У выніку дзеяньняў фанатаў менскага «Дынама» ў Флярэнцыі перад матчам Лігі Эўропы зь мясцовай «Фіярэнцінай» 11 сьнежня паранена некалькі паліцэйскіх.
Італьянская газэта La Repubblica паведамляе аб трох, Firenze Post — аб чатырох пацярпелых ахоўніках парадку.
Паводле інфармацыі італьянскіх СМІ, група заўзятараў «Дынама» ў колькасьці прыкладна 60 чалавек адмовілася ехаць на стадыён на аўтобусе, вырашыўшы арганізаваць шэсьце па горадзе. Фанаты заблякавалі адну з магістраляў горада, многія былі ў стане алькагольнага ап’яненьня пасьля наведваньня піўбара.
Там яны захапілі з сабой піўныя кубкі і крэслы, якія затым пачалі кідаць у паліцэйскіх. Пацярпела і сама ўстанова.
У затрыманых фанатаў канфіскаваныя дубінкі, дымавыя шашкі, паведамляе БелаПАН.