Алег Воўчак: У Беларусі дыскрымінуюць «аўганцаў»

Алег Воўчак

Праваабаронцу Алега Воўчака могуць пазбавіць статусу ўдзельніка баявых дзеяньняў у Аўганістане.

Ад 1 студзеня 2015 году ў Беларусі перастаюць дзейнічаць пасьведчаньні, выдадзеныя «аўганцам» у СССР. Замест іх трэба атрымаць новыя дакумэнты, якія пацьвярджаюць асобу ўдзельніка баявых дзеяньняў.

Алег Воўчак падаў дакумэнты на замену пасьведчаньня яшчэ ў лютым 2014 году. Да гэтага часу станоўчага рашэньня з боку ваенкамату няма.

«Мне кажуць, што пры Менгарвыканкаме ёсьць адмысловая камісія, якая прымае рашэньне пра выдачу пасьведчаньняў. Калі я прыходзіў у ваенкамат апошні раз, то, абураны, запатрабаваў, каб мне выдалі пасьведчаньне да сьнежня. Іначай — буду зьвяртацца ў суд», — кажа Алег Воўчак.

Статус удзельніка баявых дзеяньняў у Аўганістане дае права на бясплатнае лячэньне ў ваенным шпіталі ў Бараўлянах, а таксама на бясплатны праезд у грамадзкім транспарце.

«Мяне больш нават ня льготы цікавяць. Справа ў тым, што статус ўдзельніка баявых дзеяньняў мне надалі ў СССР, пасьля СНД прызнала, што прадугледжаныя льготы пастаянныя і перагляду не падлягаюць. Але атрымліваецца, што ўлады цяпер вырашаюць, ці маю я правы на льготы».

«У 2008 і 2010 гадах улады ўжо рабілі спробы абвергнуць той факт, што ў 1986 годзе я ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях у Аўганістане. Таму я спакойна стаўлюся да гэтага. Разумею гэта як спробу дыскрэдытацыі праваабаронцаў. У мяне ёсьць узнагароды, ваенны білет, ліст з удзячнасьцю ад начальніка часткі, дзе я служыў. У сувязі з 25-годзьдзем вываду савецкіх войскаў з Аўганістана Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў мяне мэдалём. Разам з тым, атрымліваецца, што мой статус як „аўганца“ дагэтуль ня вызначаны і не пацьверджаны», — кажа Алег Воўчак.

У канцы сьнежня Алег Воўчак павінен атрымаць ці пасьведчаньне ўдзельніка баявых дзеяньняў, ці абгрунтаваную адмову на атрыманьне такога дакумэнту.