Беларускія сымбалі — на ягонай машыне, а беларуская мова — гаспадыня ў аздобе сядзібы.
Аўтафургон Уладзімера Пухоўскага прыцягвае ўвагу вялікім беларускім арнамэнтам на корпусе. У Магілёве такое аўто адзінае. У салёне два сьцяжкі — бел-чырвона-белы і жоўта-блакітны.
Як кажа прадпрымальнік, магілёўцы, пабачыўшы гэтак аздобленую машыну, рэагуюць усьмешкамі і пахвалою. Такіх гараджанаў, прызнаецца бізнэсовец, трапляецца, аднак, няшмат. Нямала пазытыву мае Ўладзімер Пухоўскі і ад паездак за мяжу на сваіх падкрэсьлена беларускіх машынах:
«Часта езьдзім у тую ж Польшчу і тую ж Расею. І мы арнамэнтам і сваімі надпісамі падкрэсьліваем, што і ў нас ёсьць свая індывідуальнасьць. У нас на другой машыне была рэкляма на беларускай мове „Гадавальнік расьлін“, дык палякі дужа дзівіліся. Казалі, што дужа прыгожа зроблена. На памежным пераходзе нашы мытнікі адзначалі: „Во, наш гадавальнік прыехаў“. Нам тады было дужа прыемна».
Ні беларускага, ні ўкраінскага сьцяжка прадпрымальнік не прыбірае з салёну, калі наведвае Расею. «Я ж там прапагандаю не займаюся — у іх сваё, а ў нас сваё», — кажа ён:
«Яны ж там езьдзяць усе са сваімі сьцяжкамі, а мы са сваім — гістарычным. Што ім наш сьцяжок? Вунь палякі на ўсіх сваіх дамах сьцягі чапляюць, падкрэсьліваюць гэтым, што гэта польская гордасьць. Нават у той жа Турцыі, дзе я пабываў, дужа шмат сьцягоў вывешана. Проста так вывешаныя — ці сьвята, ці не. А мой прыяцель вывесіў неяк наш дзяржаўны, дык прыехалі і сказалі зьняць, бо сьвята няма».
На сваёй сядзібе Ўладзімер Пухоўскі сьцягоў не вывешвае. Паўсюль у яго шыльды на беларускай мове. На таблічках беларускія вершы альбо цытаты з твораў беларускіх клясыкаў. Кліенты фірмы, кажа бізнэсовец, без увагі беларускамоўнае аздабленьне сядзібы не пакідаюць. Рэакцыя пазытыўная.
«Да мяне дужа шмат прыяжджае пакупнікоў з Масквы. Дакараюць: „Во мы да вас прыяжджаем, а тут усё як у нас. А мы меркавалі, што ў вас будзе ўсё інакш“. Мы тады і напісалі ўсё на беларускай мове, каб яны пачувалі сябе ў гасьцях, а ня дома», — з усьмешкай адзначае суразмоўнік.
Спрабуе бізнэсовец падахвоціць саміх беларусаў, каб яны хіліліся да беларускасьці. Прызнаецца, аднак, што зрабіць гэта няпроста. Уладзімер згадвае свой нядаўні экспэрымэнт, які выдаўся няўдалым:
«Як прадавалі расьліны, дык вывесілі сёлетняй вясной шыльду: „Беларускамоўным зьніжка 10 працэнтаў“. Дзяўчына-прадавачка бегала да мяне кожныя тры дні, каб я зьняў шыльду. Прыяжджаюць, лямантавала, два словы скажуць па-беларуску — і дайце ім зьніжку. Я ім сам тады тлумачыў: „Калі чалавек увесь час гаворыць па-беларуску альбо спрабуе гаварыць, тым мы маем магчымасьць скінуць, аддзячыць за мову. А хітрунам, якія два словы сказалі, а потым сышлі ад нас і ўсё забылі — такім зьніжкі ня робім“. Урэшце давялося зьняць шыльду».
Гандляваць кветкамі Ўладзімер Пухоўскі пачаў два дзясяткі гадоў таму. Замест звыклай бульбы і буракоў высадзіў на сваіх сотках дэкаратыўныя расьліны. Суседзі, пабачыўшы такое дзіва, зьвярнуліся да яго, каб ім прадаў. Гэтак і пачаўся бізнэс. На пытаньне, чаму суседзі захапіліся расьлінамі, а ня моваю, бізнэсовец адказвае:
«Слабая нацыянальная самасьвядомасьць. А вось цікавіўся — хто мае дзяды-прадзеды. Гэтак пачаў вывучаць гісторыю. Прыйшло разуменьне, што трэба ведаць мову нашу. Бо яна ж — наша бацькаўшчына. Памятаю, як казалі ў дзевяностых, што ўсе будуць гаварыць па беларуску. Дык я тады сам спалохаўся. Думаў — як гэта? Але потым гэта само прыйшло неяк зьнізу, а ня зьверху».
Прадпрымальнік лічыць, што ў Магілёве замала беларускай мовы і варта было б уладзе паклапаціцца, каб гэтую хібу выправіць. Пакрысе і беларусы вярталіся б да свайго, і яно б стала для іх не на словах родным:
«Патроху б шыльды пачаплялі на беларускай мове, і Магілёў бы пачаў адрозьнівацца ад цяперашняга расейскага Смаленску. Вось як напісана ў нас трыццаць ці сорак гадоў назва кінатэатра «Чырвоная зорка», дык гэта ўжо ў крыві ў магілёўцаў. Кажуць — пайду ў кінатэатар «Чырвоная зорка», а ня ў «Красную Звезду».
Уладзімер Пухоўскі кажа, што па бацьку ён нашчадак беларускага шляхецкага роду. На ягоным доме і герб роду Пухоўскіх. Маці Ўладзімера — украінка. Ейныя бацькі прыехалі ў Беларусь з Жытоміру, ратуючыся ад голаду. Аселі ў Магілёве. Рабілі грабарамі на чыгунцы.
Бізнэсовец прызнаваўся лепшым прадпрымальнікам Магілёўшчыны. У ягоным гадавальніку расьлін закладзены вялікі дэндрарый. Яго наведваюць дэлегацыі навукоўцаў і школьнікаў. Разам з прыродаю яны знаёмяцца і з роднай мовай.