Эканамічны крызіс у Расеі суправаджаецца рэзкім ростам цэнаў на грэчку — у некаторых рэгіёнах крупы падаражэлі ўдвая і нават больш. Адметна, што нешта падобнае мела месца і ў Беларусі: падчас валютнай панікі ў 2011 годзе першае, што непамерна ўзьляцела ў цане, таксама была грэчка.
Пра «грачаны крызіс» расейскія гандлёвыя сеткі загаварылі яшчэ на пачатку лістапада. Менавіта тады пачалі прыходзіць лісты ад пастаўшчыкоў, якія папярэджвалі пра павелічэньне кошту на 50–70%, то бок да 45–50 расейскіх рублёў за кіляграм крупаў. Тым часам аналітыкі сьцьвярджаюць, што ў дадзеным выпадку цэнаўтварэньне не адпавядае ніякай эканамічнай лёгіцы: калі вытворцы набываюць грэчку ў гаспадарках па 7 рублёў за кіляграм, то на выхадзе яна ніяк ня можа каштаваць 40–50 рублёў, ня кажучы ўжо пра большыя цэньнікі. Лічбы пацьвярджае красамоўная раскладка: з 1 кіляграма грэчкі атрымліваецца прыкладна 630 грамаў крупаў — іншымі словамі, з усімі выдаткамі на перапрацоўку і транспартаваньне грэчка павінна была б каштаваць 17–20 рублёў за кіляграм.
1 расейскі рубель =230 беларускіх рублёў
Аднак на паліцах сытуацыя кардынальна іншая, а новыя рэкорды фіксуюцца практычна штодня. Самы рэзкі скачок здарыўся ў Прымор’і, дзе з улікам унутраных асаблівасьцяў рэгіёну кошты і без таго самыя высокія ў Расеі. Калі на пачатку месяца грэчка ў гандлёвых сетках Уладзівастоку каштавала 80 рублёў за кіляграм, то цяпер — 110. У эўрапейскай частцы краіны кошты вагаюцца ад 70 да 90 рублёў, што на 25–30% больш, чым яшчэ пару тыдняў таму.
Адметна, што тры гады таму нешта падобнае адбывалася і ў Беларусі. Імклівае абясцэньваньне рубля спрычынілася да росту цэнаў абсалютна на ўсе харчы, але асабліва рэзка — на грэчку. Чаму з усіх тавараў так радыкальна рэагуе на фінансавыя катаклізмы найперш гэтая культура? Сваё бачаньне грачанага фэномэну дае эканаміст Міхал Залескі:
«Ёсьць такія прадукты, якія дазваляюць бедным пладзіцца і размнажацца. Стасоўна да нас — гэта найперш бульба і грэчка. Яны даюць неабходную колькасьць рэчываў, патрэбных для існаваньня. Чалавек можа трыма пачкамі грэчкі разам з хлебам падтрымаць сваё жыцьцё на працягу месяца бяз шкоды для здароўя. І калі здараюцца крызісныя моманты, маса, якая ўсё адчувае, пачынае варушыцца. Адпаведна, мы адчуваем статыстычны рух у той бок. Расея, Беларусь і Ўкраіна — у сьвеце ня толькі асноўныя вытворцы, а і галоўныя спажыўцы грэчкі, таму што яна кепска засвойваецца. Чаму я кажу, што гэта ежа для бедных? Натрамбаваўся грэчкай — і яна павольна засвойваецца, аддае арганізму свае сілы. Таму, скажам, у крызісныя моманты скупляюць тую грэчку — яна добра захоўваецца, яна мае выдатныя харчовыя ўласьцівасьці, яна дапамагае чалавеку захаваць сілу і здароўе. Вось бедныя людзі яе і бяруць. А як попыт павялічваецца, адразу гэтым карыстаюцца прадаўцы, павялічваюць кошты».
У беларускіх крамах значная частка грачаных крупаў — расейскай вытворчасьці. Пакуль дэфіцыту не назіраецца, але кошты прыкметна адрозьніваюцца. Калі беларуская фасоўка стартуе ад 10–12 тысяч рублёў (залежна ад ёмістасьці пакунку), то краснадарская набліжаецца да 18–20 тысяч. Пры тым, што якасьць, паводле адмыслоўцаў, ва ўсіх выпадках прыблізна аднолькавая.
За савецкім часам грэчка ўстойліва ўваходзіла ў сьпіс дэфіцытных прадуктаў, і яе зьяўленьне на стале часта азначала падзею пэўнай важнасьці. Як кажа ў гэтым зьвязку Міхал Залескі, чым глыбей будзе заходзіць крызіс, тым больш адчувальным будзе «грачанае дэжавю»:
«Чым бяднейшае грамадзтва, тым больш у структуры харчаваньня прадуктаў для бедных. Грэчка, макароны, пярлоўка — гэта што тычыцца таньнейшых крупаў, гарох людзі пачнуць браць хутка. То бок пачнуць разьмятаць тое, што бралі і за савецкім часам. Калі возьмем вайсковы рацыён, вернемся да яго, то ўбачым, што якраз пералічаныя прадукты ў ім займаюць значную долю. Як гэта ўсё з ажыятажам скончыцца, — зразумела, спачатку паўстане дэфіцыт, а потым — ваенны камунізм. Мы ўсё гэта праходзілі, было тое ўжо ня раз: пры ваенным камунізьме забіваюць тых, у каго ёсьць грэчка, і дзеляць паміж тымі, у каго яе няма».
Ажыятажны попыт на грэчку, які спрычыніўся да росту коштаў, афіцыйна тлумачыцца «дрэнным ураджаем». Аднак факты сьведчаць пра іншае. У Арлоўскай вобласьці, другім па значнасьці «грачаным рэгіёне» Расеі пасьля Алтайскага краю, сёлета сабрана 76 тысяч тон грэчкі, што на 11% больш, чым летась. Астатнія рэгіёны рапартуюць пра аб’ёмы, сувымерныя з папярэднімі гадамі. На Алтаі колькасьць сабраных крупаў неістотна ніжэйшая за сярэдні ўзровень, але, як кажуць экспэрты, гэта азначае толькі адно: Расея крыху зьменшыць экспарт гэтай культуры, каб забясьпечыць унутраныя патрэбы. У выпадку неабходнасьці, удакладняюць у Маскве, магчымы нязначны імпарт зь Беларусі. Але пакуль з такімі просьбамі да Менску ніхто не зьвяртаўся.