У Азэрбайджане кінулі за краты журналістку «Свабоды», якая раззлавала ўлады — сусьветныя мэдыі пра арышт Хадзіджы Ісмаілавай

Найбуйнейшыя сусьветныя мэдыі прысьвяцілі шэраг публікацыяў арыштаванай ў Азэрбайджане журналістцы мясцовай службы Радыё Свабода Хадзіджы Ісмаілавай.

Яе афіцыйна вінавацяць «давядзеньні да самагубства» былога супрацоўніка ANS TV Турала Мустафаева, які 21 кастрычніка выпіў атруту і трапіў у шпіталь у цяжкім стане. Ісмаілавай пагражае ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі. Брытанскі штодзёньнік The Guardian цытуе словы галоўнага рэдактара Радыё Свабода Нэнада Пэіча, які называе папярэдні арышт журналісткі Хадзіджы Ісмаілавай «абуральным»:

«Гэта яшчэ адна спроба змусіць замаўчаць Ісмаілаву, якая расьследавала карупцыю ва ўрадзе і парушэньні правоў чалавека ў Азэрбайджане. Хадзіджу караюць за журналістыку», — цытуе Нэнада Пэіча The Guardian.

Штодзёньнік піша, што «ў кастрычніку Хадзіджа Ісмаілава была пазбаўленая магчымасьці паехаць у Злучаныя Штаты, каб даваць паказаньні на слуханьнях па барацьбе з карупцыяй, а пазьней журналістцы адмовілі ў візе для ўдзелу ў міжнароднай канфэрэнцыі ў Празе».

The Guardian распавядае, што Ісмаілава шырока асьвячала ў сваіх рэпартажах фінансавую дзейнасьць прэзыдэнта Аліева:

«Яна была пад пагрозай фізычнай расправы і арышту з 2012 года. У лютым афіцыйныя мэдыі зьвінавацілі яе ў шпіянажы на карысьць ЗША пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі Сэнату ў Баку». Агенцтва навінаў Trend цытуе словы віцэ-сьпікер Нацыянальнага сходу Азэрбайджану Бахар Мурадавай. Гэтак, паводле яе, «палітычная ацэнка справы Хадзіджы Ісмаілавай як у краіне, гэтак і па-за яе межамі — незаконная і можа нэгатыўна паўплываць на расьсьледаваньне».

Гэта яшчэ адна спроба змусіць замаўчаць Ісмаілаву, якая расьследавала карупцыю ва ўрадзе і парушэньні правоў чалавека ў Азэрбайджане. Хадзіджу караюць за журналістыку

Хадзіджу Ісмаілаву дапытвалі паводле факту спробы самагубства былога супрацоўніка азэрбайджанскай службы Радыё Свабода Турала Мустафаева, які ў кастрычніку выпіў пацучыную атруту і быў дастаўлены ў шпіталь у крытычным стане. Паводле ж віцэ-спікера Мурадавай, «сотні і тысячы такіх злачынстваў зьдзяйсьняюцца ў краіне, аднак ані гарамадзтва, ані замежныя колы не праяўляюць такой цікавасьці, а Дзярждэпартамэнт ЗША не выказвае заклапочанасьці з падобных нагодаў». А таму, паводле яе, такая павышаная ўвага да справы, якая датычыць толькі двух бакоў канфлікту, яе зьдзіўляе. Тое ж самае агенцтва цытуе словы найвышэйшых чыноўнікаў Азэрбайджану пра тое, што арышт Ісмаілавай ня мае аніякіх палітычных падставаў, а «заявы некаторых мясцовых і замежных арганізацыяў па гэтым пытаньні зьяўляюцца прадузятымі і неабгрунтаванымі, што стварае ўражаньне працэсу кантраляванага з аднаго цэнтра». Амэрыканскі часопіс Foreign Policy апублікаваў тэкст з назваю «Два твары азэрбайджанскага ўраду», . Артыкул распавядае, што папярэдні арышт Ісмаілавай, якая вядомая сваімі расьсьледаваньнямі, якія выкрываюць карупцыю ва ўрадзе, зьяўляецца «ідэальнай ілюстрацыяй двух абліччаў палітыкі Азэрбайджану ў дачыненьніда ЗША»:

«Урад Азэрбайджану фінансава падтрымліваў заходніх лабістаў і аналітычныя цэнтры, каб пераканаць палітыкаў у ЗША і Эўропе, што Азэрбайджан зьяўляецца верагодным і дэмакратычным партнэрам. Аднак у сябе дома ўрад распавядае зусім іншую гісторыю. Цягам некалькіх апошніх гадоў, рэжым у Баку сыстэматычна зьнішчаў незалежныя інстытуцыі, як мэдыі, палітычныя партыі і — зусім нядаўна — недзяржаўныя арганізацыі — усё пад падставаю абароны супраць заходняга ўплыву».

Між тым толькі сёньня незалежнае інфармацыйнае агенцтва ў Азэрбайджане «Туран» паведаміла, што ў СІЗА, дзе ўтрымліваюць Ісмаілаву, адмовіліся прыняць для журналісткі харчовую перадачу. Прычына, як паведамляе агенцтва, у тым, што ежу ў СІЗА прымаюць толькі раз на тыдзень. «Туран» піша, што ў абарону Ісмаілавай выступіў Міжнародны камітэт абароны журналістаў, які знаходзіцца ў Нью-Ёрку і Міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House.

Амэрыканскі штодзёньнік New York Times піша, што арышт Хадзіджы Ісмаілавай, журналістыкі Радыё Свабода, якое фінансуецца ўрадам ЗША, «стаў апошнім і найбольш радыкальным крокам у рэзкім пагаршэньні дачыненьняў паміж Азэрбайджанам і Захадам».

«У чацьвер урад Азэрбайджану апублікаваў 60-старонкавы маніфэст, які напісаў кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Азэрбайджану Раміз Мехціеў. Палітык вінаваціць Злучаныя Штаты ў сучасным «каляніялізме», а супрацоўнікаў азэрбайджанскай службы Радыё Свабода ў здрадзе і спробах задаволіць «партнэраў за мяжой».

Штодзёньнік New York Times піша, што Мехціеў назваў Ісмаілаву «найлепшым прыкладам» журналістаў, якія працуюць супраць ураду. Паводле Мехціева, журналіста распаўсюджвала «абразьлівую хлусьню і абсурдныя заявы».