Кадыраў: Сем'і тэрарыстаў будуць выдварацца з Чачэніі

Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў заявіў аб узмацненьні жорсткасьці захадаў процідзеяньня тэрарыстам. Калі баявік у Чачэніі зробіць забойства супрацоўніка паліцыі ці іншага чалавека, яго сям’я будзе неадкладна выправаджаная за межы Чачэніі бяз права вяртаньня, а дом зьнесены разам з падмуркам, — напісаў Кадыраў у пятніцу ў сваім інстаграме.

«Гэта павінны ведаць усе, перш чым накіраваць зброю на супрацоўніка паліцыі або іншага чалавека. Я нікому не дазволю праліваць тут кроў!», — падкрэсьліў Кадыраў. Ён паведаміў, што правёў нараду зь міністрамі, кіраўнікамі і судзьдзямі раёнаў і начальнікамі АУС, на якім «паставіў выключна жорсткую, але справядлівую ўмову: калі зь якога-небудзь раёна хоць адзін чалавек незаконна возьме ў рукі зброю і апынецца сярод бандытаў, гэтыя людзі неадкладна сыдуць у адстаўку».

«Няхай працуюць днём і ноччу, каб гэта не адбылося», — заявіў Кадыраў.

Раней паведамлялася, што колькасьць паліцыянтаў, якія загінулі ў выніку нападу ў цэнтры Грознага 4 сьнежня склала 14 чалавек. У пятніцу ж кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў паведаміў, што забітыя ўсе 11 з тых, хто нападаў.

Паводле яго слоў, напад арганізаваў брат Доку Умарава — Ахмат, які знаходзіцца на тэрыторыі Турэччыны, і ўлады Расеі павінны запатрабаваць яго выдачы.