Прэс-сакратар Пуціна перасьцерагае Латвію ад «дзяржаўнага перавароту»

Дзьмітрый Пяскоў, прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі, распавёў у інтэрвію карэспандэнту Бі-Бі-Сі, ці магчымы ўкраінскі сцэнар у Латвіі і чаму Расея асьцерагаецца НАТО.

Вось фрагмэнты гэтага інтэрвію:

Што вы можаце сказаць пра выпады супраць НАТО, колькасьць якіх патроілася за апошні год? Напрыклад, палёты расейскіх баявых самалётаў, якія НАТО даводзіцца адганяць. Чаму іх стала так шмат, навошта вы вядзеце гэтую гульню?

Пяскоў: На гэтае пытаньне ў двух словах адказаць не змагу. Усё пачалося зь дзяржаўнага перавароту ва Ўкраіне. Дзяржаўнага перавароту — у наўпроставым сэнсе гэтага выказваньня. Дзяржаўнага перавароту, які быў зрэжысаваны і неадкладна падтрыманы вядомымі краінамі Захаду. Гэты выпадак для гісторыі стаў надзвычайным, ён паўплываў на ход падзей у Эўропе, таму што адбыўся ў самым сэрцы Эўропы. Пасьля гэтага Расея ўжо не магла заставацца нэўтральнай. І менавіта пасьля гэтага сытуацыя стала вельмі напружанай.

А ці не Расея сваімі паводзінамі зрабіла яе вельмі напружанай?

Пяскоў: Мы будзем і далей рабіць яе яшчэ больш напружанай, калі будуць закранутыя нашы інтарэсы. Чым даўжэй будзе існаваць пагроза нашым нацыянальным інтарэсам, тым даўжэй мы будзем адказваць.

Гэта называецца халоднай вайной.

Пяскоў: Але гэта ня значыць, што мы хочам халоднай вайны. Мы проста хочам, каб нашы апанэнты зразумелі: у нас ёсьць свая «чырвоная лінія», якую нельга пераступаць. Мы спадзяемся, што кожны зразумее, дзе праходзяць нашы «чырвоныя лініі».

У заходніх краінаў таксама ёсьць «чырвоныя лініі». Напрыклад, Латвія. Ёсьць сур’ёзная боязь, што тое, што здарылася з Украінай, здарыцца і з Латвіяй, што яе грамадзяне расейскага паходжаньня падымуць антыўрадавае паўстаньне. Такое магчыма?

Пяскоў: Я гатовы разьдзяліць гэтыя асьцярогі. Калі нехта зладзіць у Латвіі дзяржаўны пераварот, а потым Брусэль, як і ў тым выпадку [з Украінай], прызнае гэты дзяржаўны пераварот — узьнікне сур’ёзная небясьпека.

Дык гэта можа здарыцца ў Латвіі?

Пяскоў: Калі там будзе наладжаны дзяржаўны пераварот і новыя ўлады будуць прызнаныя — Латвіі пагражае вялікая небясьпека. Таму што калі ў сэрцы Эўропы створаны прэцэдэнт зьмены ўлады ваенным шляхам, а таксама прэцэдэнт яго прызнаньня ў якасьці законнага спосабу перадачы ўлады — існуе вялікая небясьпека для ўсяго кантынэнту. Кожная краіна павінна быць вельмі асьцярожнай, кожная краіна павінна абараняць свае інтарэсы такім чынам, каб не дазволіць ўсяму гэтаму адбыцца.