У інтэрвію Радыё Свабода Томас Вянцлава сказаў:
"Больш за ўсё гэтага тычыцца Латвіі і Эстоніі. У Латвіі расейскамоўнага насельніцтва шмат, ледзь не палова або крыху менш за палову. Далёка ня ўсё гэтае насельніцтва настроенае супраць Латвіі, але тым ня менш такія людзі там ёсьць, і гэта ў нейкай меры можна выкарыстоўваць. У Эстоніі тое ж самае. Існуюць навакольлі Нарвы, дзе я, дарэчы, нядаўна быў — яны заўсёды рэзка адрозьніваліся і цяпер адрозьніваюцца ад астатняй Эстоніі. Прыкладна так жа, як, напрыклад, Данбас адрозьніваецца ад астатняй Украіны. З чаго яшчэ не вынікае, што там нешта адбудзецца. Я думаю, тамтэйшыя людзі досыць добра ўяўляюць, што лепш быць у Эўропе, чым у сучаснай Расеі. І адпаведна рэагуюць.
За 20 зь лішнім гадоў яны, здаецца, многае пасьпелі зразумець, што вынікае нават з маіх размоваў з раесйскамоўнымі, скажам так, эстонцамі з-пад Нарвы. Палітычна яны эстонцы, этнічна яны расейцы. Дарэчы, у Эстоніі заўсёды быў расейскі пласт насельніцтва. На Чудзкім возеры існуюць вялікія стараверскія вёскі з 17-га стагодзьдзя, і нічога, жывуць у Эстоніі, ведаюць эстонскую мову і асаблівых праблемаў ніколі не ўзьнікала. Гэтак жа, дарэчы, як эстонскія вёскі існуюць у Пскоўскай вобласьці. Эстонцы таксама маглі б патрабаваць сабе гэтыя вёскі, але ў дадзены момант не патрабуюць, і правільна робяць, што не патрабуюць.
У Літве расейскай праблемы асабліва і няма, таму што Літва зрабіла іначай, чым Латвія і Эстонія, яна адразу дала ўсім людзям на тэрыторыі Літвы літоўскае грамадзянства, таму немагчыма гуляць на тым, што гэта апартэід, што гэта прыніжэньне, што гэта перасьлед. Такога ў Літве няма, такой гульні быць ня можа. І наогул працэнт расейскіх грамадзян менш, каля 7%, здаецца. У сталіцы, Вільні, расейцы ніяк не пераважаюць. Хоць я яшчэ памятаю час, калі пераважалі — гэта было ў сталінскія часы і раньнія пасьлясталінскія, Вільня была расейскамоўным горадам. Зараз гэта далёка ня так. Але ў Рызе і Таліне гэта пакуль яшчэ да пэўнай ступені так. З чаго, зноў жа, не вынікае, што Латвію і Эстонію непазьбежна чакаюць нейкія непрыемнасьці. Могуць быць усялякія спробы — гэтага нельга выключыць, але я думаю, што сур’ёзных вынікаў, супастаўных з Украінай, там ня будзе, таму што гэтыя краіны ў Эўразьвязе, яны — удзельніцы НАТО. Спроба туды ўмяшацца мела б сур’ёзныя наступствы, на якія Ўладзімер Пуцін наўрад ці пойдзе".
Цалкам інтэрвію з Томасам Вянцлавам чытайце тут .