Заява Рады БНР зьмешчаная на яе афіцыйнай старонцы ў фэйсбуку.
“Паводле Будапэшцкага мэмарандуму, Рэспубліка Беларусь узяла на сябе абавязак вывесьці з сваёй тэрыторыі ядравую зброю, якая была разьмешчаная на тэрыторыі Беларусі кіраўніцтвам СССР, - гаворыцца ў запяве Рады БНР. - Узамен гэтага Расея, Вялікая Брытанія і ЗША бралі на сябе, сярод іншага, наступныя абавязкі: паважаць незалежнасьць, сувэрэнітэт і існуючыя межы Рэспублікі Беларусь; устрымлівацца ад пагрозы сілы або яе ўжываньня супраць тэрытарыяльнае цэласьці Рэспублікі Беларусь; устрымлівацца ад эканамічнага прымусу, скіраванага на тое, каб падпарадкаваць сваім уласным інтарэсам ажыцьцяўленьне Рэспублікай Беларусь правоў, якія належаць яе сувэрэнітэту; дамагацца неадкладных дзеяньняў Рады Бясьпекі ААН дзеля дапамогі Рэспубліцы Беларусь ў выпадку, калі Рэспубліка Беларусь станецца ахвяраю акту агрэсіі ці аб'ектам пагрозы агрэсіі”.
Аналягічны мэмарандум быў падпісаны з Украінаю і Казахстанам, нагадваецца ў заяве.
“ Рэспубліка Беларусь, Украіна і Рэспубліка Казахстан цалкам выканалі свае абавязкі згодна з Мэмарандумам, - адзначаецца ў заяве Рады БНР. -- Аднак падзеі 2014 года – перадусім, незаконная збройная анэксія Крыма і распальваньне вайны ў Данэцкай і Луганскай абласьцях Украіны – явілі сабою сытуацыю, у якой Расейская Фэдэрацыя бясспрэчна парушыла ўсе пункты Будапэшцкага мэмарандуму з Украінаю, акрамя тых, якія тычацца выкарыстаньня супраць Украіны ядравае зброі”.
Рада БНР заўважае, што “гэта важны нэгатыўны прэцэдэнт для Беларусі, якая дэ-факта даўно зьяўляецца аб’ектам эканамічнае агрэсіі з боку Расеі і чые сілавыя структуры ў значнай ступені кантралююцца Расеяю. Сувэрэнітэт Беларусі, а таксама бясьпека на эўрапейскім кантынэнце ўвогуле, застаюцца пад вялікай пагрозаю ў сувязі з агрэсіўнай рэваншысцкай палітыкай сучаснага расейскага кіраўніцтва і асабіста прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Грубае парушэньне і фактычная дэнансацыя Будапэшцкага мэмарандуму з боку Расейскае Фэдэрацыі шматкроць падвысілi гэтую пагрозу”.
Рада БНР заклікала міжнародную супольнасьць, " і перадусім Вялікую Брытанію і ЗША як краіны, што таксама падпісалі Будапэшцкі мэмарандум, а таксама Францыю, якая далучылася да гарантыяў бясьпекі Ўкраіне, аказаць усю магчымую падтрымку Ўкраіне ў абароне яе сувэрэнітэту і тэрытарыяльнае цэласьці. У тым ліку гэткая падтрымка павінна ўключаць вайсковую і матэрыяльную дапамогу, а таксама экспэртную дапамогу ўраду Ўкраіны пры распрацоўцы і рэалізацыі праграмы рэформаў; актыўна спрыяць дэмакратызацыі палітычнага рэжыму ў Рэспубліцы Беларусь. Менавіта рэжым неабмежаванай асабістай улады Аляксандра Лукашэнкі зьяўляецца галоўнай пагрозаю для незалежнасьці Беларусі”.
Спасылаючыся на пункты “Мэмарандуму аб захадах для забесьпячэньня незалежнасьці Беларусі”, падпісанага 3 лістапада 2012 г., (т.зв. «Віленскі Мэмарандум»), Рада БНР заклікала “ўсе беларускія палітычныя сілы да зьдзейсьненьня ўсіх магчымых міжнародных захадаў дзеля гарантаваньня незалежнасьці Беларусі ў становішчы, калі наяўныя гарантыi паказваюць сваю недастатковасьць”.