Падстава для забароны акцыі — тая, што заяўленае месца правядзеньня мітынгу (пляцоўка каля Слуцкага краязнаўчага музэю) «не зьяўляецца дазволеным месцам для правядзеньня масавых мерапрыемстваў». Чыноўнікі спасылаюцца на тое, што адзінае месца ў горадзе, дзе можна праводзіць мітынгі ў Слуцку, — гэта гарадзкі стадыён. Таксама адмоўлена ў правядзеньні ўрачыстых сходаў у іншых месцах, зьвязаных з памяцьцю Слуцкага паўстаньня — у Грозаве, Семежаве ды Вызьне.
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч так пракамэнтаваў гэтую забарону:
«Адмова дадзеная па надуманых падставах, і тут улады не дэманструюць пасьлядоўнасьці — акурат ля краязнаўчага музэю акцыі ладзяцца традыцыйна, і летась удзельнікі мітынгу Партыі БНФ з гарадзкога стадыёну рушылі да музэю, дзе адбываўся дазволены мітынг КХП-БНФ. Апошні раз з забаронай адзначэньня Слуцкага збройнага чыну мы сутыкаліся ў 2012 годзе. Супастаўляючы гэтае рашэньне чыноўнікаў зь перасьледам удзельнікаў і арганізатараў іншых восеньскіх акцыяў апазыцыі (Дзяды ў Менску ды Берасьці, ушанаваньне памяці паўстанцаў 1863 году ў Сьвіслачы), а таксама шматлікія нематываваныя арышты і затрыманьні грамадзкіх актывістаў, я магу зрабіць выснову, што ўлады ўжо пачалі дзейнічаць у рэжыме падрыхтоўкі да палітычнай кампаніі 2015 году. Я прагназую, што ў часе падрыхтоўкі да выбараў будуць паўтарацца гэткія і падобныя захады па здушэньні ўсіх праяваў грамадзкай актыўнасьці».