У кожнага дыягена — сваё ўяўленьне пра бочку.
«Прадам кіёск „хутка-смачна“, у добрым стане, перароблены для пражываньня, на падлозе лінолеум, утульна, паклееныя шпалеры, ёсьць шафа...»
Ці ж ня цуд? Па вялікім рахунку, гэтая абвестка на адмысловым сайце мусіла б вісець у разьдзеле «Нерухомасьць», а трапіла чамусьці ў «Будматэрыялы». Адразу відаць, пісаў філёзаф. Цікава, на якое жытло ён вырашыў памяняць свой утульны кіёск? На шапік Саюздруку? На тэлефонную будку?
Праўда, ахвотных купіць усяго за дзевяць мільёнаў дом сваёй мары няшмат. Мо таму, што вакол такіх кіёскаў беларускае насельніцтва і так бавіць палову жыцьця: тут, у чаканьні запаветнага «смачна», яно з хуткасьцю мікрахвалёвай печкі даведваецца, што робіцца ў сьвеце, абмяркоўвае палітычную сытуацыю, навіны культуры і спорту. Тут завязваюцца кантакты, успыхваюць раманы, усчынаюцца дыскусіі і навуковыя дыспуты... Начны горад бяз «хутка-смачна» цяжка сабе ўявіць — гэта тое самае, што прыехаць у Парыж і не знайсьці Эйфэлевай вежы.
Абрысы і агні «хутка-смачна», такія пазнавальныя нават здалёк, даўно зрабіліся візытоўкай Беларусі, яе сымбалем, сьвятыняй народу, бясьсьмерцем яго...
«Калі ты не стаяў у чарзе па златку і „Аліварыю“ а шостай раніцы на Магілёўцы, ты ня ведаеш жыцьця», — катэгарычна сьцьвярджаюць знаўцы. Быць беларусам — значыць ведаць толк у хуткасьці і смакаце.
Так, «Хутка-смачна» — ня толькі хадун, піва і каўбаса «Вясковая», гэта яшчэ і адрэналін, па цалкам даступным кошце. «Хутка-смачна» — гэта для рамантыкаў. «Хутка-смачна» — наш Робін Фастфуд, які ніколі не прамахваецца, бо страляць не навучаны. Чалавек з гарачай златкай у руцэ выглядае шчасьлівым, як баран, і гордым, як Байран. Рамантыкі ядуць стоячы. Астатніх просяць не турбавацца і ісьці далей — у свае мяшчанскія макдональдсы і піцэрыі.
Прынята лічыць, што хуткае рэдка бывае смачным і сала колай не запіваюць. З другога боку, голад ня дзядзіна, зьясі і крадзена, кажа ўлюбёная прымаўка беларускіх студэнтаў і злодзееў-рэцыдывістаў. Голад і праўда ня Цётка, і ня Янка Купала, і нават не Пятрусь Броўка — голад гоніць чалавека на пошукі «хутка-смачна» так апантана, як некалі вецер і прага багацьця гналі караблі Калюмба ў ягоную Індыю. Зрэшты, вынікі экспэдыцый амаль аднолькавыя — тытунь, кава, золата, хай сабе і ў выглядзе праславутай златкі, ды знаёмства з тубыльцамі.
Якія сьвята вераць, што гэты напой у іхных кубачках і праўда — кава...
Адрозьненьні паміж хадуном і златкай — амаль полавыя. Затое з этнічнасьцю ўсё ў парадку: «Хутка-смачна» пазыцыянуе сябе як абшчапіт, загорнуты ў сурвэтку нацыянальнай традыцыі. Што ж, даволі лёгка ўявіць сабе Вітаўта, які запівае фантай хадун, рыхтуючыся да Грунвальдзкай бітвы, або Барбару Радзівіл зь перапэцканымі ў маянэзе пальцамі. Але нагода для гордасьці і праўда ёсьць: «хутка-смачна» ад пачатку не цураецца беларускай мовы (хай сабе гэтае нецураньне даволі сарамлівае) і на фоне іншых падобных установаў і праўда выглядае флягманам беларушчыны. Ну, і вышываначныя ўзоры на месцы: афармленьне «хутка-смачна» нездарма паўтарае матывы дзяржаўнага сьцяга, так што і флягманам яму быць лягчэй. Значна лягчэй, чым якому-небудзь фрэш-кафэ.
Таму што-што, а нашае «Хутка-смачна» варта абараняць ад розных замежных інсынуацый. Павага — вось чаго мы патрабуем. А то «жутка», ім, бачыце, «смачна», гэтым гасьцям сталіцы — не, права на такі жарт маем толькі мы. Паядальнікі златкі. Добрая, дарэчы, назва для карціны якога-небудзь імпрэсіяніста. «Хутка-смачна» здольнае ня толькі карміць, але і натхняць...
Хадун — гэта тожа-хот-дог, і златка — тожа-піца. Ідэальны пачастунак для тожа-беларусаў. Хутка-смачна — гэта насамрэч вельмі патрыятычна. Хутка-смачна — гэта па-нашаму. А тое, што па-нашаму, кепскім быць ня можа.
Цікава, што патрыятызм у Беларусі амаль заўжды азначае задавольвацца тым, што ёсьць, а не імкнуцца да новага і недасяжнага. І ня толькі ў гандлі — нашае «хачу» ў любой сфэры супадае з «магу». Для такіх людзей і прыдуманы фаст-фуд, у тым ліку культурны: найлепшымі ўзорамі мастацтва, напрыклад, яны лічаць тыя, якія могуць зразумець. На іх думку, мастацтва таксама мусіць быць хуткім і смачным — так, каб ня трэба было марнаваць час на разуменьне. Падсілкаваўся — і пайшоў далей. Што ж, самым запатрабаваным заўжды было тое мастацтва, на якое не шкадавалі кетчупу і маянэзу.
Займальна назіраць за суайчыньнікамі, для якіх Эўропа пачынаецца і канчаецца ў Польшчы — усе яны ў захапленьні ад тамтэйшых кебабаў, бледнай копіі нямецкіх дзёнэраў (якія, дарэчы, гатуюць толькі мужчыны). Людзям, якія пакідаюць Варшаву і вяртаюцца ў сваё «хутка-смачна», кебабы потым яшчэ доўга сьняцца па начах — польскі Робін Фастфуд трапіў у самы яблычак іхнага сэрца. О, польскі кебаб!.. — уздыхаюць яны, як быццам гэта самі палякі яго прыдумалі.
Кебаб — эўрапейскае «хутка-смачна», у якога няма канкурэнтаў, ідэальнае спалучэньне мяса, гародніны і хлеба. Мо таму ў нас іх так мала — канкурэнцыі ў Беларусі баяцца ўсе, а перш за ўсё ўлада. Кебабніцы ў беларускіх гарадах звычайна гуртуюцца каля рынкаў, але ў ня самых людных месцах, і яны, як ні круці, дарагаватыя для чалавека, узгадаванага на піражках.
У гэтага небаракі наогул невялікі выбар: «хутка-смачна» або сьмерць. Купіць у сталіцы звычайны піражок робіцца ўсё цяжэй. Па галоўным праспэкце краіны можна прайсьці некалькі кілямэтраў, не сустрэўшы ніводнага піражка — а сустрэўшы, ты рызыкуеш яго не пазнаць. Не за гарамі часы, калі ў пошуках піражкоў давядзецца выпраўляцца або на Камароўку, або проста на чыгуначны вакзал. Усё больш невыразнымі робяцца смажанкі, страчваюць сваю чалавечнасьць і чабурэчнасьць так званыя чабурэкі па-менску, і беляшы зрабілася чамусьці модным прадаваць у нейкім недагатаваным стане — напэўна, з разьлікам на паранармальныя здольнасьці беларускіх арганізмаў, якім што ні дай — усё будзе даведзенае да дасканаласьці.
Айчынны фастфуд зьмяняе сваё аблічча, але працягвае заставацца дзівам. Хутка, смачна, зь песьняй, бадзёрым крокам, да будучыні, цьмянай, як сылюэт прадавачкі ў начным кіёску.
А хто супраць — той не рамантык.