Па словах актывіста, маёр міліцыі склаў на яго анкету і вельмі зьдзіўляўся: першы раз убачыў чалавека, які асуджаны паводле артыкулу 391 Крымінальнага кодэксу — «Абраза судзьдзі ці народнага засядацеля».
«Нейкіх прэтэнзіяў да мяне не было. Інспэктар толькі пацікавіўся, ці буду я выконваць патрабаваньні — міліцыянтаў па мяне высылаць ці сам буду прыходзіць? І была просьба да мяне — нічога не казаць пра палітыку», — паведаміў Рубцоў.
Маёр патлумачыў, што месца адбыцьця пакараньня мясцовая міліцыя не вызначае. Ён толькі склаў анкету, якую дашле ў Дэпартмэнт выкананьня пакараньняў. Там і вызначаць, у якую ўстанову яго накіраваць.
Месца адбыцьця «хіміі» стане вядома прыкладна праз тыдзень.
Рубцоў кажа, што ніякіх папераў не падпісваў і падпісваць ня будзе. Аднак ухіляцца ад адбыцьця пакараньня не зьбіраецца.
У кастрычніку судзьдзя Цэнтральнага суду Менску Натальля Вайцэховіч пакарала Юрыя Рубцова за зьнявагу судзьдзі Кірыла Палулеха. Той судзіў актывіста мінулай вясною — пасьля акцыі «Чарнобыльскі шлях—2014». Рубцоў быў на шэсьці ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!».
Міліцыянты затрымалі актывіста і прывезьлі ў суд у адных штанах. Калі судзьдзя Кірыл Палулех пагадзіўся судзіць Юрыя ў такім выглядзе, той, па словах судзьдзі, назваў яго «падонкам».
За зьнявагу судзьдзі актывіста асудзілі на на паўтара года папраўўчых работ — гэтак званай «хіміі».
21 лістапада Менскі гарадзкі суд пакінуў бязь зьменаў прысуд Рубцову. Цяпер Юры Рубцоў з адвакатам рыхтуюць скаргу на імя старшыні гэтага суду.
«Я наважаны прайсьці ўсе судовыя інстанцыі і, калі спатрэбіцца, то буду зьвяртацца ў Камітэт ААН па правах чалавека. І хаця беларускія ўлады ігнаруюць рашэньні Камітэту, я прайду гэты шлях», — кажа Юры Рубцоў.