Ваенныя дзеяньні ў Луганскай і Данецкай абласьцях прымусілі сотні тысяч людзей пакінуць свае дамы. Частка ўцекачоў апынулася ў Расеі, іншая частка, названая перасяленцамі, знайшла прытулак у самой Украіне, у суседніх з Данбасам рэгіёнах.
Расейскі Белгарад і ўкраінскі Харкаў ператварыліся ў транзытныя гарады, дзе атрымалі часовы прытулак дзесяткі тысяч людзей, уцекачоў ад вайны. Большасьць пражывае ў сваякоў і на здымных кватэрах, меншасьць — у былых піянэрскіх лягерах на ўскраінах Белгарада і Харкава.
Людзі, якія страцілі родных і блізкіх, прытулак і маёмасьць у поўным адчаі, яны вінавацяць ва ўсіх бедах Кіеў і Маскву, «апалчэнцаў» і ўкраінскіх вайскоўцаў, каго заўгодна, але толькі не сябе. У тых, хто падтрымаў сэпаратыстаў, праваліліся апошнія надзеі, калі высьветлілася, што Масква не зьбіраецца далучаць Данбас да Расеі, як зрабіла ўвесну гэтага году з Крымам, іншыя хочуць жыць у незалежнай Украіне, але не ведаюць як.
Мір і стабільнасьць ва ўцекачоў асацыюецца з Савецкім Саюзам. Мінулае бачыцца калі не раем, то цалкам сабе утульным закануркам, дзе былі дом, праца і надзеі на будучыню. Вайна ў Данбасе разбурыла ўсе іх пляны і мары, назад у СССР дарогі няма, наперадзе халодная зіма і туляньні па Расеі ды Ўкраіне ў пошуках жыльля і працы.