Гомельскія мясакамбінаты распачалі акцыю па продажы сваёй прадукцыі па зьніжаных коштах. Два тыдні таму Фэдэральная служба па вэтэрынарным і фітасанітарным кантролі Расеі забараніла пастаўку прадукцыі ў сваю краіну 18 беларускім мясаперапрацоўчым і малочным прадпрыемствам, у ліку якіх і тры мясакамбінаты з поўдня Беларусі — Гомельскі, Жлобінскі, Калінкавіцкі.
Абвесткі пра зьніжкі на прадукцыю Гомельскага мясакамбінату зьявіліся ў шмат якіх крамах гораду.
У фірмовых крамах наагул адмянілі ўсялякія гандлёвыя надбаўкі — прадаюць мясныя вырабы па сабекошце вытворцы.
Кіраўнік адной з гандлёвых крамаў абласнога цэнтру апавёў, на якія харчы зробленыя зьніжкі:
«На сасіскі, вараную каўбасу, усю вэнджаную й паўвэнджаную прадукцыю — цалкам на ўсе каўбасы і вэнджаніну. Гэта зьніжкі на 10-12 адсоткаў — такая ў нас была нацэнка на тавар. Цяпер яна адмененая. Так распарадзіўся мясакамбінат ва ўсім фірмовым гандлі».
Суразмоўца кажа, што пакуль ня мае нейкіх зьвестак пра выніковасьць акцыі, бо яна толькі пачалася й будзе доўжыцца да сярэдзіны сьнежня:
«Літаральна тыдзень доўжыцца акцыя, і дакладна сказаць ня можам. Аналіз зробім пры канцы акцыі, плянуем праводзіць яе да 15 сьнежня, а там паглядзім, што і як».
На мясакамбінаце, у сваю чаргу, кажуць, што ўведзеныя зьніжкі на прадукцыю ўнутры краіны не зьвязаныя з забаронай увозу яе ў Расею. Гэта нібыта ўсяго толькі перадсьвяточны гандаль напярэдадні Новага году:
«Не, не. Гэта стала практыкуецца: кожны месяц на некалькі пазыцыяў робіцца акцыя — зьніжаюцца кошты. Цяпер — пераднавагоднія зьніжкі».
Пра пераднавагоднія зьніжкі цьвердзяць і маркетолягі Жлобінскага мясакамбінату, хаця й яны патрапілі пад санкцыі расейскай вэтэрынарнай службы:
«Ні з чым гэта не зьвязана — гэта перадсьвяточны гандаль. Кожны месяц мы даем зьніжкі на тую ці іншую прадукцыю на 10-15 адсоткаў. Гэтым разам — на каўбасныя вырабы, вэнджаніну, а таксама на кансэрвы».
Тым часам Рассельгаснагляд забракаваў менавіта каўбасныя вырабы й ялавічыну жлобінскіх мясаперапрацоўшчыкаў з прычыны павышанага ўтрыманьня ў іх шкодных мікраарганізмаў і бактэрыяў.
З гэтай жа прычыны забаронены ўвоз у суседнюю краіну мясных харчоў Гомельскага і Калінкавіцкага мясакамбінатаў. А ў некаторых мясных вырабах з Бабруйскага, Аршанскага, Менскага, Магілёўскага і Міёрскага камбінатаў да таго ж выяўлены геном узбуджальніка афрыканскай чумы сьвіней.
Праз забарону ўвозу мясной прадукцыі ў Расею Беларусь ужо страціла каля 160 мільёнаў даляраў.
Жыхарка Жлобіна спадарыня Алена ня хоча верыць, што беларускія мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы, і ў першую чаргу — ў Жлобіне ды Гомелі, маюць нейкія праблемы зь якасьцю прадукцыі:
«Ну, гэта яны нешта там зноў мудруюць. Трэба ж расейцам нешта гаварыць, каб ня браць прадукцыю. Нічога, самі будзем есьці. Мне прадукцыя Жлобінскага мясакамбіната падабаецца. Я бяру пераважна жлобінскую — яна харошая».