Улёткі, якія былі ў актывіста, супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі. Перад гэтым быў затрыманы хлапец, які фатаграфаваў, як Андрэй Гайдукоў раздаваў улёткі, паведамляе прэс-служба БХД.
21 лістапада Андрэй Гайдукоў быў затрыманы ў Наваполацку, пасьля таго як раздаў усе ўлёткі пра палітвязьняў. Склаўшы адміністрацыйны пратакол, міліцыянты выпусьцілі яго з пастарунку.
Андрэй Гайдукоў працаваў сьлесарам на нафтаперапрацоўчым заводзе «Нафтан» у Наваполацку. 8 лістапада 2012 году супрацоўнікі КДБ затрымалі яго і зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар КДБ 13 лістапада 2012 году КДБ распаўсюдзіў інфармацыю пра спыненьне супрацьпраўнай дзейнасьці грамадзяніна Беларусі, які займаўся зборам і перадачай інфармацыі палітычнага і эканамічнага характару на заданьне замежнай выведкі. На затрыманага завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве ў форме правядзеньня агентурнай дзейнасьці). 1 ліпеня 2013 году Віцебскі абласны суд прысудзіў Гайдукову паводле крымінальнага артыкула «Спроба ўсталяваньня супрацоўніцтва са спэцслужбамі, органамі бясьпекі або выведнымі органамі замежнай дзяржавы» паўтара года пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму.
Суд прызнаў яго «вінаватым у спробах устанаўленьня кантактаў з супрацоўнікамі замежнай спэцслужбы без прыкмет дзяржаўнай здрады».
Справа разглядалася ў закрытым рэжыме, падчас суду абвінавачаньне Гайдукову было перакваліфікавана.
Андрэй Гайдукоў выйшаў на волю 8 траўня 2014 году. Андрэй расказаў, што пакуль застаецца беспрацоўным, бо ня змог уладкавацца на працу як былы палітвязень.