Настаўнікi бяз джынсаў

Нядаўна ў школы Берасьця даслалі рэкамэндацыі па дрэс-коду для настаўнікаў: яркая адзеньне, кароткія спадніцы, джынсы, высокія абцасы, доўгія пазногці і валасы не вітаюцца. Пры гэтым нават у сьпякоту прапануецца насіць калготкі і абутак з закрытай пяткай.

У новай перадачы «Свабода бяз гальштукаў» з Ганнай Соўсь гаворым пра дрэс-код для беларускіх настаўнікаў і настаўніц, ці павінен ён быць і які, і хто мусіць вызначаць, як апранацца ў школах, гімназіях і ліцэях. І як павінен выглядаць беларускі настаўнік? Абмяркоўваюць рэдактар аддзелу навінаў парталу Naviny.by Марыя Вайтовіч, і настаўнік беларускай мовы і літаратуры, заснавальнік плятформы Litara-A Дзяніс Бурко.



Ганна Соўсь: Дрэс-код для настаўнікаў яшчэ год таму распрацаваў экс-дэпутат Палаты Прадстаўнікоў, а цяпер чыноўнік Мінадукацыі Ўладзімер Здановіч. Дарэчы, падобны дрэс-код для настаўнікаў прапанавалі сёлета дэпутаты расейскай Думы. Марыя, Дзяніс, як вы думаеце, гэта ініцыятыва ў Беларусь ідзе адтуль, з Расеі, у якой адраджаюцца многія савецкія традыцыі, ці гэта сьведчаньне нейкіх іншых тэндэнцый?

Марыя Вайтовіч: Неабавязкова з Расеі. Дрэс-код для настаўнікаў ёсьць і ў іншых краінах. Але Расея — суседняя краіна, у якой дэпутаты прыдумляюць розныя законы пра тое, напрыклад, што не патрэбная прыгожая бялізна і высокія абцасы. Магчыма, нашы дэпутаты бяруць прыклад зь іх.

Соўсь: У Брытаніі, напрыклад, форма адзеньня настаўнікаў — клясычная, але не абавязкова строгая. А кожная апошняя пятніца месяца — дзень вольнага стылю. Настаўнікі могуць прыходзіць на працу хоць у джынсах, але гэтым мала хто карыстаецца. Давайце згадаем ваш досьвед працы. Як вы апраналіся? Ці мелі калі-небудзь праблемы з кіраўніцтвам наконт адзеньня?

Дзяніс Бурко: Я працаваў у 23-й гімназіі, прыходзіў да дзяцей на ўрокі па-рознаму апрануты. Ніколі ня думаў пра тое, каб апранаць толькі пінжак і штаны, каб выглядаць як выглядае шаблённы настаўнік. У першую чаргу трэба, каб дзеці цябе прынялі. Гэта ня значыць, што трэба прыходзіць у рваных джынсах. Але я мог прыходзіць у модных ботах, ці адзяваў звычайныя штаны і кашулю зь вялікім каптуром. Я хацеў дзецям проста падабацца. У мяне заўсёды была ўстаноўка — калі спадабаюся я, то ім спадабаецца і тое, чым я займаюся, ад чаго загараюцца мае вочы. А гэта беларуская літаратура і мова. Настаўнік для вучня павінен быць найперш сябрам і суразмоўцам, зь якім можна гаварыць адзін на адзін. І вопратка адыгрывае вялікую ролю. Яны павінна быць стылёвая. Гэта можа быць стылёвы пінжак, стылёвыя штаны ў дзелавым стылі, але таксама могуць быць і стылёвыя джынсы. Гэта не павінна быць вульгарна, не павінна выглядаць танна (я кажу не пра грошы). Павінна быць стылёва. У моладзевым разуменьні — быць у пэўным трэндзе.

Соўсь: Як вы мяркуеце, ці ў беларускіх школах так шмат настаўнікаў з голым жыватамі, татуіроўкамі і экстравагантнымі фрызурамі, што патрэбныя асобыя рэкамэндацыі? Ці настаўнікі ня маюць дастаткова густу і ўсьведамленьня пра тое, як апранацца?

калі я прыйшла на 1 верасьня да пляменьніка, які пайшоў у школу, ў якой я вучылася, было вельмі шкада глядзець на настаўніц, якія былі адзетыя ў тыя ж сукенкі, у якіх вучылі мне ў 1990-я

Вайтовіч: Я размаўляла з настаўнікамі ў беларускіх школах. Калі настаўніца прыходзіць зь вялікім дэкальтэ, то гэта хутчэй выключэньне, чым правіла. У 2009 годзе ўжо была гэтая прапанова дэпутата Здановіча, і тады міністэрства адукацыі адрэагавала вельмі слушна. Яны сказалі, што ня трэба гэтыя правіла замацоўваць на заканадаўчым узроўні. Магчыма, дэпутату нешта не спадабалася ў настаўніцы ягонага сына ці дачкі. Лічу, што выкладчыкі спрабуюць апранацца стылёва. Але пытаньне ў тым, колькі яны атрымліваюць грошай, ці ёсьць ў іх на гэта сродкі. Летась, калі я прыйшла на 1 верасьня да свайго пляменьніка, які пайшоў у школу, ў якой я некалі вучылася, мне было вельмі шкада глядзець на настаўніц, якія былі адзетыя ў тыя ж сукенкі, у якіх вучылі мне ў 1990-я гады.

Соўсь: І тут варта як раз высунуць ініцыятыву не пра стыль адзеньня, а пра падвышэньне заробкаў настаўнікам... Вось цытата з рэкамэндацый Здановіча: Адзеньне для школы (гімназіі, ліцэя) не павінна быць занадта ў абліпку і з яркімі расфарбоўкамі. Не дапускаюцца калготкі і панчохі ў буйную сетку, клетку або ў кветачкі. Голыя ногі, хай і вельмі прыгожыя, таксама не вітаюцца, нават у вельмі сьпякотнае надвор’е. Дзяніс, прадстаўнік Мінадукацыі ад пачатку перакананы, што настаўніца — жанчына. Бо ніводнай рэкамэндацыі для мужчынаў... Ці пытаньняў няма да іх?

Бурко: Вялікі адсотак менавіта настаўніц у школах, мужчын вельмі мала. Мне падаецца, што спадар Здановіч такія рэкамэндацыі даваў жанчынам-настаўніцам, бо дырэктарка ці дырэктар школы гэтыя рэкамэндацыі ад свайго імя ўжо даносіць, як да жанчын, так і да мужчын настаўнікаў. А мужчына-настаўнік згодна з патрабаваньнямі і рэкамэндацыямі павінен насіць цёмны пінжак, штаны і белую кашулю, гальштук ці мушку, але далёка ня ўсе настаўнікі так апранаюцца.

Соўсь: Ці залежалі сымпатыі, антыпатыі вучняў, іх павага альбо непавага ад адзеньня настаўніка?

Бурко: Безумоўна. Першае ўражаньне складаецца, канечне, са зьнешняга выгляду настаўніка, у што ён апрануты. Бо для школьнікаў ў гэтым узросьце гэта важнае, актуальнае пытаньне. Яны глядзяць уважліва, як апранаюцца настаўнікі. Гэта як бы выклік часу — вопратка. Таксама зьвяртаюць увагу асабліва на маладога настаўніка, які ім сымпатычны, які можа быць прыкладам. І калі ён візуальна падабаецца, а гэта найперш вопратка, то зьяўляецца інтарэс і да асобы настаўніка. Праз гэта можна зацікавіць і прадметам, і навукай, якую выкладае настаўнік.

Соўсь: Як павінен выглядаць беларускі настаўнік?

Бурко: Вопратка не павінна выглядаць дорага ці танна. Настаўнік павінен выглядаць акуратна, рэчы папрасаваныя, не памятыя. Калі прыйдзеш у мятай вопратцы, то гэта зробіць кепскае ўражаньне на дзяцей. Тады і яны могуць выглядаць неакуратна, калі такое сабе настаўнік дазваляе.

Вайтовіч: Настаўнік павінен добра вучыць і добра зарабляць найперш. Калі ў майго дзіця будзе настаўніца зь сінімі валасамі, але гэта будзе стылёва і будзе ёй пасаваць, то чаму б не?

Соўсь: Я памятаю са сваёй школы шмат недарэчнасьцяў, якія цяпер выглядаюць сьмешнымі. Напрыклад, дырэктар школы, сама з куксай, сустракала дзяцей ля ўваходу і правярала, каб ў дзяўчат не было завушніц. Калі дзяўчынкі, каб крыху схаваць страшную школьную форму, апраналі на яе больш яркія і модныя швэдары, гэта забаранялася і каралася. Самім настаўнікам забараняліся ня тое што джынсы, проста штаны. Марыя, падзяліцеся вашым школьным досьведам, пасьлясавецкім ужо...

Калі ў майго дзіця будзе настаўніца зь сінімі валасамі, але гэта будзе стылёва і будзе ёй пасаваць, то чаму б не?

Вайтовіч: Дзякуй Богу, што я вучылася тады, калі не было ніякай формы, ніякага дрэс-коду для школьнікаў і настаўнікаў. Трэба было проста выглядаць прыстойна. Напэўна, завязваць гальштукі я навучылася толькі на любімым мужчыне. Мы хадзілі ў чым хацелі. Мы слухалі цяжкую музыку, насілі чорныя джынсы зь нейкімі ланцугамі. Нам маглі зрабіць заўвагу, калі гэта выходзіла зусім за рамкі, але ж потым усе гэта перарасьлі, і ўсе самі сталі апранацца стылёва. Вялікай праблемы ў тым, што ў нас не было дрэс-коду, я не бачу. У нас быў добры настаўнік па фізыцы. Ён заўжды хадзіў у джынсах, даваў слухаць на перапынках музыку. Мы яго ўсе паважалі, ён быў сваім, амаль на ты зь ім размаўлялі, але ён ведаў рамкі. І не вучыць фізыку было дрэнна. Ён жа свой, мы яго падставім? Псыхолягі нават кажуць, што калі мы глядзім на ваенных у форме, то мы не бачым іх твараў. Агульная форма абязьлічвае людзей.

Бурко: Форма зьяўляецца шэрай масай. Магчыма, настаўнік у форме згубіць сваю своеасаблівасьць. Мы можам сказаць, што гэта, напрыклад, настаўнік гісторыі ці матэматыкі, бо праз вопратку праглядаецца характар настаўніка. Мы неяк атаясамліваем гэта А калі яны будуць усе аднолькавыя, гэта будзе нешта вельмі аўтарытарнае. Характар чалавека будзе схаваны, што ня добра.

Соўсь: Марыя згадала свайго настаўніка фізыкі. Дзяніс, калі згадаць вашых любімых настаўнікаў, то вы памятаеце, як яны былі адзетыя?

Бурко: Хутчэй за ўсё, як для усіх хлапцоў, калі я вучыўся ў 9 клясе, гэта была настаўніца ангельскай мовы, бо яна была нашай сяброўкай. Мы маглі нават прагульваючы ўрокі, схавацца ў яе, і яна нас ніколі не выганяла. Мы маглі ёй цалкам даверыцца. Яна вельмі стылёва апраналася. Клясычна, бо так тады ўсіх прымушалі апранацца. Але яна нават у гэтым клясычным стылі магла знайсьці нешта для сябе, каб падкрэсьліць сваю жаноцкасьць. Была вельмі цікавым чалавекам і суразмоўцам. Зараз згадваючы агульную характарыстыку чалавека, ўзгадваю і яе вопратку, бо яна вылучалася, паколькі мела сваё ўнутранае пачуцьцё стылю.

Соўсь: Я таксама хачу прыгадаць сваю настаўніцу гісторыі Ліну Сямёнаўну Касянюк. Яна вельмі не любіла спадніцы, заўсёды насіла нагавіцы, за што нават атрымлівала да школьнага начальства. Яна расказвала вучням пра сталінскія рэпрэсіі тады, калі праблемамі гэта яшчэ мала казалі ў грамадзтве. І я думаю, што яе жаданьне гаварыць праўду у гісторыі і яе дэмакратычнае адзеньне былі нейкім чынам зьвязаныя.