Тыя, хто маюць зьберажэньні ў замежнай валюце і цяпер могуць па выгадным курсе абмяняць яе на большую колькасьць расейскіх рублёў — едуць на закупы ў Расею.
Так можна таньней набыць аўто ці бытавую тэхніку расейскай вытворчасьці. А для кагосьці зь віцяблянаў падзеньне курсу расейскіх грошай стала крахам невялікага, але ўсё ж выратавальнага бізнэсу — гандлю «зь зямлі» беларускімі прадуктамі.
Тых, хто выпраўляецца ў Смаленск на закупы, лёгка вызначыць сярод іншых пасажыраў. Яны цягнуць з сабой торбы на колцах або вазкі, каб транспартаваць будучыя набыткі.
Цікаўлюся ў спадарожнікаў, што яны плянуюць купляць у Смаленску і ці патаньнелі нейкія рэчы або харчы пасьля чарговага падзеньня расейскага рубля.
«Я буду браць печыва, цукеркі, рыбу. Наша ж печыва дарагое», — кажа спадар пэнсійнага веку.
«Разумееце, гэта што хто знойдзе. Яно ж нічога не таньнее, бо даляр расьце. А расейскі рубель падае. Але ж усё прыраўноўваецца да даляра. Таму нічога не патаньнела», — удакладняе спадарыня.
Каб дабрацца да Смаленску, трэба даехаць да памежнай беларускай станцыі Завольша, а потым пераехаць на расейскі бок, у Рудню. Гэта канцавы прыпынак беларускага дызэль-цягніка. Тут трэба перасесьці на расейскі цягнік — і ехаць ужо да Смаленску.
Людзі з торбамі на колцах выходзяць на пэрон. У іх на ўсё пра ўсё 4 гадзіны: потым цягнік ідзе назад, наперадзе — такая самая перасадка ў Рудні. Найпрасьцей, калі чалавек канкрэтна ведае, які тавар яму патрэбны.
У Смаленску, у параўнаньні зь Беларусьсю, таньнейшай заўжды была бытавая тэхніка. Частка прыежджых зь Беларусі кіруецца ў краму «Тэхнасіла». Там цяпер зьніжкі на тэлевізары, і беларусы прыцэньваюцца. Гандляр з бэджыкам «Вадзім» камэнтуе:
«Самсунгі» зьбіраюцца ў Расеі, у Калузе. Расейскай зборкі, яны ў нашых каталёгах ідуць па супэрцане. Далей невядома што будзе, бо курс даляра нестабільны. У нас цяпер дужа высокі курс: 47–48 рублёў за даляр. У валютчыкаў, можа, і вышэйшы«.
Яшчэ тыдзень таму даляр каштаваў каля 40 расейскіх рублёў. Таму набываць, прыкладам, тэлевізар выгадна таму беларусу, які зьбіраў на гэта грошы ў далярах. Гэта тлумачыць пакупнік, які загружае каробку з «Самсунгам» у машыну зь беларускімі нумарамі — а на паркоўцы каля «Тэхнасілы» такіх машын некалькі:
«Калі нешта купляць грошы зьбіралі прынцыпова ў далярах, то можна прыехаць сюды, у Расею, і тут памяняць даляры на расейскія рублі. Тады атрымаецца нейкая выгада. Але — гледзячы па што ехаць. Калі нейкі тавар завезьлі ў Расею з Захаду, набыўшы за даляры, то і кошты будуць такія, як у Беларусі. Расейцы ж не ідыёты, на страту для сябе гандляваць ня будуць. Таму й кошты паднялі, прычым з запасам — а раптам расейскі рубель яшчэ ўпадзе!»
Паводле беларускага пакупніка, ёсьць сэнс прыцэньвацца толькі да таго, што выраблена ў Расеі. Але з улікам імаверных выдаткаў:
«Можна трохі зэканоміць на аўтамабілях расейскай зборкі — гэта заходнія машыны, якія вырабляюцца па ліцэнзіі ў Расеі. Або гэта нейкая бытавая тэхніка расейскай зборкі, бо цэны на яе ў рублях, і завод-вырабнік пастаўляе гэта за рублі. Аднак трэба разумець: калі такая тэхніка або аўто паламаецца, то будзе непрыемна: ня будзеш ведаць, дзе рамантаваць. Бо гарантыя выдаецца ў Расеі, рамантаваць давядзецца за ўласны кошт, і гарантыя скасуецца. Ня будзеш жа вазіць у Смаленск рамантаваць той жа тэлевізар!»
Калі што раней вазілі ў Смаленск рэгулярна, дык гэта беларускія харчы. На продаж «зь зямлі», зь якім так упарта змагалася смаленская паліцыя каля Жалябаўскага кірмашу. Гэты саматужны бізнэс дэвальвацыя расейскага рубля практычна «зьела». Імправізаванага кірмашу пад плотам ужо няма. Засталіся толькі самыя адчайныя гандляры, якія прапануюць набыць гарэлку.Свой тавар яны прапануюць расейскім мінакам па 100 рублёў за бутэльку. Спакушаецца мала хто: на беларускія грошы гэта тысячы 23, а ў любой беларускай краме гарэлка больш як у два разы даражэйшая. Так што паходжаньне гэтага напою смаляне лічаць сумнеўным і купляць пабойваюцца.
Ня менш адчайныя беларусы валакуць у вагон каробкі з «Самсунгамі». З тэлевізарамі, печывам, цукеркамі і рыбнымі кансэрвамі на сваіх вазках ім яшчэ трэба пераадолець перасадку ў Рудні. Аднак загрузка ў цягнік праходзіць спакойна і арганізавана: дае сябе знаць багаты досьвед такіх паездак, якія пачаліся яшчэ задоўга да апошняй дэвальвацыі расейскага рубля. Такіх «бізнэсмэнаў», дарэчы, істотна паменела: вагон у дызэлі паўпусты, а раней бывала, што скрынкі зь печывам і алеем перагароджвалі ўсе праходы... І апошняя дэвальвацыя, кажуць людзі, асабліва вялікіх выгадаў не прынесла: беларусы ня маюць так шмат грошай, каб адкладаць іх на цяжкі, але малапрыбытковы перапродаж тых самых кандытарскіх вырабаў або на вялікія пакупкі.