Грыбаўскайце: Калі нешта адбудзецца на нашых межах, адкажам на працягу 24 гадзін

Даля Грыбаўскайце

У інтэрвію «Тэлевізійнай службе навін» Даля Грыбаўскайце заявіла, што яе краіна не баіцца Расеі, «краіны, якая здольная пераступіць празь любы міжнародны закон, грубай, агрэсіўнай», і ніколі і нізавошта ня дасьць нікому акупаваць Літву зноў.

«Мы ўжо прайшлі пункт невяртаньня. Мы ўвайшлі ва ўсе супольнасьці нашых заходніх хаўрусьнікаў — у НАТО, у ЭЗ. І мы гатовыя абараняць сябе гэтаксама, як прысьвячаюць сваё жыцьцё абароне сваёй Айчыны грамадзяне Ўкраіны», — сказала Грыбаўскайце.

Паводле яе слоў, паводзіны Расеі, яе «хлусьня, якую мы чуем кожны дзень», толькі яшчэ шырэй адкрываюць вочы заходнім партнэрам. «Апошняя сустрэча краін G20 паказала, што ўсім ужо хапіла порцыі хлусьні і ніхто ня верыць больш ніводнаму слову з вуснаў крамлёўскіх лідэраў».

Грыбаўскайце лічыць, што Расея «нават не паспрабуе» пайсьці на дзяржавы Балтыі, таму што яны сябры НАТО, а рашэньні саміту НАТО ва Ўэльсе выразна паказалі, як альянс рыхтуецца падвышаць сваю абароназдольнасьць.

«Вось што дае сяброўства ў НАТО — бясьпеку і калектыўную абарону. Але мы не чакаем, што „нехта там абароніць нас“. Мы самі падвышаем абаронны бюджэт наступнага году на 40 адсоткаў. Мы ствараем уласныя сілы хуткага рэагаваньня. І яны ўжо пачалі працаваць з 1 лістапада. Калі нешта адбудзецца на нашых межах — адкажам на працягу 24 гадзін», — сказала прэзыдэнт Літвы.

Адказваючы на пытаньні журналісткі The Washington Post Лэлі Вэймут, Грыбаўскайце заявіла, што кароткатэрміновая мэта Пуціна — аб’яднаньне ўсходняй Украіны і Крыму. А далей пад пагрозай апынуцца ўсе суседнія з Расей краіны.

Падчас размовы літоўская лідэрка неаднаразова параўнала дзеяньні Ўладзімера Пуціна зь дзеяньнямі ісьлямскіх тэрарыстычных арганізацый. Па яе словах, пагроза, якую сёньня ўяўляе Пуцін для Эўропы, ня меншая за пагрозу, якая паходзіць ад ісьлямскага тэрарызму ў Іраку і Сырыі:

«Аднак сьвет больш занепакоены ісьлямскім тэрарызмам. Я ж лічу, што Расея тэрарызуе сваіх суседзяў і выкарыстоўвае сапраўдныя тэрарыстычныя мэтады».

Камэнтуючы сытуацыю ва Ўкраіне, Даля Грыбаўскайце адзначыла, што ваенныя дзеяньні, якія там адбываюцца, — гэта вынік таго, «што Эўропа і ўвесь сьвет дазваляюць Расеі ня толькі пагражаць іншым краінам, але і арганізоўваць вайну супраць сваіх суседзяў»:

«Ва Ўкраіне ідзе сапраўдная вайна. Эўрапейскі Зьвяз і большасьць лідэраў у сьвеце спрабуюць казаць, нібыта гэта не вайна, а нейкая падтрымка тэрарыстычных элемэнтаў. Мы бачылі Крым. На самым пачатку гэта былі „зялёныя чалавечкі“, якія выявіліся расейскімі вайскоўцамі. Цяпер тое самае ва ўсходняй Украіне. І я ўпэўненая, што гэта не апошняя тэрыторыя, дзе Пуцін зьбіраецца прадэманстраваць свае здольнасьці».

Прэзыдэнт лічыць, што канчатковая мэта Пуціна — аб’яднаць усходнюю Ўкраіну з поўднем Украіны і Крымам. Аднак не выключае, што ён можа пайсьці яшчэ далей — да Прыднястроўя.

«Праблема ў тым, што Расея Пуціна гатовая і хоча ісьці на вайну. А Эўропа і Захад — не. Ні ў Эўропе, ні ў сьвеце няма лідэра, які б мог спыніць Пуціна. А калі ніхто ня спыніць Пуціна ва Ўкраіне, ён пойдзе далей — у тым ліку на Прыбалтыку».

Прэзыдэнт выказала занепакоенасьць лёсам Літвы ў сьвятле сытуацыі ў рэгіёне: «Усе суседнія з Расеяй краіны цяпер пад пагрозай. Пуцін пагражае ім і кпіць з таго, што яны рэальныя дзяржавы».

24 лістапада Даля Грыбаўскаўце знаходзіцца зь візытам у Кіеве.