Алесь Плотка: Сухоты – гэта доўгатэрміновае выпрабаваньне

Алесь Плотка. Фота з Фэйсбуку

У Беларусі ў 2013 годзе выяўлена больш за 3 тысячы хворых на сухоты, у тым ліку захварэлі і 39 дзетак. Калі раней сухоты лічыліся хваробай турмаў, бамжоў, людзей з так званых «сацыяльных нізоў», «дна», якія ўваходзяць у групу рызыкі, то цяпер пачынаюць хварэць усё больш цалкам забясьпечаных, пасьпяховых, нармальных людзей, якія ня ведаюць, дзе і ад каго заразіліся.

Днямі паэт і музыка Алесь «Байсан» Плотка выдаў разам з электроншчыкам Уладам Бубнам альбом «Skweee Belarus» і публічна прызнаўся, што захварэў на сухоты.

— Алесь, як Вы даведаліся пра сваю хваробу? Якія Вашы ўражаньні ад беларускай сыстэмы аховы здароўя, ці былі праблемы?

— Я зьбіраўся пайсьці ў басэйн — заняцца здароўем, паплаваць. Але для гэтага трэба было зрабіць флюараграфію. І флюараграфія паказала, што ёсьць, так бы мовіць, пытаньнечкі...

Далей ты трапляеш праз паліклініку ў Навінкі да лекараў (у Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар пульманалёгіі і фтызіятрыі).

На мяне, як на чалавека, які сто гадоў не хварэў, абсалютна жахлівае ўражаньне стварае любая паліклініка ў пляне сваёй сыстэмы: калі ты губляеш вельмі шмат часу, незразумелых намаганьняў незразумела на што.

А далей магу сказаць толькі добрае пра фтызіятраў, якіх я сустракаў і ў РНПЦ, і ў гарадзкім тубэркулёзным дыспансэры, што на Партызанскім праспэкце. Там узровень чалавечай адэкватнасьці дактароў вельмі і вельмі высокі — у параўнаньні з паліклінікай. Людзі вельмі добра, карэктна, падрабязна, дасьціпна артыкулююць сутнасьць праблемы і сутнасьць лячэньня.

— І ўсё ж у Вас ёсьць нейкія вэрсіі, меркаваньні — дзе Вы маглі заразіцца, «падчапіць» такую хваробу?

— Адкуль тое магло ўзяцца — я маю, натуральна, толькі здагадкі. Паводле сфэры сваёй дзейнасьці, я вельмі шмат рухаюся і па краіне, і па-за яе межамі — і па Расеі, і па Эўропе, то бок у мяне няма нейкай адназначнай высновы. Але зразумела, што гэта хвароба даўно перастае быць хваробай турэмнай, бо нідзе ў падобных месцах я не знаходзіўся...

— Дарэчы, усе адмыслоўцы-лекары кажуць, што сухоты перасталі быць хваробай зьняволеных, людзей з групы рызыкі. Лекар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру пульманалёгіі і фтызіятрыі, кандыдат мэдычных навук пацьвярджае, што апошнім часам зьмяніўся сацыяльны склад хворых

— Цяпер сухоты — гэта такая хвароба, на якую пакутуюць ужо шмат нармальных людзей, якія не ўваходзяць ні ў якія групы рызыкі, не былі ў кантакце з хворымі. Захварэў — выявілі сухоты. Цалкам нармальныя людзі.

— Алесь, якое лячэньне Вам прызначылі? Ці ёсьць неабходныя лекі? Дзе Вы цяпер знаходзіцеся — у адмысловым дыспансэры?

— Я ляжу ў дзённым стацыянары. Курс лячэньня, як я разумею, стандартны, што да формы тубэркулёзу, на якую можна ўплываць, — гэта 4 прэпараты. Ну, з таго, што я прачытаў у «Вікіпэдыі», гэта, як я разумею, сусьветная практыка. Ніякіх дадатковых лекаў, што да асноўнага курсу лячэньня, барацьбы з хваробай, мне набываць не даводзіцца. Нават дадаткова выдаецца адзін прэпарат для печані, і доктар проста рэкамэндуе некаторыя вітаміны. На наступным тыдні мне прывязуць тлушч барсука. Шмат хто думае, што ён зьяўляецца панацэяй, але я разумею, што ён проста дапамагае ачысьціць лёгкія пасьля таго.

— Як адрэагавалі сваякі, сябры, знаёмыя? Не спалохаліся? Працягваюць з табой кантактаваць?

— Знаёмыя задаюць нармальныя пытаньні перасьцярогі — наколькі ты мусіш трымаць дыстанцыю. Гэта нармальныя пытаньні, я б запытаў тое самае. Ставяцца з разуменьнем — шмат хто зь сяброў схадзіў зрабіў флюараграфію. Я папрасіў сяброў зьвярнуць увагу, бо кола камунікацыяў вельмі шырокае. Ніхто не застрахаваны, каб схапіць гэта ад мяне, і я ня ведаю, ад каго схапіў гэта я сам, разумееце? Тут галоўнае — у самім сабе не разьвіваць вялікую паранойю. Мне было прасьцей ад пачатку казаць пра гэта адкрыта з маральнага пункту гледзішча«.

— І ўсё ж, што зьмянілася ў Вашым сьветапоглядзе пасьля таго, як даведаліся пра хваробу? Штосьці Вас непакоіць, напружвае?

— Што больш напружвае мяне? Мы ўсе ў вольны час знаходзімся ў гарадзкой прасторы. Я ня ведаю, ці мусім мы быць ізаляваныя, ці не. То бок кожны для сябе абірае нейкі пэўны этыкет: п’е каву толькі са свайго кубка, як я з уласнага тэрмасу; паколькі вакол цябе людзі, ты мусіш трымаць адэкватную дыстанцыю, ня лезьці цалавацца... Але я разумею, што такіх людзей нямала вакол нас у маштабах краіны. Гэта прымушае мяне задумацца. І прымушае задумацца пра сытуацыю з 30-ю тысячамі мігрантаў з Украіны, у якой становішча з тубэркулёзам на мяжы катастрофы. Ну, гэта такія думкі, якія ў мяне пачалі зьяўляцца ў сувязі з маёй хваробай.

— Алесь, я ведаю, што Вы аптыміст. Вельмі важным складнікам у змаганьні зь любой хваробай зьяўляецца настрой на выздараўленьне, вера ў свае сілы, надзея, што гэтая навала адступіць...

— Так, ніхто не застрахаваны — па-першае. А па-другое, як мне падаецца, гэта лечыцца. Лечыцца, мне падаецца, надзейна. Паводле дактароў, у маёй сытуацыі ўсё павінна вырашыцца станоўча. Проста трэба мець шмат цярпеньня, бо хвароба вымагае комплекснага грунтоўнага падыходу. Гэта такое доўгатэрміновае выпрабаваньне.

________________________________

12 сьнежня дуэт Байсан і Ўлад Бубен выступілі на прэзэнтацыі праекту «МемТут» у галерэі Тut.by з альбомам «Skweee Belarus»

Захворвальнасьць на тубэркулёз склала летась 38,3 на 100 тысяч насельніцтва. І хоць за апошнія 10 гадоў абсалютная колькасьць хворых зьменшылася амаль на 40%, лічбы выклікаюць трывогу, бо хвароба стала больш падступнай. Беларусь, паводле міжнароднай клясыфікацыі, уваходзіць у склад 27 краінаў з высокай доляй так званага мультырэзыстэнтнага тубэркулёзу, устойлівага адразу да некалькіх супрацьсухотных лекавых сродкаў. На ўліку стаіць больш за 8 тысяч пацыентаў з актыўнай формай захворваньня.