Інвалід першай групы Юры Ляшэнка са Сьветлагорску ў другой палове дня 25 лістапада спрабаваў правесьці пікет на цэнтральнай плошчы перад будынкам райвыканкаму.
Але не пасьпеў ён нават разгарнуць плякат з надпісам «Стоп беззаконьне!», як на плошчу зь мігалкамі прымчала хуткая мэдычная дапамога. Інваліда з вазком мігам пагрузілі ў машыну і памчалі ў невядомым кірунку.
Зьвязацца зь Ляшэнкам доўгі час было немагчыма. Толькі позна ўвечары Юры выйшаў на сувязь:
«Адбылося тое, чаго ня чуў у ніводнай опэры, ня бачыў у ніводным фільме. Розныя сытуацыі былі, але фантазіі не паддаецца, што адбылося са мною. Людзі ў мэдычнай вопратцы на машыне прыляцелі і кажуць: „Паступіў сыгнал, што вам вельмі кепска“. Пакраталі крыху пульс і, падхапіўшы каляску са мной з усіх бакоў, хутка занесьлі ў машыну. Праз колькі хвілін я ужо быў у прыёмным аддзяленьні раённага шпіталю».
Як распавёў Ляшэнка, у шпіталі яму памералі ціск і заявілі, што ён падвышаны:
«Мне зрабілі некалькі ўколаў, пасьля якіх галава закружылася. І сапраўды стала кепска. Мне спрабавалі датэлефанавацца людзі, але я ня мог ні з кім размаўляць. Потым адключыўся тэлефон. А ўжо за гэтым прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, апыталі мяне і склалі пратакол — за несанкцыянаваны пікет ці нешта такое. Я зразумеў толькі, што па частцы першай нейкага там артыкулу. І заадно сказалі, каб 27 лістапада я зьявіўся ў суд».
Гутаркай зь міліцыянтамі й завяршылася «лекаваньне» інваліда. Знаёмы забраў Ляшэнку са шпіталю і завёз дадому. А блізу 21 гадзіны інваліда зноў прывезьлі ў шпіталь: пасьля перажытага ў яго пачаліся болі ў сэрцы і сапраўды падняўся ціск.
Інвалід кажа, што выйшаў на плошчу, бо хацеў рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на свабоду слова й выказваньняў. 22 лістапада Сьветлагорскі райвыканкам афіцыйна забараніў гэта зрабіць, спаслаўшыся на сваё ж рашэньне, паводле якога адзінае месца для пікетаў і мітынгаў у горадзе — сцэнічная пляцоўка ў занядбаным лесапарку на ўскрайку Сьветлагорску, куды інваліду й забрацца немагчыма.
Сам Юры кажа, што выехаў на вазку на плошчу, бо хацеў рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на свабоду слова й выказваньняў. Прычынай таму — парушэньні правоў інвалідаў, у тым ліку й пры капітальным рамонце двухпавярховага дома на вуліцы Леніна, дзе Юры з жонкаю жыве:
«Сьветлагорскі райвыканкам забараніў правядзеньне пікета ў месцы, дзе я прасіў. Прапанаваў яго ладзіць у парку на ўскраіне. Мы паглядзелі, што праехаць туды на інвалідным вазку практычна немагчыма. Да таго ж там няма людзей. Я хацеў скарыстацца сваім канстытуцыйным правам на свабоду слова і ля выканкаму проста выказаць сваю думку, зьвярнуць увагу грамадзкасьці, што парушаюцца правы інвалідаў, у прыватнасьці, падчас капітальнага рамонту дому».
Нягледзячы на просьбы інваліда, камунальнікі й будаўнікі так і не прадугледзелі безбар’ернага ўваходу ў кватэру. Інвалід нават ня можа на калясцы заехаць у прыбіральню, бо дзьверы там вузейшыя, чым ягоны інвалідны вазок:
«Шырыня каляскі — 60 сантымэтраў, а шырыня дзьвярэй у ванну і прыбіральню — каля сарака сантымэтраў. Трапіць сюды інваліду дзеля гігіенічных патрэбаў немагчыма. Уваход у пад’езд для інваліда таксама практычна закрыты, бо дзьверы адчыняюцца вонкі. Калі інвалід і дабярэцца да дзьвярэй, скарыстаецца дамафонным ключом, то ня зможа адчыніць дзьверы.
Прасіў я таксама камунальнікаў, райвыканкам абсталяваць лесьвіцу парэнчамі, каб можна было, абапіраючыся, падняцца ў кватэру. Таксама нічога не зрабілі. Цэлая тэчка адпісак чыноўнікаў — ніхто ўвагі не зьвяртае».
Як бы падсумоўваючы сваю спробу распавесьці грамадзкасьці пра свае беды, інвалід дадае:
«Пасьля гісторыі, якая са мною адбылася, я задумваюся, куды наступным разам хуткая дапамога мяне можа завезьці — у якую ўстанову? Не зьдзіўлюся, калі гэта будзе нейкая спэцыялізаваная ўстанова».