Расейскае ведамства «Рассельгаснагляд» уводзіць шэраг абмежавальных захадаў супраць беларускіх вытворцаў. Найперш, з-за знойдзеных у прадукцыі небясьпечных рэчываў і мікробнага забруджаньня прыпыняюцца пастаўкі зь дзесяці мясных і малочных камбінатаў. Па-другое, незалежна ад вынікаў праходжаньня мытні ў Беларусі, увесь грузавы транспарт, які перасякае беларуска-расійскую мяжу, ад сёньня будзе аглядацца на расейскім баку. Масква настойвае, што беларускія партнэры не выконваюць патрабаваньні санітарных нормаў ды працягваюць нарошчваць рээкспарт.
Як паведамляецца на сайце «Рассельгаснагляду», 24 лістапада зьмяняецца мэханізм кантролю за ўвозам расьліннай прадукцыі зь Беларусі. Цяпер усе грузы, уключна з транзытнымі, будуць спыняцца на ўмоўнай расейскай мяжы і пільна аглядацца. У ведамстве такі крок тлумачаць неабходнасьцю паставіць заслону рээкспарту і завозу заходняй прадукцыі, якая трапіла пад расейскае эмбарга, нібыта як транзытнай у трэція краіны. Неўзабаве падобныя захады будуць уведзеныя і для прадукцыі жывёльнага паходжаньня. Дагэтуль на мяжы Расеі і Беларусі працавалі шэсьць фітасанітарных пастоў, якія збольшага абмяжоўваліся праверкай якасьці тавару, цяпер жа будзе вывучацца і яго паходжаньне. У ведамстве ўскосна пацьвердзілі, што на ўзмацненьне пазыцыяў кінуты дадатковы пэрсанал.
Беларускія чыноўнікі пасьля чарговых абвінавачаньняў з боку Масквы — маўляў, Менск любым спосабам хоча зарабіць на праблемах саюзьнікаў — аднекваюцца: маўляў, мы тут ні пры чым, гэта расейскія партнэры перастрахоўваюцца. Дык хто насамрэч хітруе? Аляксандар Ярашук, які шмат гадоў адпрацаваў у дзяржаўных структурах, дзе курыраваў аграрны сэктар, перакананы: у дадзенай сытуацыі ня лепшым чынам паводзяць сябе якраз беларусы:
Скажам, цукар замест бураковага — трысьняговы падсоўвалі, розныя іншыя хітрыкі. Гэта заўсёды было часткай палітыкі ў справе экспарту прадуктаў харчаваньня.
«Я ўпэўнены, што хітруюць. Ад самага пачатку, калі я яшчэ працаваў у органах улады, усе гэтыя нэгатыўныя прыёмы, што да паставак на Расею, актыўна выкарыстоўваліся. Скажам, цукар замест бураковага — трысьняговы падсоўвалі, розныя іншыя хітрыкі. Гэта заўсёды было часткай палітыкі ў справе экспарту прадуктаў харчаваньня. Магу адказна казаць: нічога ад таго часу не зьмянілася, пра што, уласна кажучы, сьведчаць разнастайныя і шматлікія войны, калі, зноў жа, акцэнтавацца на харчаваньні — цукровыя, малочныя, мясныя, асобна сьвіныя. Як хочаш, так можна і называць. А цяпер сытуацыя наогул складаецца такім чынам, што, відавочна, Расея дасылае свае сыгналы, маючы на ўвазе перадусім акалічнасьці, якія склаліся вакол абвешчанага ёю ж эмбарга. Вядома, яна не хавае сваёй абуранасьці ў дачыненьні да бліжэйшага саюзьніка, які, як той марадэр, хоча скарыстацца складанай сытуацыяй. Ня будзем казаць, чаму яна ўзьнікла, — размова пра тое, хто і як яе выкарыстоўвае. Беларусь, вядома, тут не набірае шмат для сябе ачкоў найперш у пляне ўмацаваньня іміджу».
Тым часам намесьнік кіраўніка «Рассельгаснагляду» Яўген Непаклонаў зьвярнуўся да галоўнага дзяржаўнага вэтэрынарнага інспэктара Беларусі Васіля Півавара зь лістом, у якім выказаў сур’ёзную заклапочанасьць у зьвязку з тым, што падчас правядзеньня маніторынгу на бясьпеку прадукцыі прадпрыемства «Інко-Фуд» выяўленыя антыбіётыкі тэтрацыклінавай групы, у малацэ ад «Бабушкінай крынкі» — мэзафільныя мікраарганізмы, у каўбасах ад «Белавескіх далікатэсаў» — бактэрыі кішэчнай палачкі. Усяго 10 беларускіх вытворцаў, якія, згодна зь лябараторнымі аналізамі, маюць праблемы з вэтэрынарна-санітарнымі патрабаваньнямі Мытнага саюзу. Доступ на расейскі рынак ім забаронены да ліквідацыі прэтэнзіяў. Пра наступствы ўжываньня такіх харчоў для здароўя чалавека — інжынэр-хімік Бранскай вэтэрынарнай лябараторыі Антон Караткоў:
Гэта шкодна з таго пункту гледжаньня, што мікраарганізмы, якія жывуць у арганізьме таго чалавека, які вып’е такое малако, у будучым могуць быць неўспрымальнымі да такога кшталту антыбіётыкаў
«У выніку апрацоўкі дадзеных мы атрымалі наступны вынік: у гэтым гатунку малака выяўлена істотнае перавышэньне канцэнтрацыі антыбіётыкаў тэтрацыклінавай групы. Перавышэньне дзесьці ў два разы, што ня толькі даволі істотна, але і небясьпечна. Іншым словамі, калі нарматыўныя дакумэнты, якія дзейнічаюць на гэты момант, не дапускаюць утрыманьня такіх рэчываў болей за 0,01 адзінкі дзеяньня на грам прадукту, то зафіксаванае ўтрыманьне ўдвая большае азначае істотнае перавышэньне ўсіх дапушчальных нормаў. Гэта шкодна з таго пункту гледжаньня, што мікраарганізмы, якія жывуць у арганізьме таго чалавека, які вып’е такое малако, у будучым могуць быць неўспрымальнымі да такога кшталту антыбіётыкаў. Ужо фіксуюцца выпадкі, калі пры ўскладненьні хваробы ўжываньне антыбіётыкаў тэтрацыклінавай групы чалавеку не дапамагае».
Ці сапраўды беларускія ўлады найперш заклапочаныя аднамомантавай выгадай — сарваць максымальны куш ва ўмовах расейскага эмбарга, але зусім не задумваюцца пра доўгатэрміновую пэрспэктыву? Меркаваньне выказвае экспэрт у аграрнай галіне Аляксандар Ярашук:
Ці выкленчыць у Расеі, ці сунуць тавар, які зусім не беларускі. І цалкам слушна будзе казаць, што Беларусь, беларускае кіраўніцтва проста жыве сёньня адным днём.
«Абсалютна слушная заўвага. Справа ў тым, што ўся палітыка беларускіх уладаў на гэта і скіраваная. Тут няма стратэгіі і быць ня можа. Таму што гэтыя людзі ў выглядзе стратэгіі маюць рашэньне сваіх уласных задачаў і праблемаў, найперш — як застацца пры ўладзе. Адпаведна, яны і кіруюцца нейкімі тактычнымі прыёмамі, у тым ліку і тымі, якія мы бачым: няма грошай — трэба тэрмінова зараз зарабіць. Ці выкленчыць у Расеі, ці сунуць тавар, які зусім не беларускі. І цалкам слушна будзе казаць, што Беларусь, беларускае кіраўніцтва проста жыве сёньня адным днём. І гэта вельмі дрэнна, таму што яшчэ раз падкрэсьлю: імідж краіны — гэта вельмі сур’ёзная рэч. Ён фармуецца на працягу многіх гадоў, і пры адказным выбудоўваньні такога працэсу ўсё гэта патрабуе, вядома, стратэгічнага падыходу, уяўленьня пра тое, што кожны дзень павінен пацьвярджаць: там, дзе Беларусь, — там гонар, там, дзе Беларусь, — там якасьць. Толькі тады, у такім выпадку насамрэч нас будуць паважаць, а нашу прадукцыю будуць лічыць брэндам».
7 жніўня кіраўніцтва Расеі абвясьціла так званае «харчовае эмбарга» ў адказ на санкцыі Захаду, уведзеныя за эскаляцыю Масквой ваеннага канфлікту ва Ўкраіне. Згодна з эмбарга забаронена ўвозіць прадукты з «санкцыйнага пераліку», вырабленыя ў Эўразьвязе, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Нарвэгіі. Між тым вядома пра неаднаразовыя факты рээкспарту заходняй прадукцыі празь Беларусь — як у выніку перапрацоўкі на мясцовых заводах, так і шляхам пераклейкі этыкетак. Ужо сталі аб’ектам кпінаў нарвэскі ласось, гішпанскі хамон, францускія сыры ды іншыя «беларускія» прысмакі. Расея ня раз папярэджвала партнэраў пра недапушчальнасьць кантрабанды, але збольшага яе пагрозы заставаліся бясплённымі.