Беларусы на Майдане: Украінскі нацыяналізм, якім палохаюць нас з экранаў ТБ, зусім не агрэсіўны

Пра свой Майдан распавядаюць Яўген Скрабец, Ягор Ралько і і Іван Філатаў.

Радыё Свабода ўзнаўляе гісторыю беларусаў на Майдане. Падзяліцца сваімі фатаздымкамі і ўражаньнямі пра ўдзел у Майдане можна да 31 сьнежня, даслаўшы іх на radiosvaboda@gmail.com.

Чытайце таксама: Беларусы на кіеўскім Майдане: Еднасьць адчувалася ў самім паветры

На фота: Яўген Скрабец

Яўген Скрабец: Пасьля пачатку Майдана назад дарогі няма

О, гэта была гісторыя, сапраўдны трып у сэрца рэвалюцыі. Як толькі зьявіліся першыя кадры зь дзьвіжухі на Банкавай, мне патэлефанаваў знаёмы і коратка прапанаваў паехаць. Чакаць доўга не прыйшлося, ужо на пачатку сьнежня зь сябрамі мы накіраваліся ў Кіеў, праз Луцк. Ужо тады знаёмыя з Луцку перад адпраўкай у сталіцу прадбачылі розныя варыянты разьвіцьця падзеяў. Сыходзіліся ўсе на адным — пасьля пачатку Майдана назад дарогі няма, бо ўсе разумелі, што «проста так» гэта ня сыдзе з рук. Увогуле адчуваньне свабоды ва Ўкраіне ў разы мацнейшае, чым у Беларусі. Гэта праяўляецца ва ўсім — ад банальнага разьвіцьця дробнага гандлю па ўсёй краіне да права на пратэст у любой негвалтоўнай форме. Пасьля ж свавольства сілавікоў, ігнараваньня ўладаў ды гвалту наймітаў («цітушак») украінцы скарысталіся правам на самаабарону. На кожнае дзеяньне ёсьць супрацьдзеяньне. Цяжка сказаць, што будзе далей; ва ўсякім выпадку, што ні робіцца — усё да лепшага.

Фота Ягора Ралько

Ягор Ралько: Украінскі нацыяналізм, якім так палохаюць нас з экранаў ТБ, зусім не агрэсіўны

Мяне завуць Ралько Ягор. Мне 30 гадоў. Я нарадзіўся і вырас у Менску. У 2011 годзе я пераехаў у Кіеў, дзе жыў і працаваў да 2013 году. Пасьля пачатку Эўрамайдану мы з маёй цяперашняй жонкай (грамадзянка Ўкраіны, родам зь Мікалаева) сачылі за ўсімі падзеямі праз онлайн-стрым і, вядома ж, наведвалі Кіеў — разы два на месяц.

Эўрамайдан (далей «майдан») — адна з самых неверагодных падзеяў у маім жыцьці. Мае ўражаньні цяжка апісаць словамі. Гэта як быць пасажырам вялізнага лайнэра, які імкліва плыве праз уцёсы, разьбіваючы бартамі ўступы скалістых гор. Гэта адчуваньне, быццам усе адзін аднаго ведаюць альбо жывуць побач. Гэта адчуваньне, быццам вы адзін суцэльны арганізм, які дыхае, харчуецца і гаворыць.

Фота Ягора Ралько

Жывучы ў Кіеве, я сутыкнуўся з праблемамі пры афіцыйным працаўладкаваньні і атрыманьні віду на жыхарства. Карупцыя паўсюль. У Кіеве (дый у іншых гарадах) несумненна ёсьць праблема беспакаранасьці і поўнай безадказнасьці тых, хто займае пасады. Вуліцы і двары дамоў — у жудасным стане. Зьяжджаючы, я меў не найлепшую думку пра людзей, якія самі гэтыя праблемы і ствараюць!

Але майдан... ён паказаў мне адваротны бок мэдаля. Майдан паказаў мне, наколькі самаарганізаваны можа быць народ, які ў крыві сваёй носіць прагу свабоды. Я ўсьвядоміў, што любога палітыка бяруць на працу — грамадзяне! А не наадварот. Гасподзь чалавека стварыў вольным, яму нельга загадваць думаць і адчуваць. Украінскі нацыяналізм, якім так палохаюць нас з экранаў ТБ, зусім не агрэсіўны. Гэта звычайная «щирая» любоў да сваёй зямлі, культуры, мовы і годнасьці. На жаль, у наш час такі патрыятызм прыраўноўваецца да «экстрэмізму» і караецца тэрмінам. Дагэтуль я з прыемнасьцю гляджу на ўкраінскі сьцяг у сваім пакоі, успамінаю гэтыя вялікія і трагічныя дні на майдане, перажываю й хварэю за ЎКРАІНСКІ Данбас і, шпацыруючы па Інстытуцкай, зноў спыняюся і спрабую праглынуць камяк, які засеў у горле...

Фота Ягора Ралько

Калі-небудзь... Украіна падымецца, раны загояцца, яе гісторыя папоўніцца старонкамі пра шлях да незалежнасьці, і ўсе будуць ставіць яе ў прыклад усім астатнім.

Слава Ўкраіне!

Жыве Беларусь!

Іван Філатаў: Я пабачыў прыгожы, годны і моцны народ

Адну з начэй 2013 году я правёў на Майдане. Ня мог туды не схадзіць. Хацеў усё пабачыць сам, зразумець, што штурхае людзей там стаяць... Можна шмат спрачацца, ці гэта старанна сплянаваная палітычная акцыя, праплочаная Захадам, ці яшчэ штосьці... Хачу сказаць, што я пабачыў у гэтую ноч.

Я пабачыў прыгожы, годны і моцны народ. Людзей, якія не дазваляюць ставіцца да сябе як да быдла, прыніжаць сябе і быць маўклівым статкам, які цярпіць усё, што робіць зь ім урад (вельмі б не хацелася праводзіць паралель з адным з такіх жа славянскіх народаў...). На той момант гэтыя людзі стаялі на Майдане 23-ці дзень, на марозе, паўгалодныя, стомленыя, але з годна ўзьнятай галавой!

Ня трэба думаць, быццам украінцы сьляпыя і ня бачаць, што асацыяцыя з ЭЗ фактычна ставіць гэтую прыгожую краіну на калені. Яны ўсё выдатна разумеюць! Як сказаў мне ў доўгай размове адзін з гэтых людзей: «...спаміж дзьвюх бедаў, Мытнага саюзу і ЭЗ, Украіна больш гатовая схіліць сябе перад ЭЗ, бо Мытны саюз — гэта прорва, зь якой потым ня выбрацца»... Украінскі народ хоча, каб краіна хаця б зрабіла спробу ўзяць курс на разьвіцьцё, хай сабе гэтая спроба і праваліцца. Але гэта лепш, чым адразу трапіць фактычна ў рабства і канчаткова зьнішчыць краіну ў Мытным саюзе.

Украінцы хочуць быць незалежнымі. Яны стаміліся ад самаўпраўства, зладзейства і хлусьні ўладаў. Яны хочуць і могуць усё зьмяніць! За гэта яны і стаяць на Майдане!

Майдан — гэта ня проста плошча зь некалькімі тысячамі людзей, якія ўжо амаль традыцыйна там зьбіраюцца, каб выказаць сваю незадаволенасьць. Майдан — гэта, безь перабольшаньня, крэпасьць, за барыкадамі якой незалежная Ўкраіна! Гэта зусім ня тое, што паказваюць па ТБ, у інтэрнэце і да т. п. Майдан супраціўляецца... Барыкады ў некалькі мэтраў шырынёй і вышынёй выбудаваныя зь мяхоў, напоўненых сьнегам, які ў цяперашняе надвор’е ператварыўся ў шчыльны лёд, усё гэта арміравана мэталічнымі абрэзкамі, якія раней былі агароджаю, са знадворнага боку пад вострым вуглом паўтыканыя заточаныя калы, а перад каламі на ўсю шырыню заліты лёд на некалькі мэтраў у шырыню. Барыкады непрыступныя, як бастыёны Рымскай Імпэрыі! На кожнай барыкадзе ёсьць «вароты» для прыхільнікаў, якія хочуць зайсьці на Майдан, але пускаюць ня кожнага: уздоўж «варотаў» ланцугом стаяць мужчыны і ўважлівым позіркам вывучаюць кожнага. Калі чалавек, які хоча прайсьці, п’яны або не выклікае даверу, яго проста адпраўляюць назад бяз слоў!.. На барыкадах увесь час пазьменна дзяжураць сотні людзей, якія ўзбройваюцца будаўнічымі каскамі, хакейнымі шаломамі, фанэрнымі шчытамі і да т. п., каб супрацьстаяць у выпадку штурму.

Выхады з мэтро па ўсім Майдане старанна забарыкадзіраваныя, на лесьвіцах заліты тоўсты слой лёду, а поручні абматаныя калючым дротам, каб выключыць імавернасьць штурму з мэтро.

Майдан ніколі ня сьпіць. Увесь час да «варотаў» падвозяцца дровы, ежа, паліва — усё спансуецца прадпрымальнікамі і мясцовымі жыхарамі. Па ўсім Майдане ўвесь час гатуецца ежа, у вялікіх катлах нон-стоп варыцца гарбата, якую раздаюць бясплатна ўсім. Ёсьць палаткі з мэдыкамі, якія да таго ж пастаянна ходзяць па плошчы або аказваюць мэдыцынскую дапамогу, каму патрэбна. Ёсьць нават палатка-капліца. Праца не спыняецца ні на хвіліну нават ноччу: хтосьці гатуе ежу, хтосьці ўмацоўвае барыкады, хтосьці выносіць сьмецьце за тэрыторыю барыкадаў, хтосьці робіць з пустых бочак печкі-«буржуйкі» ацяпляць намёты. Усё арганізавана вельмі дакладна...

На сцэне ўвесь час хтосьці выступае: вядомыя артысты, простыя людзі, якія жадаюць выказацца, і да т. п. Выступоўцы стараюцца разварушыць натоўп, каб людзі сагрэліся, падбадзёрваюць адзін аднаго і заклікаюць не здавацца... Асобнай пахвалы заслугоўвае Руслана, якая, здаецца, наагул ня сьпіць, а ўвесь час выходзіць на сцэну падтрымаць і падбадзёрыць свой народ...

А на пачатку кожнай гадзіны людзі сьпяваюць гімн Украіны, пасьля якога гэтаксама хорам чытаюць «Ойча наш»... Зьмерзлыя, стомленыя, галодныя, але гордыя людзі, якім надакучыла цярпець самавольства і якія гатовыя ісьці да канца, чаго б гэта ні каштавала...

Гэта была вельмі незвычайная, шматзначная і дзівосная ноч... Я таксама грэўся ля вогнішчаў, піў гарбату і захапляўся гэтым народам, да якога я вельмі цёпла стаўлюся, за які перажываю... Вельмі не хачу, каб усё гэта было марна і, ня дай Бог, скончылася крывёю...

Шчыра жадаю гэтаму народу дастаяць да той Незалежнасьці і лепшага жыцьця, за якія ён так адчайна змагаецца!

Слава Ўкраіне!