожаных арнамэнтамі, але таксама сымболікі празаходняй апазыцыі ў Беларусі. У прыватнасьці, на розных прадметах была прадстаўленая выява літоўскага герба «Пагоня» — герба постсавецкай Літвы, а да гэтага — кіраўнікоў Вялікага княства Літоўскага; дадзены герб таксама выкарыстоўваўся беларускімі нацыянал-калябарантамі як «нацыянальны» у гады Першай сусьветнай вайны і Вялікай Айчыннай вайны (беларускія нацыяналісты лічаць ВКЛ «беларускай» дзяржавай). Сярод іншых прадметаў зьвярнулі на сябе ўвагу шэўроны з рознымі малюнкамі, у тым ліку Міхаіла Вітушкі — гітлераўскага памагатага, які актыўна ўдзельнічаў у антыпартызанскай і дывэрсійнай дзейнасьці («беларускі» аналяг Рамана Шухевіча)».


Аўтары пішуць, што бел-чырвона-белы сьцяг быў прыдуманы ў 1917 годзе і актыўна выкарыстоўваўся калябарацыйнымі фармаваньнямі.

«Паколькі ільняныя кашулі з ручной вышыўкай каштавалі вельмі нятанна, то больш «бюджэтнай» прапановай сталі «вышымайкі» — твор польскіх дызайнэраў, які сумяшчае клясычную майку-футболку з нанесенай на яе «прынтам» узору народнага арнамэнту», — пішацца ў тэксьце.

Аўтары артыкулу згадваюць, што арнамэнт як сымбаль супрацьпастаўленьня сябе ўсяму рускаму актыўна выкарыстоўваўся ў суседняй постсавецкай рэспубліцы — Украіне:

«Асаблівую ўвагу ўкраінскія нэанацысты надавалі, нароўні з арнамэнтам, барацьбе з расейскай мовай (у любых праявах), а таксама папулярызацыі лідэра „Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў“ (ОУН) Сьцяпана Бандэры і яго паплечнікаў з „Украінскай паўстанцкай арміі“ (УПА)».

Прэс-канфэрэнцыя "Мова Cup"



Згадваецца і спартовае мерапрыемства «Мова Сup» («Кубак Мовы»):

«Умовай удзелу ў мерапрыемстве стала выкарыстаньне «беларускай мовы» пры тым, што Канстытуцыя і закон аб мовах гарантуюць грамадзянам роўнасьць дзьвюх дзяржаўных моў (рускай і беларускай) ва ўсіх сфэрах жыцьця. «Асобамі» мерапрыемства сталі спартоўцы Аляксандра Герасіменя і Віталь Радзівонаў, а спаборніцтвы прайшлі на тэрыторыі Цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы. Характэрна: дадзенае дзяржустанова знаходзіцца на вуліцы імя Каліноўскага — польскага тэрарыста Вікенція Канстанціна Каліноўскага, які асабіста кіраваў баевікамі падчас польскага шляхецкага бунту 1863 года на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю Расейскай імпэрыі (цяпер — тэрыторыі Беларусі і Літвы)».