Грамадзкі актывіст Віталь Гуляк аштрафаваны на 3 мільёны рублёў. Яго зьвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі, што адбылася 26 кастрычніка, падчас якой актывісты з розных гарадоў Беларусі ўшаноўвалі памяць паўстанцаў 1863 года.
Паводле Гуляка, працэс над ім адбываўся ў Ваўкавыскім судзе, супраць яго сьведчылі два міліцыянта са Сьвіслачы. Яны паказалі, што Гуляк не парушаў грамадзкага парадку, не трымаў у руках незарэгістраванай сымболікі і не выступаў, а папросту знаходзіўся сярод іншых удзельнікаў акцыі.
«Абсурд гэта ўсё, ужо колькі чалавек асудзілі, усім кажуць, што не парушалі правапарадку, а даюць штрафы. Мне яшчэ судзьдзя ўлічыў, што я інвалід і знаходжуся на пэнсіі, то штраф даў толькі 20 мінімалак, хаця ў гэтым годзе па адным і тым самым артыкуле судзяць ужо другі раз».
Сёлета ў сакавіку Віталь Гуляк быў асуджаны за правядзеньне несанкцыянаванага пікета супраць ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну.
За ўдзел у Дні памяці 26 кастрычніка ў Сьвіслачы ўжо асуджаныя 6 чалавек, яшчэ 9 чалавек чакаюць разгляду складзеных у дачыненьні да іх пратаколаў пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэньне.