НАТО зьдзіўленая заявай прэсавага сакратара Пуціна

Кіраўнік інфармацыйнага бюро НАТО ў Маскве Робэрт Пшэль заявіў, што ў альянсе са зьдзіўленьнем ўспрынялі заяву Дзьмітрыя Пяскова, прэсавага сакратара прэзыдэнта РФ, аб неабходнасьці прадастаўленьня Расеі гарантый неўступленьня Ўкраіны ў НАТО. Пра гэта Робэрт Пшэль паведаміў агенцтву «Інтэрфакс».

Па яго словах, такая рэакцыя на выказваньне Пяскова абумоўленая дзьвюма прычынамі. «Першая прычына, я думаю, гэта вядома ўсім, што на сёньняшні дзень Украіна не зьяўляецца кандыдатам на сяброўства ў НАТО — такая яе пазыцыя» — сказаў прадстаўнік альянсу.

«Другая прычына зьдзіўленьня палягае ў тым, што ўсе пытаньні, якія тычацца прыняцьця пэўнай краіны ў НАТО, могуць абмяркоўваць толькі чальцы альянсу. Невядома, каб Расея была сябрам НАТО, так што такая заява прадстаўніка Расеі зьдзіўляе.»

Пазьней на брыфінгу ў Брусэлі прадстаўніца генэральнага сакратара НАТО Оана Лунгэску таксама выказала зьдзіўленьне з нагоды выказваньняў прэсавага сакратара расейскага прэзыдэнта.

«Такая заява расейскага прадстаўніка выклікае зьдзіўленьне, яна адарваная ад рэчаіснасьці і супярэчыць міжнародным дамовам, падпісаным Расеяй» — адзначыла Оана Лунгэску ў сваёй заяве.

Яна нагадала, што «Ўкраіна ў 2010 годзе прыняла рашэньне аб пазаблёкавым статусе, і з тых часоў не мяняла сваёй пазыцыі. НАТО паважае сувэрэнныя рашэньні Ўкраіны. Тое ж самае павінна рабіць і Расея» — падкрэсьліла прадстаўніца генэральнага сакратара НАТО.

«У тым, што тычыцца пытаньня аб уступленьні ў НАТО, то лідэры альянсу ясна адзначылі на саміце ва Ўэльсе, што палітыка „адчыненых дзьвярэй“ альянсу — адзін зь яго галоўных посьпехаў, і што рашэньні аб пашырэньні прымаюцца толькі самім НАТО», — дадала Оана Лунгэску.

Яна нагадала, што Расея падпісала шэраг міжнародных пагадненьняў, якія гарантуюць права кожнай краіны самастойна прымаць рашэньні, якія датычацца забесьпячэньня ўласнай бясьпекі.

Раней у сераду прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітры Пяскоў у інтэрвію BBC заявіў, што Расеі патрэбныя гарантыя таго, што ніхто не думае аб уступленьні Ўкраіны ў НАТА.

«Я хацеў бы пачуць 100-адсоткавую гарантыю таго, што ніхто ня будзе думаць аб уступленьні Ўкраіны ў НАТО. Мы хацелі б пачуць тое, што НАТО спыніць набліжацца да расейскіх межаў. Але, на жаль, мы не пачулі гэтых слоў. І гэта прымушае нас нэрвавацца »- сказаў Пяскоў.

Ён дадаў, што «чым даўжэй нашы нацыянальныя інтарэсы будуць ў небясьпецы, тым даўжэй мы будзем адказваць».