Улады Нігерыі затрымалі расейскі грузавы самалёт і яго экіпаж, які гаворыць па-француску. Самалёт зьдзейсьніў вымушаную пасадку ў горадзе Кано на поўначы Нігерыі. На яго борце была знойдзеная незадэкляраваная зброя.
Камандаваньне нігерыйскіх ваенна-паветраных сілаў пацьвердзіла затрыманьне самалёта, але іншых падрабязнасьцяў не паведаміла.
Самалёт накіроўваўся са сталіцы Цэнтральнаафрыканскай рэспублікі горада Банга ў сталіцу Чада горад Нджамена, але быў вымушаны зьдзейсьніць пасадку ў Кано ў сувязі з часовым закрыцьцём аэрапорту Нджамены.
На борце расейскага самалёта знаходзіліся два верталёты, браніраваны пазадарожнік і скрыні, як мяркуецца, са зброяй.
Пяцёра чальцоў экіпажу затрыманыя для допыту і расьсьледаваньня абставінаў незаконнай перавозкі ваенных грузаў і ўстанаўленьня іх атрымальнікаў.