Моладзевае грамадзкае аб’яднаньне «Альтэрнатыва» распачынае грамадзкую кампанію за вяртаньне гістарычных назваў цэнтральным вуліцам Менску, калі не ў якасьці афіцыйных, дык хоць бы дадатковых.
Як паведаміў Свабодзе лідэр аб’яднаньня Алег Корбан, актывісты «Альтэрнатывы» распачынаюць збор подпісаў за тое, каб галоўныя вуліцы сталіцы былі пазначаныя гістарычнымі назвамі. А менавіта — каб побач з шыльдамі, на якіх пазначаныя цяперашнія афіцыйныя назвы вуліц, зьявіліся шыльды з даўнімі, гістарычнымі назвамі. Перадусім гаворка вядзецца пра вуліцы ў старой частцы Менску: Інтэрнацыянальную, Камсамольскую, Леніна і іншыя.
Мэтай акцыі зьяўляецца захаваньне гістарычнай самабытнасьці Менску і прапаганда беларускай нацыянальнай аўтэнтычнасьці. Паводле Алега Корбана, збор подпісаў актывісты «Альтэрнатывы» распачынаюць сёньня на цэнтральных вуліцах Менску.
Практыка, калі на будынках побач з сучаснымі назвамі пазначаюцца і гістарычныя, вядомая ў Беларусі і Расеі, дзе ўлады не наважыліся пазбавіцца ад савецкіх назваў. Так зрабілі, напрыклад, у Іркуцку.