Абраньне Барака Абамы на пасаду прэзыдэнта ў 2008 годзе спарадзіла спадзяваньні на надыход пасьлярасісцкай эпохі. Зьяўленьне афраамэрыканца ў Белым доме паклала сымбалічны канец кепскай спадчыне краіны, зь яе рабаўладаньнем і ўзаконеным расізмам.
Аднак нядаўнія рашэньні калегіі прысяжных, якія пастанавілі не прад’яўляць афіцыйнага абвінавачаньня белым паліцыянтам, што забілі чарнаскурых падазраваных, выклікалі вулічныя пратэсты па ўсёй краіне. Гэта зноў прыцягнула ўвагу грамадзтва да закаранелай праблемы расавага падзелу.
«Я заўсёды казаў пра абсурднасьць ідэі аб тым, што расізм застаўся ў мінулым. Тыя, хто падтрымліваюць гэты „пасьлярасісцкі“ міт, ці то наіўныя, ці то крывяць душой, — напісаў на гэтым тыдні ў газэце The Washington Post аглядальнік Юджын Робінсан. — Цяпер, на жаль, вы бачыце чаму».
3-га сьнежня вялікае журы прысяжных вынесла рашэньне не прад’яўляць абвінавачваньняў нью-ёрскаму паліцыянту за сьмерць афраамэрыканца Эрыка Гарнэра, якога падазраюць у нелегальным гандлі цыгарэтамі.
На відэазапісе ліпеньскага інцыдэнту бачна, як паліцыянт пры затрыманьні душыць Гарнэра, а той, перш чым страціць прытомнасьць, некалькі разоў паўтарае: «Я не магу дыхаць». Мэдпрацаўнікі і паліцыянты, якія прыбылі да месца інцыдэнту, на некалькіх хвілінаў пакінулі яго ляжаць на зямлі і не аказвалі дапамогі. Хворы на астму 43-гадовы Гарнэр неўзабаве памёр.
Паводле заключэньня гарадзкога судмэдэкспэрта, сьмерць наступіла ў выніку выкарыстаньня паліцыянтам удушальнага захопу.
Выраз «Я не магу дыхаць!» стаў дэвізам пратэстоўцаў па ўсёй краіне, якія адносяцца да ўсіх расавых групаў. Людзі абураныя рашэньнем прысяжных не выстаўляць абвінавачаньняў паліцыянту, нягледзячы на адназначнасьць відэазапісу.
Усяго за некалькі тыдняў да гэтага рашэньня іншае вялікае журы прысяжных таксама пастанавіла не прад’яўляць абвінавачваньняў беламу паліцыянту, які застрэліў 18-гадовага афраамэрыканца ў мястэчку Фэргасан (штат Місуры).
У гэтым выпадку паліцыянт сьцвярджаў, што дзейнічаў у мэтах самаабароны. Сьведкі фатальнага інцыдэнту далі супярэчлівыя паказаньні. Відэазапісу здарэньня не было.
Многія лічаць, што абодва выпадкі падкрэсьліваюць як перадузятае стаўленьне праваахоўных органаў ЗША да афраамэрыканцаў мужчынскага полу, гэтак і беспакаранасьць паліцыянтаў, якія зьдзейсьнілі забойства чарнаскурых падазраваных пры выкананьні службовых абавязкаў.
Кажучы пра крымінальныя справы з расавай падаплёкай, амэрыканскі прэзыдэнт Барак Абама неаднаразова падкрэсьліваў, што ЗША — гэта краіна, якая падпарадкоўваецца законам. 4-га сьнежня, на наступны дзень пасьля рашэньня па справе Гарнэра, Абама заявіў: «Як мы, на жаль, пераканаліся цягам апошніх дзён, калі справа тычыцца нашай сыстэмы крымінальнага правасудзьдзя, занадта многія амэрыканцы адчуваюць глыбокую несправядлівасьць у адрозьненьні паміж ідэаламі, да якіх мы імкнемся, і законамі ў іх штодзённым ужываньні».
«Доўгая гісторыя расізму»
На думку вядомага журналіста і грамадзкага дзеяча афраамэрыканскага паходжаньня Та-Нэхісі Коўтса, праблему прымяненьня гвалту паліцыянтамі ў дачыненьні чарнаскурых у ЗША ня варта разглядаць як самастойную зьяву, а хутчэй, як частку шырэйшай праблемы расізму.
«Гэтая краіна мае доўгую гісторыю расізму, і сыстэма крымінальнага правасудзьдзя зьяўляецца, бадай, найбольш відавочнай прыладай правядзеньня [палітыкі] расізму. Аднак ані сыстэма крымінальнага правасудзьдзя, ані паліцыя зусім не зьяўляюцца крыніцамі расізму. Паліцыя толькі выконвае пажаданьні таго грамадзтва, зь якога яна выводзіцца», — сказаў Коўтс у інтэрвію тэлекампаніі MSNBC.
У сваёй ацэнцы сытуацыі расавых ўзаемаадносінаў Коўтс не самотны.
Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, на тле працяглай няроўнасці паміж белымі і чорнымі паводле цэлага шэрагу дэмаграфічных паказьнікаў, афраамэрыканцы прытрымліваюцца ўсё больш змрочных поглядаў на расавыя дачыненьні.
У жніўні дасьледчая арганізацыя «Pew Research Center» і газэта «USA Today» правялі апытаньне грамадзкай думкі. Паводле яго, большасьць як белых, гэтак і чорных лічаць міжрасавыя дачыненьні добрымі. Аднак колькасьць тых афраамэрыканцаў, якія прытрымліваюцца гэтага пункту погляду, панізілася на 12 працэнтных пунктаў (з 76 да 64), пачынаючы з 2009 году, калі Абама стаў прэзыдэнтам.
Разам з тым, зьвесткі Бюро перапісу насельніцтва ЗША, а таксама зьвесткі сабраныя і апрацаваныя кампаніяй «Блумбэрг» дэманструюць, што, нягледзячы на тое, што за апошнія 50 гадоў колькасьць афраамэрыканцаў, якія жывуць за мяжой беднасьці, скарацілася, яны працягваюць адставаць ад беласкурых грамадзянаў па ўзроўні заробку, жыльлёвых умоваў, працаўладкаваньня і адукацыі. Саступаюць яны таксама і ў сярэдняй працягласьці жыцьця і ў іншых паказьніках.
Паводле зьвестак ФБР з 2011 года, афраамэрыканцы непрапарцыйна часта фігуруюць у справах аб забойстве ў якасьці ахвяраў або злачынцаў. Нягледзячы на тое, што афраамэрыканцы складаюць менш за 13 адсоткаў насельніцтва ЗША, летась ахвярамі больш чым паловы забойстваў сталі менавіта яны.
4 сьнежня, кажучы пра праблему няроўнасьці, Абама заявіў: «Сэрцам амэрыканскіх ідэалаў ёсьць адчуваньне, што мы разам. Нікому не гарантаваны посьпех, але магчымасьці дадзеныя кожнаму. І мы гатовыя зрабіць усё, каб пракласьці дарогу да посьпеху ня толькі нашым уласным дзецям, але і ўсім».
«У пэўным сэнсе, усе — нашыя дзеці, мы нясем адказнасьць за ўсіх», — дадаў ён.
«Амэрыканская праблема»
Адразу ж пасьля пастановы калегіі прысяжных па справе аб сьмерці Гарнэра, Абама пакляўся, што «зробіць усё, каб мы жылі ў краіне, дзе кожны верыць у асноўны прынцып ўсеагульнай роўнасьці перад законам». Ён падкрэсьліў ўсю важнасьць адзінства паміж людзьмі рознай расавай прыналежнасьці.
«На ўсіх на нас як на амэрыканцах, незалежна ад расы, рэлігіі, веравызнаньня ляжыць абавязак прызнаць гэтую праблему як агульнаамэраканскую — ня чорную, не карычневую і не праблему карэннага насельніцтва», — заявіў Абама.
Дырэктар Інстытуту афраамэрыканскіх дасьледаваньняў пры Канэктыкуцкім унівэрсытэце Джэлані Коб параўноўвае рэакцыю Абамы на справу Гарнэра з публічнымі заявамі прэзыдэнта, якія зьявіліся пасьля іншых забойстваў чарнаскурых, якія выклікалі шырокі пратэст у ЗША цягам апошніх гадоў.
Адзначаючы, што ва ўсіх гэтых заявах Абама прытрымліваецца аднолькавай танальнасьці і выказвае павагу да судовай сыстэмы ЗША, Коб піша, што зьмяняюцца толькі імёны ахвяраў.
«Прэзыдэнт Абама ў гэтым не вінаваты, але гэта, тым ня меней, кідае цень на ягоную рэпутацыю. Усе гэтыя праблемы выклікаюць у прэзыдэнта заклікі да „загойваньня [ранаў]“. Але загойваньня не адбываецца. У нас застаюцца шнары», — напісаў Коб 4 сьнежня ў сваім артыкуле ў часопісе «The New Yorker».
Тым часам, пастанова калегіі прысяжных па справе Гарнэра ледзь не заняла мову аднаму з найбольш шанаваных амэрыканскіх сатырыкаў і палітычных камэнтатараў.
«Мы дакладна не жывем у вольным ад расізму грамадзтве, — пачаў свой ўступны маналёг вядучы палітыка-сатырычнай праграмы „The Daily Show“ Джон Сцюарт. — Магу паспрачацца, што многія людзі задаюць сабе пытаньне, ці ў цывілізаваным грамадзтве мы жывем. <...> Я ня ведаю, што і адказаць».
У артыкуле выкарыстаны матэрыялы кампаніі «Блумбэрг».