Чэскія палітыкі прыйшлі на прэзэнтацыю кнігі Севярынца ў Празе

Перакладчыца Сьвятлана Ўранава і аўтар Павел Севярынец

На прэзэнтацыі кнігі Паўла Севярынца «Люблю Беларусь» у Доме нацыянальных меншасьцяў у Празе прысутнічалі экс-міністар замежных справаў Карэл Шварцэнбэрг, дэпутаты Эўрапейскага Парлямэнту ад Чэхіі Ярамір Шцеціна і Павэл Свобада.

Кнігу «Люблю Беларусь» Павал Севярынец напісаў падчас адбываньня пакараньня, гэтак званай «хіміі». Ажно 600 старонак на чэскую мову пераклала Сьвятлана Ўранава — чэская хрысьціянская актывістка. І гэта было выключна ейнай ініцыятывай.

Як распавяла Сьвятлана Ўранава, выданьне кнігі было ўвогуле пад пытаньнем, ужо ня кажучы пра ганарары за яе працу. Дапамаглі ж з выданьнем Рада БНР, беларуская суполка «Пагоня», чэскі ПЭН-цэнтар, мэрыя Прагі, а таксама чэскія палітыкі — хрысьціянскія дэмакраты і дэпутаты з найбуйнейшай фракцыі Эўрапейскага Парлямэнту — Эўрапейскай народнай партыі, як Павэл Свобада і Ярамір Шцеціна, якія гэтаксама асабіста прыйшлі на прэзэнтацыю кнігі беларускага палітыка і былога палітвязьня.

Прысутнічаў на імпрэзе і лідэр найбуйнейшай апазыцыйнай партыі Чэхіі ТОП 09 і былы міністар замежных справаў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг. Адзін з найбольш уплывовых чэскіх палітыкаў, які неаднаразова падтрымліваў Беларусь і крытыкаваў рэжым Лукашэнкі, адзначыў, што Беларусь заўсёды належала да эўрапейскай цывілізацыі і мусіць вярнуцца ў вялікую эўрапейскую сям’ю. Але пакуль падтрымкі Эўропы недастаткова.

«Беларусь — апошняя дыктатура Эўропы, і менавіта эўрапейскія краіны мусяць вярнуць яе на дэмакратычны шлях. Але калі казаць пра падтрымку з боку Эўрапейскага Парлямэнту, то яе мусіла б быць больш. Мы шмат кажам пра Ўкраіну і яе праблемы, але праз момант мы можам казаць пра беларускую праблему. Калі ж вы запытаеце эўрапейскіх палітыкаў, ці разумеюць яны, што Расея можа ўвесьці войскі ў Беларусь, то прыватна яны адкажуць, што так, разумеюць. Аднак публічна яны ніколі ня скажуць пра гэта», — распавёў Карэл Шварцэнбэрг.

Карэл Шварцэнбэрг адзначыў, што вельмі скептычны наконт эўрапейскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі. У выпадку ж расейскай вайсковай агрэсіі супраць нашай краіны Эўропа, паводле Карла Шварцэнбэрга, адрэагуе толькі «словамі абурэньня».

Аўтар кнігі, беларускі палітык, былы палітзьняволены Павал Севярынец адзначыў добрую працу хрысьціянскіх дэмакратаў у Чэхіі, якія ня толькі дапамаглі з выданьнем кнігі «Люблю Беларусь» на чэскай мове, але і арганізавалі шэраг сустрэчаў на найвышэйшым узроўні ў Празе.

«Выданьне кнігі — гэта такі мост, які зьявіўся паміж Чэхіяй і Беларусьсю праз 500 гадоў пасьля таго, як Францішак Скарына выдаў сваю Бібліі ў друкарні чэха — Паўла Севярына. Гэта вельмі знакава, а для мяне як хрысьціяніна гэта вельмі важна».

Павал распавёў, што падчас візыту ў Прагу з нагоды прэзэнтацыі кнігі сустрэўся з чэскімі палітыкамі, дэпутатамі Эўрапарлямэнту, кіраўніцтвам Парлямэнту Чэхіі, а таксама зь віцэ-прэм’ерам Паўлам Белабрадкам. Такая ўвага з боку чэскіх палітыкаў, паводле Севярынца, сьведчыць пра тое, што для чэхаў важная Беларусь, асабліва цяпер, падчас украінскіх падзеяў:

«Пасьля Ўкраіны ўсе зьвярнулі свае позіркі ў Беларусь, вельмі многія працьверазелі. Калі да гэтага колькасьць прыхільнікаў гешэфту з Пуціным была большая, то цяпер усеагульная трывога. Яны разумеюць, што сёньня Ўкраіна, заўтра Беларусь, пасьлязаўтра Польшча ці Чэхія».

Падчас сустрэчаў у чэскім парлямэнце, беларускі палітык зьвярнуў увагу, што беларусам патрэбны шэраг законапраектаў, якія скіраваныя на хуткія, амаль імгненныя рэформы і абарону незалежнасьці ў выпадку пагрозы з боку ўсходняга суседа. Як кажа Севярынец, з боку Чэхіі ён атрымаў канкрэтныя прапановы дапамогі.

«Віцэ-прэм’ер Чэхіі — вельмі канкрэтны чалавек. Зь ім у нас ішла гаворка пра сур’ёзную дапамогу дэмакратыі ў Беларусі. У нас былі канкрэтныя размовы з кіраўнікамі профільных камітэтаў парлямэнту пра стажыроўкі для беларускіх экспэртаў, пра экспэртызы, якія чэскія экспэрты могуць рабіць для законапраектаў, распрацаваных у Беларусі. І пра тое, як разам шукаць дапамогі для такіх шырокамаштабных праектаў у Беларусі. Памятаюць тут і пра рэпрэсіі ў дачыненьні да студэнтаў, якіх выключылі зь беларускіх ВНУ».

Паводле Паўла Севярынца, ёсьць у Чэхіі і палітыкі, гатовыя забыць пра правы чалавека ў Беларусі, наяўнасьць палітвязьняў у краіне і гатовыя дамаўляцца з Аляксандрам Лукашэнкам, але асабіста Севярынец з такімі не сустракаўся. Агульным жа фонам некаторых сустрэчаў стала крытыка дзейнага прэзыдэнта Чэхіі Мілаша Зэмана, вядомага сваёй прарасейскай рыторыкай і падтрымкай дзеяньняў Уладзіміра Пуціна. Але, паводле Севярынца, многія чэхі не разумеюць прэзыдэнта і думаюць інакш.

Павел Севярынец

Карэл Шварцэнбэрг

Яраслаў Шцеціна

Павэл Свобада