Журналіста абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыяваным масавым мерапрыемстве. Выязное паседжаньне суду адбудзецца а 14 гадзіне ў Ленінскім РАУС Горадні.
26 кастрычніка Міхал Карневіч па заданьні рэдакцыі Радыё Свабода асьвятляў акцыю ўшанаваньня памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Сьвіслачы і выконваў свае журналісцкія абавязкі.
21 лістапада да яго дахаты прыйшоў міліцыянт з позвай у суд.
«У пратаколе напісана, што я знаходзіўся побач з помнікам Каліноўскаму, затым у складзе арганізаванай групы ішоў па вуліцы да помніка Траўгуту. А потым яшчэ знаходзіўся ў Якушоўцы, дзе браў удзел у несанкцыянаваным масавым мэрапрыемстве».
Міхал Карневіч паведаміў, што падчас самога мерапрыемстваў не было ніводнага чалавека ў міліцэйскай форме. «Былі людзі ў цывільным, але яны ні да каго не падыходзілі і не рабілі заўвагаў. Таксама ўсю акцыю здымаў апэратар «у цывільным».
Адзін з удзельнікаў акцыі ў Сьвіслачы Юры Глебік асуджаны за ўдзел у несанкцыяваным масавым мерапрыемстве на 1,5 мільёны рублёў.
Раней Міхал Карневіч ужо быў асуджаны па такім жа артыкуле, калі асьвятляў акцыі маўклівага пратэсту ў Горадні ў 2011 годзе. Тады ён атрымаў штраф у мільён беларускіх рублёў.