Гарадзенскія высяленцы просяць Лукашэнку вярнуць ім кватэры

Жыхары дома № 34 па вуліцы Пестрака ў Горадні, якіх праз суд выселілі з кватэраў, напісалі ліст Лукашэнку і просяць яго разабрацца з карупцыяй у Горадні.

Больш за год таму дом № 34 па вуліцы Пестрака ў Горадні паставілі на рэканструкцыю, а пасьля правядзеньня рамонтных працаў былы інтэрнат сямейнага тыпу «Гроднажылбуда» набыў новы статус. Сюды засялілі жыхароў, якія мелі патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў.

Былыя жыхары, якіх выселілі з асобных кватэраў дома № 34 у інтэрнаты блёчнага тыпу, а некаторых нават з агульным калідорам, надалей працягваюць дамагацца, каб ім вярнулі кватэры. Многія дайшлі нават да Вярхоўнага суду, але кватэры ім так ніхто і не вярнуў.

«Якія аргумэнты вы прывялі Лукашэнку, каб пасьля рашэньня Вярхоўнага суду вам вярнулі кватэры?»

Усе спасылаюцца на адказ Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, паводле якога рэканструкцыя дома магла быць падставай толькі для часовага адсяленьня.

Спадарыня: «Нас павінны былі перасяліць на час рэканструкцыі, а потым, не разрываючы дамову найму, засяліць у нашы кватэры назад. У законе таксама запісана, што калі чалавек адпрацаваў на адным месцы 10 год, то мае права заставацца ў гэтым інтэрнаце. Мой муж адпрацаваў 15 год на адным месцы. А ёсьць у нас вэтэран працы, які адпрацаваў 32 гады, і яго выселілі на койка-месца ў інтэрнат».

У лісьце да Лукашэнкі людзі пішуць, што сталі ахвярамі карупцыйных схемаў мясцовых чыноўнікаў і цяпер ня могуць дамагчыся праўды. У якасьці аднаго з доказаў прыводзяць у прыклад тое, што з абласнога архіва нават зьніклі дакумэнты, на падставе якіх яны атрымлівалі жыльлё.

Спадар: «Увесь час па тэлебачаньні ды і паўсюль кажуць, што ён — абраньнік народа, усё робіць дзеля народа, то няхай навядзе нейкі парадак у гэтай дзяржаве. Ён жа кажа, што змагаецца з карупцыяй, а да нас прыяжджалі вялікія начальнікі і гаварылі адкрытым тэкстам, што законы пішуцца для нас, а для сябе яны напішуць самі. То трэба ставіць неяк на месца такіх паноў».

Спадарыня: «Калі ён насамрэч змагаецца з карупцыяй, а ня проста пра гэта кажа, то няхай пазмагаецца і з нашай гарадзенскай карупцыяй».

Пад лістом да Лукашэнкі працягваюць зьбіраць подпісы сярод выселеных жыхароў. Дарэчы, многія так і не перайшлі жыць у інтэрнаты з агульнай кухняй, а туляцца па кватэрах у сваякоў. Кажуць, што чыноўнікі прапаноўвалі ім будаваць кватэры за свой кошт, але ў іх не стае грошай, нават калі дзяржава выдасьць ільготны крэдыт пад 5%.

Што будуць рабіць, калі не дапаможа і Лукашэнка?

Спадарыня: «Нічога мы ня будзем рабіць, будзем мучыцца далей, як цяпер...»

Спадар: «Проста цяпер нам усім варта задумацца, як выхоўваць сваіх дзяцей: каб яны былі патрыётамі гэтае краіны, альбо каб ведалі, што ад яе чакаць...»

Спадарыня: «У нас ёсьць сыны ў многіх сем’ях, якіх зараз забяруць у войска абараняць краіну. Але якую краіну яны будуць бараніць? Тую, якая выкінула іх як непатрэбных? Прычым, выкідалі і зь непаўналетнімі дзецьмі, і зь немаўлятамі, і старых, і хворых на анкалёгію, і выхаванцаў дзіцячых дамоў. Яны не зважалі ні на кога і не зважалі на законы. Яны рабілі тое, што толькі ім трэба. У нашай краіне кіруюць усім толькі грошы і карупцыя. У нашым горадзе дык дакладна».