Падчас новай сустрэчы трохбаковай кантактнай групы Ўкраіна—Расея—АБСЭ, якая можа адбыцца 9 сьнежня ў Менску, бакі паспрабуюць зноў вярнуцца да пытаньня выкананьня мінулых дамоўленасьцяў. Але з часу перамоваў у верасьні стаўленьне бакоў да сытуацыі ў Данбасе істотна зьмянілася.
Такую думку Радыё Свабода выказалі экспэрты.
Прафэсар паліталёгіі Кіева-Магілянскай акадэміі Аляксей Гарань у інтэрвію Радыё Свабода падкрэсьлівае, што сёньня гаворка ідзе не пра нейкі новы парадак дня трохбаковай кантактнай групы, а пра неабходнасьць выкананьня мінулых менскіх дамоўленасьцяў (пратакол ад 5 верасьня і мэмарандум ад 19 верасьня).
Пры гэтым, на яго думку, на сёньня ў новым раўндзе менскіх перамоваў больш слабую пазыцыю маюць Расея і сэпаратысты.
«Я думаю, што цяпер становішча ў баевікоў у эканамічным пляне вельмі цяжкае: Расея насамрэч ня можа эканамічна забясьпечыць акупаваныя раёны Данбасу, а „Груз-200“ у Расею ідзе. Таму, я лічу, што і Расея, і сэпаратысты, якіх яна падтрымлівае, вымушаныя манэўраваць. У гэтых умовах узьнікае магчымасьць для таго, каб паспрабаваць хаця б часткова забясьпечыць выкананьне менскіх дамоўленасьцяў», — кажа Гарань.
Але якім будзе вынік новай менскай сустрэчы, экспэрт прадказаць не бярэцца.
Расейскі палітоляг Дзьмітры Арэшкін лічыць, што сёньня можна назіраць за сытуацыяй, калі і Ўкраіна, і сэпаратысты, якіх падтрымлівае Расея, ня маюць рэсурсаў, каб працягваць сілавое супрацьстаяньне. Таму бакі так ці інакш вымушаны дамаўляцца, хаця сытуацыя застаецца шмат у чым заблытанай.
«Праблема, на мой погляд, мае і іншае вымярэньне. У масавай сьвядомасьці расейскіх грамадзянаў веліч краіны шчыльна зьвязаная зь яе памерамі, і новая зямля сымбалічна пацьвярджае моц дзяржавы. Але, на жаль для Расеі, гэта сыстэма каштоўнасьцяў — для XIX стагодзьдзя: чым больш тэрыторыяў пад кантролем, тым больш у цябе рэкрутаў, тым больш пасьпяховая ваенная палітыка і тым ты мацнейшы як імпэратар. У XXI стагодзьдзі сытуацыя дыямэтральная супрацьлеглая: тэрыторыя — гэта перш за ўсё тое, што мае патрэбу ў інвэстыцыях, прычым немаленькіх. А ўжо тэрыторыя са зьнішчанай эканомікай, разьбітай інфраструктурай і дэзарыентаваным насельніцтвам мае патрэбу ў інвэстыцыях утрая большых», — тлумачыць палітоляг.
Менавіта таму, кажа Арэшкін, хутка мы пабачым сытуацыю, калі луганская і данецкая зямля, за якую праліта так шмат крыві, ня будзе патрэбна ні Расеі, ні Ўкраіне. Цяпер абодва бакі будуць спрабаваць адмовіцца ад Данбасу, таму што разумеюць, якія вар’яцкія грошы патрэбныя, каб прывесьці ў парадак разбураны вайной рэгіён.
«З абодвух бакоў будуць спрабаваць закінуць гэтую тэрыторыю, як гарачую бульбу за каўнер суседу. Таму менская сустрэча можа набыць зусім нечаканае вымярэньне: хто будзе браць на сябе эканамічныя нягоды за аднаўленьне гэтых тэрыторыяў? І тут, з той жа энэргіяй, зь якой яшчэ нядаўна абодва бакі спрабавалі адцягнуць тэрыторыю да сябе, цяпер яны будуць ад яе адпіхвацца. Для гэтага таксама патрэбная нейкая сыстэма дамоўленасьцяў. Менавіта праз гэта менскі працэс, за адсутнасьцю іншага, рэанімуецца», — упэўнены Арэшкін.
З пункту гледжаньня Арэшкіна, менавіта ў гэтым разуменьні непатрэбнасьці тэрыторыяў Луганскай і Данецкай абласьцей, якія кантролююць сэпаратысты, заключаецца галоўнае адрозьненьне паміж перамовамі ў верасьні і ў сьнежні.
Улетку кіеўскія ўлады спадзяваліся адрэзаць ЛНР і ДНР ад мяжы з Расеяй і разграміць сэпаратыстаў. Але ў крытычны момант Крэмль увёў свае войскі, што дазволіла захаваць сэпаратысцкія ўтварэньні. Між тым, большага ніводзін з бакоў у той момант зрабіць ня мог, таму Расея і Ўкраіна вырашылі зафіксаваць статус-кво.
Арэшкін адзначае, што ў гэтым сэнсе менскі працэс са сваёй функцыяй справіўся, хаця дамоўленасьці выконваліся і ня ў поўным аб’ёме.
«Цяпер Расея зразумела, што ёй гэтыя Луганск і Данецк, гэтая „Мікранаваросія“ зусім не патрэбная, акрамя як прапагандысцкі сюжэт. Ды і ва Ўкраіне пачынаюць сумнявацца, што рацыянальна змагацца за гэтую тэрыторыю — што там, мёдам намазана ў рэшце рэшт? Якая карысьць Украіне ад насельніцтва, якое цяпер ненавідзіць кіеўскую ўладу, якое дезарыентаванае, якое знаходзіцца на мяжы выжываньня? То бок, калі ў жніўні бакі ўсьвядомілі ўласную няздольнасьць сілавым чынам узяць гэтую тэрыторыю пад кантроль, то сёньня праз тры месяцы, цьвяроза ўзважыўшы сытуацыю, яны, падобна, думаюць, што ня вельмі ўжо і хацелася. Пытаньне ў тым, як, ня страціўшы твар, з гэтай сытуацыі выбрацца. У гэтым сэнсе сытуацыя радыкальна зьмянілася, і бліжэйшыя некалькі месяцаў жыхарам Луганску і Данецку давядзецца зрабіць для сябе непрыемнае адкрыцьцё. Яны думалі, што яны — цэнтар сусьветнай барацьбы за справядлівасьць, а атрымалася, што яны наагул мала каму патрэбныя і цікавыя. Гэта будзе вельмі непрыемнае адкрыцьцё для іх», — лічыць экспэрт.
Яшчэ ў суботу прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што, паводле папярэдніх дамоўленасьцяў, паседжаньне трохбаковай кантактнай групы Україна—Расея—АБСЭ адбудзецца ў Менску 9 сьнежня. Як паведамляе прэс-служба ўкраінскага лідэра, Украіна чакае, што па выніках сустрэчы будзе зацьверджаны графік рэалізацыі менскіх дамоўленасьцяў.
У сваю чаргу данецкія сэпаратысты заявілі, што да 9 сьнежня не пасьпеюць узгадніць шэраг важных пытаньняў «са сваім кіраўніцтвам», і сустрэча, на іх думку, павінна адбыцца не раней, чым 12 сьнежня.
Як паведаміў прадстаўнік ДНР Дзяніс Пушылін, сэпаратысты патрабуюць увядзеньня ў дзеяньне ўкраінскага закона аб адмысловым статусе асобных раёнаў Данбасу, а таксама жадаюць пачуць пазыцыю ўладаў Украіны па паэтапным зьняцьці «эканамічнай блякады Данбасу».