Беларускія аўганцы ўзнагародзілі Рамзана Кадырава мэдалём

Рамзан Кадыраў

Мэдаль «За заслугі» 1-й ступені прэзыдэнт Чачні атрымаў ад Беларускага саюзу вэтэранаў вайны ў Аўганістане.

«Хай гэта застанецца на іх сумленьні... Яны так і Пуціна ўзнагародзяць за развал Украіны», — так пракамэнтаваў Радыё Свабода гэтую інфармацыю воін-аўганец, кіраўнік незалежнай Асацыяцыі інвалідаў вайны ў Аўганістане Аляксандар Камароўскі.

Аляксандар Камароўскі

Мэдаль «За заслугі» — гэта грамадзкая ўзнагарода, якую заснаваў Беларускі саюз вэтэранаў вайны ў Аўганістане, і ёю можна ўзнагароджваць ня толькі ўдзельнікаў баявых дзеяньняў у Аўганістане, — патлумачыў Радыё Свабода Ўладзімер Шокаў, старшыня менскай гарадзкой арганізацыі вэтэранаў вайны ў Аўганістане «Памяць» ГА «Беларускі саюз вэтэранаў вайны ў Аўганістане».

Ад імя Кадырава беларускую ўзнагароду атрымаў старшыня парлямэнту Чачні Дукуваха Абдурахманаў. Як паведамляюць vestikavkaza.ru, Абдурахманаў адзначыў, што «цесныя сувязі дзьвюх дзяржаў маюць глыбокія гістарычныя і культурныя карані».

Шокаў распавёў, што некалькі тыдняў таму вэтэраны вайны ў Аўганістане зьвярнуліся да яго з просьбай узнагародзіць мэдалём «За заслугі» шэраг чачэнскіх воінаў-інтэрнацыяналістаў, а таксама Рамзана Кадырава. Узнагароджаньне Кадырава абгрунтоўваецца тым, што ён шмат дапамагае чачэнскім вэтэранам-аўганцам.

Кіраўніка менскай арганізацыі «Беларускага саюзу вэтэранаў вайны ў Аўганістане» адыёзная рэпутацыя прэзыдэнта Чачні не бянтэжыць.

«Я лічу, што на дадзеным этапе гэтая ўзнагарода азначае, што ён аказвае падтрымку воінам-інтэрнацыяналістам, робіць у краіне мір і стабільнасьць — вось за гэта мы яго і прадставілі да гэтай узнагароды», — кажа Шокаў.

Абвінавачаньням на адрас Кадырава ў палітычных забойствах і іншых злачынствах Шокаў «асабліва ня верыць»:

«Усе абвінавачаньні трэба пацьвярджаць, абвінавачваньні можа прад’яўляць толькі суд. А нейкі Іваноў ці Пятроў — для нас гэта не аўтарытэт».

Шокаў кажа, што чачэнскі бок вельмі ўдзячны беларусам за такую ўзнагароду:

«Нам дзякуюць за такі крок, што мы заахвоцілі разам са старшынёй іхняй арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў і прэзыдэнта. Таму што прэзыдэнт, як яны дакладвалі неаднаразова, шмат дапамагае воінам-інтэрнацыяналістам, чальцам сямей загінулых і шмат робіць для таго, каб у краіне быў мір і парадак».

«Беларускі саюз вэтэранаў вайны ў Аўганістане» — гэта афіцыйная арганізацыя, якую ўзначальвае былы намесьнік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў генэрал-маёр Валер Гайдукевіч.

На тое, што «Беларускі саюз вэтэранаў вайны ў Аўганістане» — гэта перш за ўсё праўладная арганізацыя, зьвяртае ўвагу кіраўнік незалежнай «Асацыяцыі інвалідаў вайны ў Аўганістане» Аляксандар Камароўскі.

Яны могуць узнагароджваць каго заўгодна. Яны так і Пуціна ўзнагародзяць, мабыць, за развал Украіны

«Яны могуць узнагароджваць каго заўгодна. Яны так і Пуціна ўзнагародзяць, мабыць, за развал Украіны», — адзначыў ён у інтэрвію Радыё Свабода.

Камароўскі лічыць узнагароджваньне Кадырава антымаральным учынкам, перш за ўсё таму, што прэзыдэнт Чачні — адзін з тых, хто актыўна распальвае вайну ва Ўкраіне.

Яшчэ ў траўні тэлеканал CNN апублікаваў відэа з Данецку, дзе ўзброеныя баевікі прызнаюцца, што яны «кадыраўцы» і прыбылі з Чачні абараняць інтарэсы Расеі. Сам Кадыраў заявіў, што нікога ў Данбас не адпраўляў і калі там ёсьць чачэнцы, то яны адправіліся туды выключна добраахвотна.

Тут няма ніякай маралі. Славянскую дзяржаву, нашу сястру Ўкраіну развальваюць, і ў тым ліку кадыраўцы — пуцінскія сябры.

«Тут няма ніякай маралі. Славянскую дзяржаву, нашу сястру Ўкраіну развальваюць, і ў тым ліку кадыраўцы — пуцінскія сябры. Калі б Кадыраў сапраўды нешта істотнае зрабіў для кансалідацыі нацыяў былога СССР, то гэта было б яшчэ зразумела. Але гэта чалавек, які пасылае свае войскі ва Ўкраіну. Вядома, ён, як і Пуцін, робіць выгляд, што ён тут ні пры чым — маўляў, гэта нейкія добраахвотнікі. Але мы цудоўна ведаем, хто праплочвае гэтых добраахвотнікаў, хто ўзбраеньне пастаўляе. Таму гэта антымаральна з боку аўганскай арганізацыі», — упэўнены Камароўскі.

Камароўскі лічыць, што «Беларускі саюз вэтэранаў вайны ў Аўганістане» павінен займацца праблемамі вэтэранаў-аўганцаў, а не раздаваць узнагароды такім людзям, як Кадыраў. «Я лічу, што ім ёсьць чым займацца, а не Кадыраву выпісваць нейкія ордэны і мэдалі. Хай гэта застанецца на іх сумленьні», — падсумоўвае ён.

38-гадовага Рамзана Кадырава абвінавачваюць у карупцыі, масавым парушэньні правоў чалавека, забойствах палітычных апанэнтаў і нават асабістым удзеле ў катаваньнях людзей.

Рамзан Кадыраў падчас Першай чачэнскай вайны (1994–1996 г.) ваяваў за сэпаратыстаў, а падчас Другой чачэнскай вайны перайшоў на бок фэдэральнага ўраду — яму нават было прысвоена званьне Героя Расеі. Перш чым стаць прэзыдэнтам Чачні, Кадыраў быў кіраўніком службы бясьпекі прэзыдэнта Чачэнскай Рэспублікі і прэм’ер-міністрам Чачні.

У 2014 годзе Кадыраў трапіў пад санкцыі ЭЗ і ЗША ў сувязі з украінскімі падзеямі.

Вядома, што ў 2011 годзе ў адным са сваіх інтэрвію Кадыраў ухваліў паводзіны Аляксандра Лукашэнкі адносна ўдзельнікаў Плошчы-2010. У тым жа годзе, як паведамлялі СМІ, Кадыраў атрымаў ад Лукашэнкі віншавальную тэлеграму, заступіўшы на пасаду кіраўніка Чачні на другі тэрмін.