Судзьдзя Алена Пятрова спаслалася на сваю занятасьць. Паседжаньне адбудзецца 25 лістапада пасьля 11 гадзіны ў будынку Ленінскага раённага суду Горадні.
У судзе будуць разгледжаныя пратаколы на чатырох грамадзянаў «за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі» ў г. Сьвіслачы. 26 кастрычніка там адбылося ўшанаваньне памяці братоў Каліноўскіх, якое ладзіцца кожны год. Атрымаўшы позвы, у РАУС зьявіліся карэспандэнт Радыё Свабода Міхал Карневіч, праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч і два актывісты АГП — Ежы Грыгенча (кіраўнік гарадзкой арганізацыі партыі) і Віталь Лопасаў.
Журналіст Міхал Карневіч перад сёньняшнім паседжаньнем паведаміў Радыё Свабода, што позву яму дахаты прынёс міліцыянт 21 лістапада:
«У пратаколе напісана, што я знаходзіўся побач з помнікам Каліноўскаму, затым у складзе арганізаванай групы ішоў па вуліцы да помніка Траўгуту. А потым яшчэ знаходзіўся ў Якушоўцы, дзе браў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».
Міхал Карневіч кажа, што падчас самога мерапрыемства не было ніводнага чалавека ў міліцэйскай форме. «Былі людзі ў цывільным, але яны ні да кога не падыходзілі і не рабілі заўвагаў. Таксама ўсю акцыю здымаў апэратар у цывільным».
Адзін з удзельнікаў акцыі ў Сьвіслачы Юры Глебік асуджаны за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на 1,5 мільёна рублёў.
Раней Міхал Карневіч ужо быў асуджаны па такім самым артыкуле, калі асьвятляў акцыі маўклівага пратэсту ў Горадні ў 2011 годзе. Тады ён атрымаў штраф у мільён беларускіх рублёў.