МЗС Украіны патрабуе ад Беларусі тлумачэньняў, чаму ў Менску адбіралі ўкраінскія сьцягі

МЗС Украіны папрасіў МЗС Беларусі растлумачыць, чаму міліцыя адбірала ўкраінскія сьцягі на канцэрце «Океана Ельзи» ў Менску

Як стала вядома Радыё Свабода, МЗС Украіны зьвярнуўся ў МЗС Беларусі з просьбай растлумачыць інцыдэнт падчас канцэрту ўкраінскага гурту «Океан Ельзи» ў Менску, калі супрацоўнікі праваахоўных органаў забралі ўкраінскія сьцягі ў наведнікаў канцэрту.

«МЗС Беларусі, калегі, гэта нармальна? Няўжо ўкраінскі сьцяг забаронены ў Беларусі?», — напісаў прадстаўнік украінскага МЗС Яўген Перабійніс на сваёй старонцы ў Twitter, дадаўшы спасылку на відэа Youtube, дзе відаць, як супрацоўнік МУС Рэспублікі Беларусь адбірае ўкраінскі сьцяг у адной зь дзяўчат.

21 лістапада ў Мінску адбыўся канцэрт украінскага гурту «Акіян Эльзы». Як паведамлялі прысутныя, на ўваходзе ў «Менск-Арэну» міліцыя забараніла ім праносіць ўкраінскія сьцягі.