Андрэя Мялешку зьвінавацілі ў працы на замежныя СМІ без акрэдытацыі МЗС Беларусі. Гэта ўжо трэці прысуд па тым самым артыкуле, які вынесьлі журналісту сёлета.
Паводле самога Мялешкі, ён падрыхтаваў матэрыял пра прэзэнтацыю кнігі «400 імёнаў Гарадзеншчыны» і запісаў інтэрвію з гарадзенскім прафэсарам Валерам Чарапіцай. Ягоны матэрыял пазьней зьявіўся на «Радыё Рацыя».
«Сёньня суд нада мною адбыўся як ніколі хутка. Думаю, што рашэньне было падрыхтаванае загадзя, таму і ішло ўсё як па накатаным. Я сваёй віны не прызнаў і буду дамагацца, каб рашэньне было перагледжанае», — заявіў Свабодзе Андрэй Мялешка.
Сёлета ў чэрвені Мялешка ўжо быў аштрафаваны Кастрычніцкім судом Горадні на 4 мільёны рублёў за падрыхтаваны матэрыял для замежнага СМІ. Тады ён браў інтэрвію пра здаровы лад жыцьця ў лекаркі гарадзенскай паліклінікі.
У кастрычніку суд паводле міліцэйскага пратаколу аштрафаваў Мялешку на 5 мільёнаў 250 тысяч рублёў. Яго зьвінавацілі ў тым, што ён браў інтэрвію ў выкладчыка Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Купалы Алега Созінава падчас канфэрэнцыі, якая тычылася ўтварэньня новага экалягічнага заказьніка на тэрыторыі Гарадзенскага раёну. А пазьней гэтыя інтэрвію зьявілася на польскім «Радыё Рацыя».
Ва ўсіх гэтых выпадках Мялешку судзілі паводле артыкула 22.9, частка 2 — за незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі. Апошняе судовае рашэньне Мялешка абскарджваў у абласным судзе, але суд пакінуў яго бязь зьмены.