Баі ў Грозным: Дом друку згарэў, баевікі захапілі школу

У цэнтры Грознага працягваецца бой паміж баевікамі і расейскімі сілавікамі. Паводле апошніх зьвестак, забітыя 9 баевікоў, загінулі таксама 10 супрацоўнікаў паліцыі і 28 атрымалі раненьні. Адказнасьць за нападзеньні ў цэнтры Грознага ўзяла на сябе тэрарыстычная арганізацыя «Імарат Каўказ».

У ноч на чацьвер група ўзброеных людзей захапіла Дом друку. Перад тым, як схавацца ў будынку, чачэнскія сэпаратысты напалі на пост дарожна-патрульнай службы. Супрацоўнікі паліцыі спрабавалі спыніць падазроны аўтамабіль. Паміж баевікамі і паліцэйскімі завязалася перастрэлка.

Як паведаміў расейскім СМІ кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў, усе 7 баевікоў, якія захапілі Дом друку, падчас штурму былі забітыя. Сам будынак Дома друку згарэў, і яго ўжо нават ня будуць аднаўляць.

Між тым яшчэ адна група баевікоў блякаваная ў школе № 20 — гэты раён ачэплены, відавочцы паведамляюць, што там цяпер ідзе бой. Кадыраў заявіў, што баевікі «ўзброеныя вельмі сур’ёзна», у іх ёсьць кулямёты і гранатамёты.

Між тым, відавочца з Грознага — журналіст Мілана Мазаева распавяла ў эфіры «Эхо Москвы», што, паводле яе дадзеных, у горадзе знаходзяцца ад ста да двухсот баевікоў, якія засяроджаныя ў цэнтры Грознага.

Паводле слоў Мазаевай, і напад баевікоў на Грозны — гэта надзвычайная сытуацыя для сёньняшняй Чачні. «Гэтага насамрэч ніхто ня мог уявіць, каб у кадыраўскай Чачні можа такое адбыцца», — адзначыла яна.

Тым часам на youtube зьявіліся некалькі відэа падзей каля Дома друку ў Грозным. Мяркуючы па гэтых відэа, будынак апынуўся пад моцным абстрэлам сілавікоў, там адбываўся сапраўдны бой.

Адказнасьць за напад на Грозны ўзялі на сябе баевікі тэрарыстычнай групоўкі «Імарат Каўказ» — відэа з адпаведнай заявай было апублікаванае ў Інтэрнэце. Яны называюць гэта актам адплаты за прыгнёт мусульманскіх жанчынаў.

У Грозным уведзены рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі.