З «Іліядай» пад падушкай

Палац вялікіх князёў літоўскіх у Вільні

Аляксандар Македонскі спаў з «Іліядай» пад падушкай. Кнігу падарыў настаўнік — Арыстоцель. Вядомы факт. Штось падобнае адбылося з нашымі суседзямі літоўцамі, толькі «Іліяду» ім пад падушку паклалі. Дабрадзеі. У беларусаў такіх дабрадзеяў не было.

Кніга Малгажаты Літвіновіч-Дрозьдзель «Аб літоўскіх старажытнасьцях»

Кракаўскае выдавецтва «Universitas» надрукавала дасьледаваньне «O starożytnościach litewskich» аўтарства Малгажаты Літвіновіч-Дрозьдзель. Выданьне мае падзагаловак «Mitologizacja historii w XIX-wiecznym piśmiennictwie byłego Wielkiego Księstwa Litewskiego». Адным словам, размова аб тым, як добрыя дзядзечкі, не валодаючы нават літоўскай, стварылі літоўцам такія міты, якія зрабілі іх спадкаемцамі ўсёй спадчыны ВКЛ.

Кнігу я набыў у Варшаве, але сходу прачытаць не ўдалося. У нейкі момант я запанікаваў: напісана надзвычай густа і падрабязна, ніякай вады. Але трапіў ненадоўга ў шпіталь, дзе толькі два заняткі — спаць і чытаць, і тады справа зрушылася.

Хто гэтыя дзеячы, што так падбалі пра літоўцаў? Прозьвішчы вядомыя. Крашэўскі, Нарбут, Юцэвіч. Плюс сапраўдны літовец Даўкантас (Даўконт). Самым элемэнтарным тады было проста называць усё літоўскім. Напрыклад, «Хроніка Быхаўца» — «помнік старажытнай літоўскай літаратуры». Даўкантас пісаў Нарбуту (зь якім яны ніколі не сустрэліся), што «абвяшчэньне сьвету» пра гэтую хроніку стане напярэдадні паўстаньня новага літоўскага народу «элемэнтам барацьбы за гісторыю». Барацьбы з кім? Толькі не з беларусамі, «слана» побач з сабой яны не заўважалі. Барацьбы з палякамі. І ў гэтай барацьбе будзе легітымізавана існаваньне літоўскага народу і яго рацыя мець асобную дзяржаву.

І самыя важныя для іх «Хроніка Быхаўца» і «Статут». Аднак яшчэ ў ХV стагодзьдзі Міхалон Літвін (якога цяпер называюць Міколас Летувіс) ваяўніча пісаў: «Руская мова чужая нам, літвінам, гэта значыць італійцам, што паходзяць з краіны Італіі». І сьцьвярджаў, што мова сялян — «форма лаціны, якая вырадзілася». Але, маўляў, яе ачысьцілі і надрукавалі дакумэнты на сапраўднай лаціне Ягайла і Вітаўт... Пазьней Войцех Каяловіч, рэктар віленскай езуіцкай акадэміі, заявіў, што паходжаньне мясцовага насельніцтва — «херульскае» (паводле яго існавалі такія продкі ўсіх балтаў), а ў ХІХ стагодзьдзі сталі з імпэтам зноў раскручваць тэзу аб рымскіх каранях. Праўда, паўставала моўная праблема. Як піша польская дасьледчыца, «толькі невялікую частку абшараў Вялікага Княства складалі этнічна літоўскія тэрыторыі». Яна падкрэсьлівае: дзяржаўнай мовай не магла быць мова для большасьці незразумелая. Адсюль — старабеларуская мова ў афіцыйных дакумэнтах таго часу. З упартасьцю літоўцы тады заяўлялі, што іхняй сапраўднай мовай была лаціна, называючы яе «народнай літоўскай мовай». Аўтарка зазначае, што літоўская ніколі не была пісьмовай мовай дзяржаўнай канцылярыі.

Аўгусьцін Ратундус, стараста віленскі, пераклаў на лаціну другі Літоўскі статут, каб уручыць яго каралю Стэфану Баторыю. Ва ўступе Ратундусам сьцьвярджалася, што новыя падданыя караля, літвіны, паходзяць ад рымлян і родная мова іх лаціна, адна з трох, якімі Бог дазволіў славіць сябе. А раз так, то лаціна як «прыродная мова» павінна быць вернутая літвінам ва ўсіх сфэрах жыцьця, таксама ў хаце, замест «варварскай мовы русінаў». Гэта дапаможа частцы «рускіх баяраў» адмовіцца ад грэцкай мовы, спадзяваўся Ратундус. Ён абвяшчаў сябе першым у Літве гісторыкам. Так сама называў сябе і Стрыйкоўскі. Яму хацелася апавядаць у стылі Гамэра: маўляў, Літва — краіна-аркадыя, а яе героі — як грэцкія асілкі. Яму задавалася, што паміж літоўскімі словамі і лацінай ёсьць лучнасьць, і спасылаўся на прыклады з гісторыі Грэцыі і Рыму. А Друкар Самуэль Хілінскі запэўніваў, што па-літоўску размаўляюць паўсюль: і ў Чорнай Русі, і на мяжы з Масковіяй.

На такой глебе ў ХІХ стагодзьдзі нарадзілася «гісторыя Літвы». Не гістарыяграфія, але і не літаратура, часта ненавуковыя працы з дамешкай шляхецкай гавэнды. Тады пачынаюць дзейнічаць жмудзіны — выпускнікі віленскага ўнівэрсытэту, піша Малгажата Літвіновіч-Дрозьдзель. Было іх зусім мала, але іх вельмі падмацавалі ўласнымі творамі Крашэўскі і Нарбут са сваімі «Старажытнымі дзеямі літоўскага народу». Польская дасьледчыца зазначае, што літоўскія дзеячы выйшлі з дробнай шляхты, мовай якой была хутчэй польская ці беларуская, а не літоўская. Літоўскія дзеячы і іхнія дабрадзеі, напрыклад, Францішак Богуш або граф Яўстах Тышкевіч, старшыня Віленскай археалягічнай камісіі, узяліся атаясамліваць дзяржаву ВКЛ з асобным этнічным народам. Астатнія рабіліся лішнімі.

Помнік каралю Міндоўгу ў Вільні

Сама аўтарка лічыць патрэбным узгадаць беларусаў. Яна цытуе Даніэля Бавуа, які пісаў, што пачаткам стварэньня беларускага народу была «шляхецкая паэзія ў сялянскай апратцы». Яна нагадвае пра Чачота, які карані беларусаў бачыў у крывічах, Зана, зазначае, што вытокі «Дзядоў» Міцкевіча — у беларускім фальклёры. Называе таксама Баршчэўскага. Піша, што Сыракомля і Манюшка цікавіліся беларускай народнай культурай як крыніцай для ўласнай творчасьці.

Што да Крашэўскага, аўтара надзвычай пладавітага, то ён пісаў адкрыта «літуаністычныя» творы. Этнаграфічная літаратура стала часткай нацыятворчага працэсу, зазначае Малгажата Літвіновіч-Дрозьдзель. Было вырашана ўсе гістарычныя артэфакты падзяліць на дзьве часткі: польскую і літоўскую. І слову «літвін» надаць адназначнае значэньне — значыць «літовец». Іншы польскі дасьледчык пазьней зазначаў, што літоўцы абвясьцілі свае правы на спадчыну ВКЛ і хацелі кіраваць у землях, якія ляжалі па-за тэрыторыяй літоўскай мовы. Хаця яны не былі літвінамі, а толькі «летувісамі». А літвіны — зусім іншыя людзі, гэта — Ягайла, Хадкевіч, Міцкевіч, Пілсудзкі... Бо літвінамі была шляхта, якая карысталася штодня польскай мовай або «рускай». А вось Басанавічус пісаў некалі, што Міцкевіч, Кандратовіч, Крашэўскі, Ходзька, Адынец маюць ня польскія, а літоўскія прозьвішчы і ў іхніх жылах цячэ літоўская кроў.

Крашэўскі быў з Гарадзеншчыны, з Пружанскага павету (нарадзіўся ў Варшаве, паходзіў з валынскай шляхты), але называў сябе літвінам у значэньні «літовец» і вельмі гэтым ганарыўся. Літоўскай мовай цікавіўся, але не валодаў, захапіўся літоўскім рухам, калі вучыўся ў Віленскім унівэрсытэце. Ён пісаў па-польску ў разьліку на польскамоўнага чытача, але на карысьць літоўцаў. У летувісы падаліся Станевіч, які стаў Станявічусам, Пашкевіч, які стаў называць сябе Пошка, а Драздоўскі — Страздасам. Мікалай Акялевіч стаў Акялайцісам, хаця абяцаўся напісаць кніжкі па-беларуску. Самі літоўцы нават запісалі ў свой «жмудзкі сьпіс» былога напалеонаўскага жаўнера П’ера Георга, які застаўся выкладаць францускую.

Помнік Гедыміну і наступным чатыром вялікім князям, імёны якіх на пастамэнце: Альгерду, Кейстуту, Ягайлу, Вітаўту

Адным з твораў, падораных Крашэўскім літоўцам, стала «Жальба па Вітаўце», якую пазьней Чэслаў Мілаш назаве літаратурным кур’ёзам, дзе «пантэон літоўскіх паганскіх багоў паводзіцца як багі з грэцкай міталёгіі». А вось Мікалай Акялевіч расцаніў паэму Крашэўскага адразу як «у сто разоў каштоўнейшую за творы Гамэра». Іншы літоўскі аўтар параўнаў яе па значэньні з «Іліядай» і «Адысэяй». Польская дасьледчыца піша, што гэткія творы фальсыфікуюцца лёгка, а чытаюцца цяжка, аднак становяцца здабыткам калектыўнай сьвядомасьці. Да слова, Крашэўскі стаў песьняром Літвы паганскай. Ён лічыў, што пасьля хросту, пасьля 1387-га году, яна перастала быць сама сабой. Бо хрост зрабіў літоўцаў немцамі, палякамі або «Русьсю». Пісьменьнік дзейнічаў у рэчышчы распаўсюджанага рамантызму: зруйнаваць мяжу паміж мітам і гісторыяй.

Да калекцыі ранейшых мітаў, піша Малгажата Літвіновіч-Дрозьдзель, Крашэўскі далучыў «уласнаручны»: літоўцы паходзяць зь Індыі. Якія доказы? Спальваньне нябожчыкаў, вера ў перасяленьне душ, культ агню... Карацей, верай літоўцаў быў брахманізм. Крашэўскі тут жа паяднаў імёны паганскіх багоў літоўцаў з індускімі, маўляў, падабенства неаспрэчнае.

Для Крашэўскага ўсё, што літоўскае — паганскае. Дакумэнты ВКЛ, канкрэтныя гістарычныя крыніцы, яго не цікавяць, таму што напісаныя на старабеларускай мове. Літоўская інтэлігенцыя, якая нараджалася, таксама не хацела браць іх пад увагу, яна шукала «паганска-міталягічных» тэкстаў. Выданьнем жа дакумэнтаў ВКЛ займаліся студэнты з уніяцкіх сем’яў, згуртаваныя вакол прафэсара Даніловіча (як напісаў адзін польскі дасьледчык — які паходзіў «з плябейскай беларускай сям’і» ўніяцкага сьвятара).

Не зважаючы на свой рамантызм, літоўскія дзеячы не маглі не разумець важнасьці хрышчэньня жмудзінаў. Аднак польская аўтарка лічыць патрэбным падкрэсьліць, што да таго часу палова жыхароў Вільні ўжо былі хрышчонымі, а ў ВКЛ «існавалі адно „астравы“ літоўскасьці ў моры славяншчыны». І стараннае аддзяленьне славянскіх элемэнтаў як чужых зьяўляецца пазбаўленьнем літоўскай культуры таго, што істотным чынам удзельнічала ў яе стварэньні. Зыходзячы з гэтага, імкненьне дакапацца да літоўскай сутнасьці ёсьць дарогай у нікуды. Літва ўступіла ў гісторыю як дзяржава балцка-славянская, і яе далёкая гісторыя не магла быць «монаэтнічнай».

Крашэўскі стварыў мастацкае палатно паганскай Літвы, але хіба належыць у паганскіх часах шукаць апірышча для сучаснай літоўскай тоеснасьці? І гэтай спрэчнасьці літоўскай культура так ніколі і ня здолела вырашыць, мяркуе польская дасьледчыца. Ува ўсіх «літоўскіх» творах Крашэўскага відавочны высілак, каб ужываць час-часам літоўскія словы, зазначае яна. Літва, каторую ён апісваў, сышла ў мінуўшчыну, «а можа нават ніколі не існавала», падсумоўвае Малгажата Літвіновіч-Дрозьдзель.

Тодар Нарбут выдаў дзевяць тамоў гісторыі літоўскага народу ўласнага аўтарства. Літоўцы лічаць іх працай пераломнай і важнай. У польскай гістарыяграфіі Нарбут стаў сынонімам таго, што маргінальнае і кур’ёзнае. У яго мноства фальсыфікацый, выдуманых ім фактаў, постацяў, гістарычных крыніц. Яшчэ нядаўна літоўскія дасьледчыкі ўсур’ёз пісалі, што Літва паходзіць ад багіні Летуі, выдуманай Нарбутам. Таму лепей расцэньваць ягоную працу як літаратурны твор, зазначае Малгажата Літвіновіч-Дрозьдзель.

Уласьцівасьцю Нарбута было нібы праўдападабенства ў апісаньні. Вось знайшлі нейкую рэч старажытную, якая сьведчыла аб літоўскіх рунах, аб уладарах... Пры гэтым ён пісаў на поўным сур’ёзе — дзе знайшлі, хто, пры якіх акалічнасьцях. А дзеля большай пераканаўчасьці даваў «дакладныя памеры» — у лічбах. Зразумела, што ніхто гэтага спраўдзіць ня мог. Ён таксама прыдумаў падрабязны пантэон літоўскіх паганскіх багоў. Паводле Нарбута, іх было пятнаццаць «вялікіх», сорак шэсьць меншых, трыццаць дзевяць багінь, сем паўбагоў, мноства «абагоўленых сілаў прыроды», дваццаць два таямнічыя боствы і гэтак далей, цэлы каталёг. Фантазія аўтара разыгралася: самай даўняй рэлігіяй літоўцаў была «ацтэцка-індыйская». Прыпомніў ён і старажытных пэрсаў, і Заратустру, і нават Далай-Ламу. Няма сэнсу вызначаць, якія багі напраўду існавалі, а якія былі «пакліканыя да жыцьця» у Шаўрах, дзе жыў Нарбут, лічыць аўтарка. Даваенны літоўскі аўтарытэтны дасьледчык Зянон Івінскі пісаў, што першы том Нарбута лепей было б зусім забыць. Аднак літоўцы гэтага не зрабілі, збудаваўшы падмуркі сваёй самасьвядомасьці на дзевяцітомніку аўтара, які ня ведаў літоўскай.

Якія высновы? Перш-наперш успамінаецца, што «Лябірынты» Ластоўскага былі напісаныя яўна пад уплывам ранейшых літаратурна-гістарычных фантазій Нарбута. Па-другое: беларусы выкарысталі грэцкіх багоў («Тарас на Парнасе») і «Энэіду навыварат», каб парагатаць. Літоўцы выкарысталі ў сваіх мэтах і грэцкі Алімп, і рымскі пантэон, і зрабілі гэта зь вельмі паважным абліччам. Вынікі — відавочныя. Яны спалі з «Іліядай» пад падушкай, мы не дадумаліся. Нарэшце мы чамусьці палічылі, што Нарбут — наш, свой, што было памылкай. Памятаю пры канцы 1980-х мы езьдзілі ў Начу, каб ушанаваць памятнай дошкай каля касьцёла паўстанцаў 1863-га. Наступным разам была супольная сустрэча з літоўцамі і прамовы на месцы сядзібы Нарбутаў. І нашы гаварылі пра яго як пра беларуса. А ягоны нашчадак з Масквы, інтэлігентны чалавек, сьціпла потым паведаміў, што продак лічыў сябе заўсёды літоўцам.